Міжнародны Дзень пралескі (International Snowdrop Day, з 1984 года).
Радзіма свята – Вялікабрытанія. У паўночным паўшар’і, у залежнасці ад кліматычнай зоны, пралескі зацвітаюць ад студзеня да красавіка.
Лацінская назва пралескі – “галянтус” – “малочная кветка”. Расліна вядома з 1 тысячагоддзя, у сярэдявеччы яе шанавалі як сімвал бязгрэшнасці.
У розных краінах кветку называюць па-рознаму: ангельцы – снежная кропля, снежная завушніца, чэхі – сняжынка, немцы – снежны званочак, у нас – пралеска.
Адна старажытная легенда абвяшчае, што калі Адам і Ева былі выгнаныя з раю, то пайшоў снег. Ева змерзла і стала плакаць, успамінаючы аб цёплых райскіх садах Эдэма. Каб суцешыць яе, Бог ператварыў некалькі сняжынак у кветкі пралескі. Убачыўшы кветкі, Ева павесялела і ў яе з’явілася надзея на лепшае.
Пралеска – сімвал надзеі.
Пралеска – сваячніца нарцыса, належаць да сямейства амарылісавых.
1655 год. Пад час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) магілёўцы, якія перайшлі на бок Масквы, вытрымалі аблогу войскаў гетмана Радзівіла быццам бы дзякуючы іконе Магілёўскага Богаяўленскага храма.
Штурмы горада адбываліся 28 лютага, 18-19 сакавіка, 19, 23 красавіка, 11 мая 1655 года.
Першы раз ікону выкарысталі ў мэтах абароны горада ў 1655 годзе, у тым ліку 19 сакавіка (1 красавіка) 1655 года, у дзень святых мучанікаў Хрысанфа і Дарыі.
З гэтага часу Магілёва-Брацкая ікона Божай Маці прызнаецца цудатворнай. Захоўвалася ў Брацкім Богаяўленскім мужчынскім манастыры да пачатку XX стагоддзя.
Потым Божая Маці праславіла свой абраз у 1708 годзе, калі князь Меньшыкаў, будучы ў Магілёве, задумаў адпомсціць жыхарам горада за забойства «маскавіцян» у 1661 годзе падчас паўстання гараджан супраць маскоўскага гарнізона. Паводле падання, стоячы ў Богаяўленскім храме перад цудатворным абразом, ён раптам быў павалены на зямлю невядомай сілай і пасля гэтага, застрашаны і збянтэжаны гневам Божым, больш не адважваўся ні ўваходзіць у царкву, ні задумваць спусташэння непакорлівага горада над Дняпром.
А ў 1910 годзе Божая Маці выратавала ўвесь горад ад знішчэння агнём. Тады загарэлася прадмесце Лупалава, пажар з-за ветру перайшоў у горад і пагражаў Васкрасенскай царкве і Богаяўленскаму манастыру. Магілёўцы вынеслі цудатворны абраз на агорнутыя полымем вуліцы – і вецер, раптам павярнуўшы, пагнаў агонь у зваротным напрамку ад цэнтра горада.
Пасля бязбожнага ліхалецця XX стагоддзя лёс цудатворнай Магілёва-Брацкай святыні невядомы.
У Трохсвяціцельскім кафедральным саборы Магілёва знаходзіцца старажытны спіс (рэпліка) абраза.
1734 год. Справаводам Магілёўскага магістрата абраны Юры (Рыгор, Ежы) Трубніцкі (1680–1747).
Адзін з аўтараў “Магілёўскай хронікі». Вёў запісы за 1701–1747 гады. Пісаў на польскай мове. Член магістрата з 1725 года, рэгент гарадской канцылярыі з 1734 года.
Працягнуў працу свайго папярэдніка Трафіма Сурты. Першы запіс, зроблены яго рукой адносіцца да восені 1709 года, апошні – да 1746 года.
У якасці крыніц інфармацыі выкарыстоўваў успаміны сучаснікаў і сведкаў падзей, дакументальныя матэрыялы магілёўскага архіва, гісторыка-летапісныя крыніцы і ўласныя назіранні. У рукапіс хронікі ўнёс алегарычную сатыру «Карнавал іншаземны ў Польшчы», зроблены ім пераказ падзей з кніг па гісторыі Даніі і Швецыі.
Пасля смерці Юрыя напісанне Магілёўскай хронікі працягнуў яго сын Аляксандр, магілёўскі купец і дарадца магістрата, які вёў хроніку з 1747 па 1788 год. Справу Юрыя і Аляксандра працягнуў сын апошняга Міхаіл, які давёў змест летапісу да 1856 года.
1773 год. У Варшаве распачалася праца Вальнага сойму, які зацвердзіў першы падзел Рэчы Паспалітай (адбыўся ў 1772 годзе).
Да Расіі адыйшлі беларускія землі ў 92 тысяч км² з 1 мільёнам 300 тысяч чалавек – па Дзвіне, Друці, Дняпру, уключаючы Віцебск, Полацк, Мсціслаў, Магілёў, Гомель.
1850 год. Вялікабрытанія і ЗША падпісалі дамову аб сумесным будаўніцтве Панамскага канала (пазней ЗША вырашылі будаваць канал саматугам).
Панамскі канал – суднаходны канал, які злучае Панамскі заліў Ціхага акіяна з Карыбскім морам і Атлантычным акіянам, размешчаны на Панамскім перашыйку на тэрыторыі дзяржавы Панама.
Канал аказаў неацэнны ўплыў на развіццё суднаходства і эканомікі ў цэлым у Заходнім паўшар’і і ва ўсім свеце, што абумовіла яго надзвычай высокае геапалітычнае значэнне.
Дзякуючы Панамскаму каналу марскі шлях з Нью-Ёрка ў Сан-Францыска скараціўся з 22 500 да 9 500 км.
Ідэю будаўніцтва Панамскага канала падаў ураджэнец Крычава Аляксандр Галынскі (1816–1893) – журналіст, падарожнік, аўтар падрабязнай карты Каліфорніі.
1881 год. Нарадзіўся Валянцін Волкаў (1881–1964).
Народны мастак БССР, прафесар, аўтар выяў герба БССР (1927, 1938), мадыфікацыя якіх з’яўляецца цяперашнім афіцыйным гербам Беларусі.
З 1919 года жыў на Беларусі. Выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, Мінскім мастацкім вучылішчы, тэатральна-мастацкім інстытуце, кіраваў мастацкімі студыямі Саюза архітэктараў БССР, юных талентаў пры Доме народнай творчасці ў Мінску.
Бацька Анатоля Волкава і дзед Сяргея Волкава, таксама мастакоў.
Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, пісаў пейзажы, нацюрморты. Ствараў сюжэтна-тэматычныя карціны, прысвечаныя гісторыі Беларусі, партрэты.
У 1918 годзе ў Петраградзе ён займаўся ўбраннем горада да 1-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі – працы захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Адзін з першых беларускіх жывапісцаў стварыў вобраз Леніна.
Ілюстраваў і аформіў шэраг кніг для Дзяржаўнага выдавецтва БССР.
Сярод яго шматлікіх работ – «Кастусь Каліноўскі», «Барыкады», партрэты М. Багдановіча, М. Гусева, дзеячаў тэатра імя Я. Купалы. Шырокую вядомасць мае велізарная кампазіцыя «Мінск 3-га ліпеня 1944 года» (фота).
1881 год. Нарадзіўся Усевалад Ігнатоўскі (1881–1931).
Беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, першы прэзідэнт Беларускай акадэміі навук (1928–1931), яе акадэмік і акадэмік Усеўкраінскай акадэміі навук.
Займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю. Працаваў Членам Часовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ, наркамам земляробства, асветы, членам Прэзідыума ЦВК БССР (1920–1930), прафесарам БДУ, старшынёй Інбелкульта, першым прэзідэнтам Акадэміі навук і дырэктарам Інстытута гісторыі.
Актыўны распрацоўшчык палітыкі беларусізацыі, барацьбіт за ўзбуйненне БССР. Увёў новую перыядызацыю гісторыі Беларусі.
У 1930 годзе патрапіў пад рэпрэсіі, зняты з пасады Прэзідэнта Акадэміі навук. Выклікаўся на допыты ў ДПУ. Пасля аднаго з іх скончыў жыццё самагубствам. Паводле другой версіі быў застрэлены супрацоўнікамі ДПУ ў сваім доме 4 лютага 1931 года.
Яго імя носіць Камянецкая цэнтральная раённая бібліятэка, на будынку якой устаноўлена мемарыяльная дошка.
1908 год. Нарадзіўся Вільгельм Гараўскі.
Беларускі празаік. Брат літаратара Адама Гракала-Гараўскага, унук мастака Гілярыя Гараўскага.
Максім Гарэцкі адгукаўся пра яго так: «Змалку, як і ўсе сялянскія дзеці, быў пастухом, пасля вучыўся, але пашкодзіла вайна і акупацыя», «пад уплывам польскага патрыятызму» ў 1921 годзе, у 13 гадоў, выехаў у Польшчу, але праз два месяцы вярнуўся ў БССР. Трапіў у Інстытут сацыяльнага перавыхавання (дзіцячы прытулак) у Мінску, адкуль потым уцёк і як беспрытульнік вандраваў па Украіне і Каўказе.
Скончыў польскі педтэхнікум. Выкладаў у польскіх школах у Беларусі. Пісаў на польскай і беларускай, друкаваўся ва «Узвышшы» і «Маладняку», у мінскіх і бабруйскіх выданнях. Ягоная лірычная імпрэсія «Скрыпка», аповесць «На ўздыме» выклікалі рэзананс.
У 1931 годзе браў удзел у І Усесаюзным з’ездзе польскіх пралетарскіх пісьменнікаў. Арыштаваны ў пачатку 1937 года. Расстраляны НКУС 27 жніўня 1937 года.
1926 год. Нарадзіўся Барыс Аракчэеў (1926–2013).
Беларускі мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў.
Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычных карцін і батальных сцэн. Пад час вайны служыў у Бабруйску, Мінску.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, Тэатральна-мастацкі інстытут (першы выпуск, разам з будучымі народнымі мастакамі А. Анікейчыкам, В. Грамыкам, А. Кашкурэвічам i Л. Шчамялёвым).
Сярод яго твораў – пейзажы, нацюрморты, серыя партрэтаў сучаснікаў і знакамітых людзей. З’яўляўся адным з чатырох стваральнікаў дыярамы «Мінскі кацёл» у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы, Акадэміі мастацтваў, з’яўляўся настаўнікам многіх вядомых беларускіх мастакоў.
Творы мастака знаходзяцца ў шматлікіх музеях: у Нацыянальным мастацкім музеі, Фондзе Саюза Мастакоў, Магілёўскім мастацкім музеі і іншых, галерэях Гомеля, Светлагорска, Полацка, Крупак, Баранавічаў, у прыватных калекцыях замежных краін.
Імя мастака носіць галерэя ў г. Крупкі.
Мемарыяльная дошка на доме, дзе працаваў Б. Аракчэеў.
1934 год. Гістарычнае фота лохнескай пачвары, нэсі.
Палкоўнік медыцынскай службы хірург Кенэт Уілсан ішоў з прыяцелем па беразе возера Лох-Нес. Таварыш Уілсана раптам застыў на месцы, узіраючыся ў возера, і выклікнуў: “Божа, ды гэта ж пачвара!”. Уілсан павярнуўся і ўбачыў у вадзе, прыкладна за 200 метраў ад берага, дзіўную жывёліну. Хірург спешна схапіў фотаапарат і зрабіў чатыры здымкі. Праз пару хвілін пачвара пагрузілася ў водную роўнядзь і знікла з выгляду. З чатырох здымкаў толькі адзін захаваў профіль невядомай свету істоты.
Гэты здымак зрабіў фурор ва ўсім свеце. Ён быў надрукаваны ў “Дэйлі мэйл”. Экспертыза пацвердзіла сапраўднасць здымка.
Было вызначана, што на ім адлюстраваны старажытны плезіязаўр. Навукоўцы даказалі, што плезіязаўр цалкам мог ацалець у возеры Лох-Нес, калі яно аддзялілася ад мора. Асяроддзе пасялення цалкам падыходзіла яму. Глыбіня возера складае да 330 метраў, што глыбей Паўночнага мора, дно рассечана расколінамі, дзе можна схавацца, а рыбы для пражытка плезіязаўра там дастаткова.
Лічыцца, што першая пісьмовая згадка аб пачвары зроблена абатам шатландскага Аёнскага манастыра Адамнанам, каля 700 года.
1939 год. Прынята пастанова ЦК ВКП(б) і Саўнаркама СССР “Аб гарадскім будаўніцтве ў Магілёве ў сувязі з пераводам сталіцы БССР».
Пытанне аб пераносе сталіцы было пастаўлена яшчэ 16 снежня 1937 года Пратаколам палітбюро № 56 ЦК ВКП(б) за 11 снежня 1937 – 21 студзеня 1938 года, дзе ў пункце 114 запісана: “Прыняць прапанову… аб пераводзе сталіцы…”.
Мары магілёўцаў стаць сталічнымі жыхарамі не ажыццявіліся. Планы пераносу былі скасаваны пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у верасні 1939 года. Верагодна, дзякуючы гэтаму, цэнтр Магілёва, у пэўнай ступені, захаваў свой аўтэнтычны выгляд.
1970 год. На Волжскім аўтазаводзе (пабудаваны італьянцамі) на базе “Fiat” быў сабраны першы ВАЗ-2101 – у народзе “капейка”.
Гэта адбылося а 7:00. Першы аўтамабіль звёў з канвеера італьянскі шэф-інструктар. Рытмічная праца галоўнага канвеера пачалася толькі ў жніўні.
У розных мадыфікацыях было выраблена ў 1970-1988 гадах 4,85 мільёнаў “капеек”. Апошні аўтамабіль на базе ВАЗ-2101 выраблены 17 верасня 2012 года.
2013 год. Узровень Дняпра у Магілёве дасягнуў абсалютнага максімума 661 см. Найвялікшы паказчык за ХХІ стагоддзе.
Крытычным з’яўляецца ўзровень у 610, а небяспечным – 620 см.
У гэтым, 2023 годзе, максімуму вышыня вады ў Дняпры ў Магілёве дасягнула 7 красавіка – 570 см.
Гістарычны максімальны пад’ём вады рэгістраваўся 24 красавіка 1931 года – 853 см, калі вада пералівалася праз Пушкінскі праспект. Блізкі пад’ём быў у 1956 годзе – 834.