Дзень у гісторыі: 16 верасня. Гадавіна знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага

Міжнародны дзень аховы азонавага слою.

Адзначаецца ад 1994 году з ініцыятывы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

16 верасня 1987 года 36 краін падпісалі дакумент, згодна з якім краіны-ўдзельніцы меліся абмежаваць і цалкам спыніць вытворчасць азонаразбуральных рэчываў. У 1994-ым 16 верасня абвясцілі Днём аховы азонавага слою.

Азонавы слой Зямлі мае таўшчыню 5 сантыметраў і паглынае біялагічна актыўнае сонечнае выпраменьванне і інфрачырвоныя хвалі, забяспечвае ўмовы для існавання ўсіх жывых арганізмаў.

У сучасным свеце назіраецца рэзкае падзенне зместу азону ў зямной атмасферы, ствараюцца «азонавыя дзіркі».

Згодна з графікам паэтапнай адмовы ад азонаразбуральных рэчываў развітыя краіны павінны спыніць іх выкарыстанне да 2030 году, а ўсе астатнія – да 2040.

1668 год. Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза адрокся ад гаспадарання ў краі.

Ён – апошні кароль і вялікі князь з дынастыі Вазаў.

У час яго панавання адбыліся разбуральныя войны з Маскоўскай дзяржавай, казакамі, Швецыяй.

Пры ім былі страчана Прусія, Смаленскае ваяводства, Кіеў і левабярэжная Украіна.

Агульны гаспадарчы заняпад дзяржавы, няўдачы ў войнах, аслабленне міжнароднага становішча, напружаныя адносіны з магнатамі і шляхтай прывялі да адрачэння яго ад трону і эміграцыі ў Францыю.

Кароль Ян Казімір Ваза

1697 год. Аўгуст Моцны стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Курфюрст саксонскі. Быў каралём польскім і вялікім князем літоўскім у 1697-1706 і 1709-1733 гадах.

Як саюзнік Пятра I, уцягнуў Рэч Паспалітую ў Паўночную вайну, што прывяло да баявых дзеянняў на тэрыторыі краіны, вялікіх страт беларускага насельніцтва, заняпаду краіны.

Пры ім пачалося актыўнае ўмяшанне Расіі, Прусіі, Аўстрыі і Францыі ва ўнутраныя справы, над краінай была ўстаноўлена пратэкцыя Расіі.

Была максімальна абмежавана колькасць войскаў – у Польшчы да 18 тысяч і ў ВКЛ да 6 тысяч.

Кароль больш клапаціўся пра развіццё Саксоніі, і Рэч Паспалітую падпарадкоўваў гэтым мэтам.

Кароль Аўгуст Моцны

1781 год. Рускім Сенатам зацверджаны новы герб Магілёва «яздзец на кані ў чырвоным полі».

Магілёў вярнуў сабе герб з элементам былога дзяржаўнага герба «Пагоня».

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай, у 1772-1781 гадах, выява «Пагоні» на гарадскім гербе расійскай уладаю была замененая двухгаловым арлом.

Герб Магілёва 1781

1859 год. Нарадзіўся Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, выдавец, фалькларыст, мовазнаўца.

Валодаў больш чым 20 мовамі

Ачольваў беларускі культурны рух у Пецярбургу, прымаў удзел у стварэнні беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца».

Абгрунтоўваў правы беларускага народу на самастойнае нацыянальнае развіццё.

Працаваў старшынёй камісіі Інстытуту беларускай культуры па складанні слоўніка жывой беларускай мовы.

Складальнік унікальнай рукапіснай хрэстаматыі беларускай літаратуры.

Арыштаваны савецкімі карнымі органамі ў 1930 годзе па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Утрымліваўся ў няволі два месяцы. Вымушаны быў з’ехаць з Мінску. Асеў у Ленінградзе, дзе і памёр.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла

1938 год. Нарадзіўся Віктар Дашук.

Кінарэжысёр-дакументаліст.

Паводле яго сцэнарыяў, знята больш 80 твораў, у тым ліку «Василь Быков. Восхождение», «Витебское дело», забароненых у Беларусі «Ночь длинных ножей», «Репортаж из клетки для кроликов».

Зняў фільмы паводле твораў Алеся Адамовіча «Я з вогненнай вёскі» і Святланы Алексіевіч «У войны не женское лицо».

Рэжысёр Віктар Дашук

1967 год. Святкавалі 700-годдзе Магілёва.

Адзначалі два дні – 16 і 17 верасня.

У горадзе з’явіўся сквер 700-годдзя Магілёва перад кінатэатрам «Космас».

Кінатэатр Космас

1999 год. Знікненне апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага.

На меркаваным месцы знікнення былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля Красоўскага і кроў зніклых.

У студзені 2003 года пракуратура Мінска прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Ганчара і Красоўскага.

У снежні 2019 года Deutsche Welle выпусціла дакументальны фільм, у якім былы супрацоўнік спецпадраздзялення МУС Беларусі Юрый Гараўскі кажа, што менавіта яго падраздзяленне арыштавала, вывезла і забіла Захаранку, а пазней Ганчара і Красоўскага.

Зніклі Ганчар і Красоўскі

2010 год. У Бабруйску пачалося аднаўленне Аляксандра-Неўскага сабора

Сабор быў пабудаваны ў пачатку дзевятнаццатага стагоддзя пад кіраўніцтвам вядомага расійскага архітэктара Аляксандра Штаўберта. Ён з’яўляўся часткай адзінага архітэктурнага ансамбля Бабруйскай крэпасці.

У 1934 годзе Аляксандра-Неўскі сабор быў падарваны.

У 2010 годзе пачалася яго адбудова.

Сабор Бабруйск

← Усе навіны Магілёва