Дзень у гісторыі: 13 верасня. Упершыню быў прэзентаваны пеніцылін

1859 год. Памёр Фадзей Булгарын.

Выхадзец з беларускай шляхты, пісьменнік.

Сябе называў ліцвінам.

Гадаваўся пад Глускам. Падарожнік па Беларусі.

Кавалер ордэна Ганаровага легіёна Францыі.

Выдавец часопісаў, першай прыватнай грамадска-палітычнай штодзённай газеты ў Расіі, першага рускага тэатральнага альманаха.

Заснавальнік жанраў авантурнага махлярскага, фантастычнага рамана ў рускай літаратуры.

Фадзей Булгарын

1893 год. Нарадзіўся Андрэй Мрый (Шашалевіч).

Празаік, журналіст, перакладчык.

Славуты сатырычным раманам на савецкую рэчаіснасць «Запіскі Самсона Самасуя».

Супрацоўнік часопісу «Наш край», газеты «Звязда», інспектар Цэнтральнага бюро краязнаўства, член літаратурнага аб’яднання «Узвышша».

Савецкімі органамі быў арыштаваны па «справе краснапольскіх настаўнікаў». Асуджаны ў 1934 года як «член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазроны ў шпіянажы» да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапаваны ў Карагандзінскі лагер.

Зноў арыштаваны ў 1940 годзе за «удзел у антысавецкай арганізацыі». Асуджаны да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Комі АССР. 1 сакавіка 1943 года медычнай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены дадому. Паводле некаторых звестак забіты рэцыдывістамі ў цягніку.

Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

На ўскрайку Магілёва бульвар носіць імя Андрэя Мрыя.

Андрэй Мрый

1929 год. Аляксандр Флемінг прадставіў пеніцылін.

Гэта адбылося на пасяджэнні Медычнага даследчага клуба пры Лонданскім універсітэце

З-за вялікіх патрэбаў у леках падчас Другой сусветнай вайны пачалася маштабная вытворчасць гэтага антыбіётыка. У пачатку 1942 года амаль палова ўсяго амерыканскага запасу пеніцыліну – адна сталовая лыжка – была скарыстана для лячэння ўсяго толькі аднаго пацыента, Ганны Мілер. Наяўнага ў ЗША запасу ў чэрвені 1942 г. было дастаткова для лячэння дзесяці пацыентаў. Аднак ужо ў чэрвені 1944 года войскі саюзнікаў, якія высадзіліся ў Нармандыі, былі забяспечаны 2 мільёнамі доз пеніцыліну.

Пеніцылін па патрабаванні Флемінга не быў запатэнтаваны. Ён лічыў, што лекі, якія ратуюць людзям жыццё, не павінны служыць крыніцай даходу.

Аляксандр Флемінг пеніцылін
by Howard Coster, quarter-plate film negative, 1944

1958 год. Нарадзіўся Аляксандр Краўцэвіч.

Археолаг, гісторык.

Старшыня выканкаму Рады Беларускага гістарычнага таварыства, галоўны рэдактар «Гістарычнага альманаха».

Даследчык матэрыяльнай культуры Беларускага Панямоння XIV–XVII стагоддзяў.

Аўтар работ па сярэднявечнай гісторыі Беларусі, распрацоўнік канцэпцыі, што Вялікае Княства Літоўскае было біэтнічнай балта-ўсходнеславянскай дзяржавай з дамінаваннем усходнеславянскага элемента.

Аляксандр Краўцэвіч

← Усе навіны Магілёва