Дзень беларускай кухні правялі ў школе ў Чавусах

Навучэнцаў і настаўнікаў сустракалі прыказкамі і прымаўкамі пра хлеб, бульбу, сала і іншую ежу, рэцэптамі страў беларускай кухні, якія пасля ўсе змаглі пакаштаваць у сталовай.

Школьныя павары пастараліся, каб зрабіць шэраг страў звязаных з народнай кухняй. На сняданак яны прыгаваталі бутэрброд “Купалле”, на абед – крупеню, салат  «Агеньчык», дранікі, калбаскі па-магілёўску, а на полудзень – бабку, узвар з сухафруктаў, кісель з яблык. 

Гэтая падзея адбылася ў сценах чавускай сярэдняй школы №1. У холе першага паверха школьнага будынку была зладжана сустрэча-прэзентацыя «Прывiтанне – запрашэнне» для навучэнцаў у стылі беларускіх традыцый, з музычным суправаджэннем у стылізаваных народных касцюмах. Падчас мерапрыемства была асветніцкая частка, дзе ўсіх прысутных пазнаёмілі з асаблівасцямі беларускай кухні, з спосабамі апрацоўкі і прыгатавання прадуктаў і страў рознага кшталту. 

Акрамя музычна-забаўляльнай і асветніцкай часткі ў Дзень беларускай кухні навучэнцам раздавалі анкеты “Мая любімая беларуская страва”. Між іншым частымі адказамі чавускіх школьнікаў былі бабка, дранікі, бліны і калдуны. Заканчэнне гастранамічнага свята ў сценах установы адукацыі адзначылася правядзеннем інтэрв’ю «Беларуская кухня для мяне…» для навучэнцаў старэйшых класаў і маніторынгам «Пустая талерка» сярод школьнікаў малодшых класаў. 

Натуральна, што падобныя мерапрыемствы вельмі важныя, асабліва ў школах, каб нагадаць навучэнцам пра іх карані, асабліва на фоне заціскання і згортвання ўсяго нацыянальнага афіцыйнай уладай у Беларусі. 

Фота: mogilevnews.by