драўляная капліца на крычаўскіх могілках зноў пад пагрозай

Дошкі вырвалі, накідалі смецця, крыжа няма – драўляная капліца на крычаўскіх могілках зноў пад пагрозай

Гісторыя з драўлянай капліцай пачатку ХХ стагоддзя ў Крычаве працягваецца. Нягледзячы на тое, што ў канцы 2022 года яна была прыбрана, прайшло поўгады і смецце ўнутры драўлянага помніка з’явілася зноўку.

Пасля рэзананснай публікацыі mogilev.media ў кастрычніку мінулага года пра каплічку на праваслаўных могілках у Крычаве, якую ператварылі ў сметніцу, адбылася рэакцыя мясцовых уладаў. Праблему, паднятую ў нашым матэрыяле заўважылі і як вынік – прыбралі ўнутры драўлянай каплічкі смецце. Больш за тое, каб ніхто не мог больш засмечваць помнік мясцовага значэння, камунальныя службы забілі ўваход драўлянымі дошкамі, пра што таксама паведамлялі mogilev.media. 

Прайшло толькі поўгады, але праблема зноў актуалізавалася. Частка драўляных дошак, якімі забілі ўваход ў каплічку, была выламана, а ўнутар культавага збудавання зноў пачалі закідваць смецце. На дадзены момант унутры капліцы валяецца надмагільны мармуровы помнік і спілаваныя дзве бярозавыя калодкі. У далейшым смецця будзе яшчэ больш, бо ўвайсці ў драўлянае стогадовае збудавання можна з лёгкасцю, як і насмеціць там.

З’явілася і яшчэ адна праблема. На самым версе чатырохскатнага даха капліцы да нядаўняга часу знаходзіўся невялікі драўляны крыж, які сведчыў пра культавае значэнне збудавання. Сёння на версе капліцы крыжа няма, ён згубіў сваю гарызантальную перакладзіну і цяпер выглядае простай вертыкальнай палкай наверсе драўлянага помніка. 

Фота: mogilev.media