Данія возмецца за аднаўленьне Мікалаева. У Малдове забаранілі георгіеўскую стужку і сімвалы ваеннай агрэсіі


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.


Мікалаеў, Украіна

(Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. Горад месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін асноўных кірункаў наступу расейцаў. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Горад пакінула палова яго насельніцтва. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой»).


Данія пагадзілася ўзначаліць працэс пасляваеннага аднаўлення Мікалаева, заявіла на брыфінгу ў Кіеве прэм’ер-міністр краіны Мэтэ Фрэдэрыксен. З такой прапановаю звяртаўся да парламенту Даніі прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі.

«Мы пагадзіліся з гэтай прапановай і з нецярпеннем чакаем супрацоўніцтва з вамі», – адзначала Мэтэ Фрэдэрыксен.

Па яе словах Данія хацела б інвеставаць у доўгатэрміновую рэканструкцыю Ўкраіны, перадае навінны рэсурс «ЄвроПравда».

Мэтэ Фрэдэрыксен абвясціла аб павелічэнні ваеннай дапамогі Украіне на 600 тысяч дацкіх крон (90 мільёнаў долараў). Агульны ваенны ўклад Даніі ў падтрымку краіны, якая стала ахвярай расейскай агрэсіі, сягнуў 1 мільярда дацкіх крон.

У ноч з 20 на 21 красавіка ў Мікалаве ў выніку расейскіх абстрэлаў загінуў адзін чалавек і двое атрымалі раненні. Паводле Абласной ваеннай адміністрацыі «праціўнік інтэнсіўна наступаў на горад», перадае інтэрнэт-выданне «Миколаївська правда».

У Мікалаеве застаецца актуальнай праблема з пітной вадой. З 12 красавіка ў горадзе не функцыянуе цэнтральнае водазабеспячэнне. Водаправод разбіты расейскімі абстрэламі. Жыхары вымушаныя падоўгу выстойваць у чэргах. Камунальныя службы робяць свідравіна.

Паводле Генеральнага штабу Ўзброеных Сіл расейцы спрабуюць палепшыць тактычную абстаноўку і наблізіцца да Мікалаеве, але беспаспяховы. Горад абстрэльваецца, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «АрміяІнформ».


Сынджарэй, Молдова

(Горад пабрацім Асіповічаў. Месціцца за 25 кіламетраў ад гораду Бельцы. Насельніцтва 15 тысяч чалавек).


У Малдове пад забарону трапіла «георгіеўская стужка і сімвалы ваеннай агрэсіі». 20 красавіка набылі моц папраўкі ў Закон «Аб працівадзейнасці экстрэмісцкай дзейнасці», піша Бельцкі незалежны партал «СП».

Цяпер у краіне да адміністрацыйнай адказнасці будуць прыцягваць за публічнае ўжыванне «агульнавядомай атрыбутыкі, або сімволікі, якая выкарыстоўваецца ў кантэксце ваеннай агрэсіі, ваенных злачынстваў, ці злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама прапаганды альбо ўслаўленне такіх дзеянняў».

Парушальнікам пагражае штраф ад 4,5 тысяч лей (240 даляраў ЗША) да 18 тысяч лей (970 даляраў ЗША), ці грамадскія працы да 60 гадзінаў.

Фракцыя партыі сацыялістаў у Бельцкім муніцыпальным савеце выступіла супраць забароны «георгіеўскай стужкі». Яна настойвае, што такое рашэнне ўносіць раскол у грамадстве, бо, як лічаць партыйцы, «георгіеўская стужка – сімвал перамогі ў Вялікай айчынай вайне». Паводле парталу «СП» дэпутаты маюць намер звярнуцца ў канстытуцыйны суд.

За дзень да ўступлення ў сілу змененага закону невядомыя нанеслі на будынак былой гасцініцы «National» чорныя і аранжавыя палосы. Паводле паліцыі ўладальніца адмовілася пісаць скаргу на зламыснікаў і сама прыбярэ надпіс.

«Заклікаем расейскі бок не дапускаць умяшаньня ў дэмакратычны, законны і ўнутраны працэс нашай краіны», – адрэагавала Міністэрства замежных спраў і Еўрапейскай інтэграцыі на пагрозы, агучаныя прэсавай сакратаркай МЗС Расеі Марыі Захаравай.

Рэакцыя Расеі была выкліканая тым, што прэзідэнт Малдовы Мая Сандру ўхваліла законапраект аб забароне выкарыстання знакаў «Z», «V» і георгіеўскай стужкі, як сімвалаў ваеннай агрэсіі. Пры гэтым яна адзначыла, што святкаванне 9 мая не забараняецца, піша інфармацыйны рэсурс «СП».

Расея ўважае пазіцыю Малдовы як «канфрантацыйную», якая «шкодзіць Расейска-малдоўскаму супрацоўніцтву» і папярэдзіла, што адказ будзе «балесным».

У Малдове збіраюцца працягнуць надзвычайнае становішча, уведзенае 24 лютага, па ўварванні расейскіх войск ва Ўкраіну. Урад звярнуўся ў парламент, каб яго прапанову падтрымалі.

Працягнуць асаблівы рэжым вырашылі «разгледзеўшы справаздачы ўсіх установаў, вывучылі існуючыя рызыкі», піша бельцкае выданне «СП».

Першапачаткова надзвычайнае становішча мелася трываць 60 дзён, што было аргументавана нацыянальнай бяспекай. Тады ўвялі асаблівы рэжым перасячэння мяжы, выкарыстання паветранай прасторы, а таксама захады кіравання прытокам мігрантаў і забеспячэння бяспекі ўцекачоў з Украіны.


Айзенах, Германія

(Дамова аб пабрацімстве з Магілёвам падпісаная ў снежні 1996 году. Горад з насельніцтвам у 42 тысячы чалавек месціцца ў Цюрынгіі (адной з самых эканамічна развітых федэральных земляў на ўсходзе краіны). Дабрачынныя арганізацыі гораду дапамагалі пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС беларусам. Арганізоўвалі аздараўляльныя паездкі для дзяцей, якія жылі на забруджаных радыяцыяй раёнах Магілёўшчыны).


Тысяча кніг для першага азнаямлення з нямецкай моваю разам з велікоднымі падарункамі раздалі ўкраінскім дзецям, якія жывуць лагерах для бежанцаў.

Кніга выдадзеная на трох мовах : нямецкай, англійскай, украінскай і выдатна ілюстраваная, піша выданне «Eisenach online». Яно адзначае, што кніга будзе карысная і для нямецкіх дзяцей, якія хочуць камунікаваць з украінскімі. У ёй пададзеная транскрыпцыя ўкраінскіх слоў.

«Eisenach online» таксама звятаецца да чытачоў, каб тыя падтрымалі прыбылых украінцаў. Патрэбныя патэльні, рандолі, сталовыя прыборы, талеркі, прадметы гігіены ды прадукты з працяглым тэрмінам захоўвання, піша выданне.

Гаспадарам, якія далі прытулак украінскім уцекачам, абяцаюць выплаціць за першага прынятага ўкраінца – 150 еўра, за кожнага наступнага па 75.

Міністэрства міграцыі Цюрынгіі запэўнівае, што дапамогу пачнуць выплачваць па ўзгадненні палажэння з Міністэрства фінансаў рэгіёну.

Раённыя адміністрацыі заклікаюць паспяшацца з вырашэннем пытання, бо муніцыпалітэтам, даводзяць яны, «патрэбная юрыдычная яснасць», перадае выданьне «Mdr».


Даўгаўпілс, Латвія

(Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгалія, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск).


У Латвіі за падтрымку ваенных злачынстваў будуць пазбаўляць грамадзянства. Сейм ухваліў папраўкі, прапанаваныя Міністэрствам юстыцыі, да Закону аб грамадзянстве.

Пакаранне будзе ўжывацца ў дачыненні да асобаў, якія маюць падвоенае грамадзянства. Факце ўчынення імі супрацьпраўных дзеянняў прадставяць установы дзяржбяспекі. 

Грамадзян трапіць пад пераслед, калі аказаў значную фінансавую, матэрыяльную, прапагандысцкую, тэхналагічную або іншую падтрымку асобам, дзяржавам або іншым інстытуцыям, якія ўчынілі злачынствы супраць міру, генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, якія пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці дэмакратый або канстытуцыйнаму ладу, інфармуе выданне «Delfi.lv».

Сейм Латвіі прызнаў расейскую агрэсію супраць Украіны – генацыдам. У прынятай заяве парламентам гаворыцца, што «у тактыцы, якую ўжывае Расея, бамбардуючы жылыя раёны гарадоў, грамадскія цэнтры, пасажырскія вакзалы і грамадзянскую інфраструктуру, а таксама забіваючы мірных жыхароў, носяць відавочныя прыкметы ваенных злачынстваў і нават злачынствы супраць чалавецтва», – цытуе заяву Сейму выданне «Delfi.lv».

фота: armyinform.com.ua