Парушэнні – на кожным аб’екце. Санстанцыя праверыла шаўрмічныя і блінныя

Санітарная служба Магілёўскай вобласці правяла наглядныя мерапрыемствы на пяцідзесяці аб’ектах хуткаха грамадскага харчавання, што гатуюць шаўрму, блінчыкі з начынкамі і г.д. На ўсіх аб’ектах былі выяўлены парушэнні – паведамляе “Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя”.

У пяці выпадках было зафіксавана выкарыстанне прадуктаў, у якіх завяршыўся тэрмін прыдатнасці. Сярод парушальнікаў – кафэ хуткага абслугоўвання ІП Рошчына ў Крычаве, па вуліцы Ленінскай, 46А, а таксама выязны гандаль ІП Ахрорава ў Чэрыкаве па вуліцы Ленінскай каля аўтавакзала.

У дзевяці выпадках парушаліся ўмовы захоўвання прадуктаў. Такое было выяўлена ў міні-кафэ «Грыльяж» ІП Рэянтовіч у Бабруйску, на вуліцы 50 год ВЛКСМ, 108, а таксама на фудтраку «Шава Бро» ў Магілёве, каля гандлёвага цэнтра «Арбат».

На астатніх аб’ектах былі выяўлены нездавальняючы санітарна-тэхнічны стан памяшканняў, адсутнасць медыцынскіх аглядаў, выкарыстанне прадуктаў з недаставернай маркіроўкай і іншае.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве на пажары загінула жанчына, двух суседзяў зверху выратавалі

Позна вечарам 7 лістапада, каля 22.30 здарыўся пажар у кватэры на другім паверсе пяціпавярховіка па Пушкінскім праспекце, 45 у Магілёве. Ратавальнікамі на месцы трагедыі было знойдзена цела жанчыны 1976 года нараджэння, гаспадыні кватэры. З кватэры на трэцім паверсе былі выратаваныя маці і сын, 1965 і 1989 гадоў нараджэння, з атручэннем прадуктамі гарэння. Яны шпіталізаваныя. Яшчэ чатырох чалавек, у тым ліку двух дзяцей эвакуявалі з іншых кватэр дома. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Магілёўскі “Барысфен” атрымаў дзявятую перамогу з дзевяці і лідзіруе ў чэмпіянаце

Баскетбольны клуб “Барысфен” абыграў каманду “Мінск рэзерв” з разгромным лікам 94:68 у дзявятым туры групы А чэмпіянату Беларусі па баскетболе. Гэта дзявятая перамога запар у магілёўскай каманды. “Барысфен” займае першы радок у турнірнай табліцы групы А, маючы 18 ачкоў. На другім радку ў групе – “Гродна 93” з 14 баламі. У групе “Б” лідзіруе “Гродна 93 ГрГУ” з 12 ачкамі, але ў гэтай групе прайшло толькі шэсць гульняў.

Наступную гульню “Барысфен” правядзе на выездзе супраць “Гродна 93” 14 лістапада.

Фота: bcborisfen.by

У Магілёве на будаўніцтве школы загінуў рабочы

Вечарам 5 лістапада на будаўнічай пляцоўцы новай школы ў Магілёве загінуў рабочы, мужчына 50 гадовага ўзросту – паведамляе Следчы камітэт. Падчас работ па ўладкаванні маналітных участкаў ён ўпаў з рыгеля першага паверха на жалезабетонную паверхню. Следчыя высветлілі, што ў парушэнне правілаў тэхнікі бяспекі працоўны знаходзіўся на рыгелі без страховачнага рамяня і ў незашпіленай касцы.

Фота: Следчы камітэт

Маці і сын выжылі, атруціўшыся ўгарным газам пад Магілёвам

30-гадовая жанчына і яе дзесяцігадовы сын былі шпіталізаваныя са свайго дома ў вёсцы Боўшава Магілёўскага раёна пасля атручэння ўгарным газам – піша афіцыйны сайт Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Атручэнне адбылося з-за таго, што занадта рана была зачынена пячная задзвіжка.

Фота ілюстрацыйнае

Бутэльку з ртуццю знайшлі ў гаражах на аблбальніцы ў Магілёве

Прыбіраючыся ў сваім гаражы на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве, мужчына 1975 года нараджэння знайшоў пластыкавую бутэльку ў 0,3 літры, запоўненую ртуццю. Усяго ў ёй аказалася рэчыва на 2,73 кілаграмы – паведамляе прэс-служба МНС. Ратавальнікі правялі ў гаражы мерапрыемствы па дэмеркурызацыі памяшкання, ртуць была канфіскаваная для ўтылізацыі.

Фота ілюстрацыйнае

Геймер стварыў копію Магілёва ў Minecraft – паглядзіце на плошчу Леніна без Леніна

Магілёўскі геймер Уладзіслаў Агееў за паўгады стварыў дакладную копію цэнтральных вуліц і знакавых аб’ектаў абласнога цэнтра ў папулярнай сярод падлеткаў гульні Minecraft. Ролік з прагулкай па віртуальным Магілёве выклаў у сваім ТікТок карыстальнік з нікам bogdanchio. Відэа ўжо сабрала больш за 37 000 лайкаў.

Цікава, што на плошчы Леніна перад аблвыканкамам у віртуальным Магілёве Уладзіслава Агеева (нік у гульні – Vladlukser) адсутнічае помнік самому Леніну. Эстэтычны выгляд плошчы пры гэтым практычна нічога не губляе.

У Магілёве пройдуць апошнія восеньскія кірмашы

Апошнія сельскагаспадарчыя кірмашы ў гэтым годзе пройдуць у Магілёве з 3 па 7 лістапада. Яны будуць працаваць у мікрараёне Саломінка, каля гандлёвага цэнтра “Форум” па вуліцы Крупскай, 119, а таксама ў мікрараёне Юбілейны на пляцоўцы па вуліцы Каралева, у раёне дома № 25). 4-5 лістапада кірмашовы гандаль арганізуюць на пляцоўцы ў раёне парка атракцыёнаў на Пушкінскім праспекце.

Фота ілюстрацыйнае

Нас чакаюць вялікія дажджлівыя выхадныя – прагноз надвор’я

Пятніца 3 лістапада чакаецца ўмерана воблачнай, а ўжо заўтра, 4 лістапада Белаусь апынецца пад уплывам атмасфернага фронту, які перамяшчаецца з паўднёвага захаду Еўропы. Будзе воблачна з праясненнямі, пройдуць кароткачасовыя дажджы. Вецер парывісты, ноччу моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +4 +10°С, максімальная днём +7 +14°С – паведамляе Белгідрамет.

У нядзелю 5 лістапада надвор’е будзе вызначаць франтальная сістэма, якая перамяшчаецца з Балканскага паўвострава. Будзе воблачна з праясненнямі, чакаюцца дажджы, а часам – моцныя дажджы. У начны і ранішні час месцамі слабы туман. Вецер пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу +3 +8°С, максімальная днём +7 +14°С.

Воблачным і дажджлівым чакаецца таксама панядзелак 6 лістапада. Тэмпература паветра на Магілёўшчыне +8 +11°С. У апошні дзень вялікіх выхадных, 7 лістапада надвор’е прагназуецца таксама воблачнае, але з праясненнямі, без асаблівых ападкаў. Тэмпература паветра +7 +9°С.

Фота: mogilev.media

Вось такія дзіцячыя слодычы, што прадаваліся ў Магілёве, аказаліся небяспечнымі

Усходні слодыч “Рагалік з вішняй”, кандытарскі выраб “Вкусняшка” з бананавай начынкай і ледзянцы “Фруктовы мікс” расійскай вытворчасці, што прадаваліся ў краме аднаго з індывідуальных прадпрымальнікаў Магілёва аказаліся небяспечнымі для здароўя – паведамілі ў Магілёўскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта.

Так, мучны кандытарскі выраб “Вкусняшка” з бананавым начыннем выявіў утрыманне фарбавальніка, які можа аказваць негатыўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей. У ледзянцах ужывалася заяўленая ў маркіроўцы харчовая дабаўка – фарбавальнік аннато, недапушчальная для выкарыстання пры вытворчасці цукрыстых кандытарскіх вырабаў. У складзе рагалікаў з вішняй былі выяўлены таксама фарбавальнікі і кансервант, не прамаркіраваныя на прадукцыі.

Фота ілюстрацыйнае