Маці змагла вынесці толькі адну дачку з трох – у Касцюковічах на пажары пацярпелі дзеці

Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.

Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Гектар канопляў знішчылі ў Касцюковіцкім раёне

У Касцюковіцкім раёне падчас спецаперацыі супрацоўнікаў міліцыі “Мак” была знішчана плантацыя дзікарослых канопляў, якая вырасла на плошчы каля аднаго гектара.

Расліна так разраслася, што ўручную было не справіцца. Для ліквідацыі канопляў прыйшлося нават прыцягнуць сельскагаспадарчую тэхніку. 

У выніку ачаг вырастання расліны быў знішчаны праз рыхленне глебы трактарам – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Паводле слоў старшага оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку Аляксандра Гракава, дзікарослыя каноплі няпроста вывесці з тых зямель, якія належным чынам не апрацоўваюцца. Таксама ён адзначыў, што каноплі і мак у перыяд іх паспявання з’яўляюцца наркатычным сродкам. Значыць, крымінальная адказнасць за захоўванне, перавозку і збыт у летні перыяд надыходзіць у поўнай меры.

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

Блізкія Івана Чыгрынава абвясцілі збор сродкаў на выданне твораў пісьменніка

Дачка народнага пісьменніка Беларусі, Ганаровага грамадзяніна горада Касцюковічы Івана Гаўрылавіча Чыгрынава звярнулася да землякоў за дапамогай у выданні збора твораў бацькі.

21 снежня 2024 года споўніцца дзевяноста год з дня нараджэння Івана Гаўрылавіча і да гэтага часу сям’я пісьменніка (жонка i дзве дачкі) хоча выдаць у выдавецтве “Тэхналогія” збор твораў славутага творцы ў пяці тамах, у які ўвойдуць усе яго творы. Шмат якія п’есы будуць выдавацца ўпершыню.

Блізкія Чыгрынава звяртаюцца да людзей Касцюкоўшчыны, якія шануюць культуру роднага краю i ўсёй Беларусі за матэрыяльнай дапамогай у выданні збора твораў Івана Чыгрынава. Імёны спонсараў (асобных людзей або прапрыемстваў і арганізацый) будуць надрукаваны на тытульным лісце першага тома збора твораў – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”. 

Рэквезіты, па якім можна дапамагчы для выдання твораў нашага славутага земляка:

НВК «Тэхналогія»

Адрас: 220007, г. Мінск, вул. Ляўкова, 19-2Н

р/рахунак: BY42 АКВВ 3012 5240 0180 1000 0000

у ЦБП № 527 ААТ “ААБ “Беларусбанк”

у г. Мінску, код AKBBBY2X

Тэл. факс: +375 17 243-19-40

УНН 100008965 АКПА 05420770

e-mail: [email protected]

Фота з адкрытых крыніц 

Навальніца ў Касцюковічах – дрэвы паламала напалам, разбіла агароджу

Разам з непрацяглым ліўнем на Касцюковічы абрынуўся ўраганны вецер, які паваліў і паламаў некалькі дрэў па вуліцы Ленінскай.

Ліквідаваць наступствы стыхія выйшлі работнікі жылкамунгаса і неабыякавыя грамадзяне – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Жылыя дамы паваленыя дрэвы не пашкодзілі, а вось бетонную агароджу ў некалькіх месцах вуліцы Ленінскай зачапілі і паламалі. 

Фота: “Голас Касцюкоўшчыны”.

У Касцюковічах адзначылі 50-годдзе краязнаўчага музея

Святкаванне юбілея было насычаным: ад мастацкіх выстаў і фотазонаў да цыганскіх песняў і танцаў. Касцюковіцкія чыноўнікі падаравалі музею сертыфікат на 200 рублёў і торт, а былы дырэктар – калекцыю ручнікоў – паведамляе раённая газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: ”Голас Касцюкоўшчыны”

Ад фумігатара супраць камароў пад Касцюковічамі загарэўся дом

Каля 2 гадзін ночы сям’я ў вёсцы Пралятарскае Касцюковіцкага раёна – гаспадыня 1957 года нараджэння і яе сын – прачнулася ад трэска, падаў і лопаўся шыфер. Гарэла іх веранда, і агонь ужо падбіраўся да жылых пакояў. Жанчына і мужчына змаглі самі выратавацца. Прычынай пажару стаў фумігатар ад камароў, пакінуты на ноч у разетцы – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Угоншчыкаў катка ў Касцюковічах знайшлі па паху

Чатыры юнакі ў Касцюковічах знайшлі сабе забаўку – яны звярнулі ўвагу на пнеўмакаток, які дарожнікі пакінулі на ноч на адной з вуліц горада. Ключы аказаліся прыхаванымі тут жа ў кабіне. 

Аднойчы ноччу хлопцы 19, 18 і 17 гадоў пакаталіся на катку і вярнулі яго на месца. Праз тыдзень вырашылі пакатацца зноў, але каток заглух на іншай вуліцы. Хлопцы кінулі машыну, але судовыя эксперты хутка іх знайшлі – па адбітках абутку і па пахаваму следу, аналіз на які ўзялі ў кабіне. 

Паводле вынікаў судовай трасалагічнай экспертызы сляды абутку супадаюць па малюнку і размерных характарыстыках з абуткам дваіх падазроных. А вынікі судовай адаралагичнай экспертызы ўказалі на тое, што канфіскаваныя ў кабіне пнеўмакатка пахавыя сляды паходзяць ад 17-гадовых фігурантаў крымінальнай справы. Зараз юнакі – фігуранты крымінальнай справы, піша “Голас Касцюкоўшчыны”.

Фота: Камітэт судовых экспертыз

Жанчына спакойна спала, пакуль гарэў яе дом – жыхарку Касцюковіч выратавалі пажарныя

Аўтаномныя апавяшчальнікі ў доме былі, але дапамаглі не яны – пажарная сігналізацыя нават не спрацавала, бо селі батарэйкі. Пра пажар у Касцюковічах, які ледзь не стаўся трагедыяй, паведамляе прэс-служба МНС.

 11 чэрвеня суседзі заўважылі, што загарэўся дом на вуліцы 2-ой Вакзальнай і выклікалі ратавальнікаў. Тыя знайшлі ў доме гаспадыню – яна спакойна спала на канапе і была дома адна. Жанчыну вывелі на вуліцу, яна не пацярпела, бо пажр адбыўся на паддашку.

Як высветлілася, дом быў абсталяваны ажно двума пажарнымі апавяшчальнікамі, але яны не спрацавалі – гаспадары не памянялі своечасова батарэйкі. Прычына пажару высвятляецца.

Фота: МНС

У Касцюковічах праходзіць свята паэзіі “Пісьмянкоў луг”

Сёння ў Касцюковічах адбудуцца ўрачыстасці VII рэгіянальнага свята паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, прысвечаны творчасці знакамітага земляка Алеся Пісьмянкова. 

Пасля ўрачыстага адкрыцця фестываля і паказу канцэртных праграм на сцэне гарадскога амфітэатра, свята працягнецца на беразе ракі Бесядзь дэкламацыяй вершаў і песнямі – паведамляе газета “Голас Касцюкоўшчыны”.

На час правядзення фестываля, з 10.30 да 21.30 па вуліцы Ленінскай – ад гасцініцы «Касцюковічы» да будынка РВПС – і па вуліцы Камсамольскай, ад будынка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама да будынка РВПС бузе перакрыты рух транспарту.

Фота архіўнае, з адкрытых крыніц

Жыхар Касцюковіцкага раёна ледзь не забіў рыдлёўкай двух чалавек з рэўнасці

Касцюкаўчанін атрымаў 15 гадоў турмы за замах на былую каханую жанчыну і яе сужыцеля.

У нецвярозым стане мужчына прыйшоў у дом, дзе знаходзілася яго былая пасія і яе каханы. Пачалася сварка, у выніку якой нецвярозы схапіў у рукі штыкавую рыдлёўку і стаў жорстка збіваць гаспадара дома і жанчыну.

Агрэсар нанёс пацярпелым шматлікія ўдары па розных частках цела, у тым ліку жыццёва важным органам. Прычым ён біў таксама металічнай завостранай часткай рыдлёўкі, спрабуючы забіць сваіх ахвяр. На шчасце, ахвяры засталіся жывыя, пацярпелым была своечасова аказана медыцынская дапамога.

На судзе нападнік прызнаў віну толькі часткова. Ён сцвярджаў, што не збіраўся нікога забіваць, а толькі хацеў адпомсціць з рэўнасці, бо жанчына пайшла да другога – паведамляе інфармацыйнае агенства БелТА.

Магілёўскі абласны суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён таксама выплаціць пацярпелым 40 тысяч беларускіх рублёў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды.

Фота ілюстрацыйнае