У вёсцы Ходаравічы Горацкага раёна вечарам 6-га лютага ратавальнікі былі выкліканыя на пажар у прыватным доме. Гаспадар хаты. 57-гадовы пенсіянер быў шпіталізаваны з атручэннем прадуктамі гарэння. Папярэдняя прычына пажару – неасцярожнасць пры курэнні, паведамляе прэс-служба МНС
Адна з двух цэнтральных вуліц у Горках – вуліца Савецкая – ператварылася ў суцэльную яму, пішуць horki.info.
У сярэдзіне студзеня выданне ўжо звяртала ўвагу на тое, наколькі сапсавалася асфальтавае пакрыццё вуліцы. Але раней самыя вялікія з існуючых ямін можна было хаця б аб’ехаць. Зараз жа папсаванае ўсё дарожнае палатно.
Вуліца Савецкая (Мсціслаўка) – адна з двух цэнтральных у Горках. Праблемны ўчастак дарогі, які добра бачны на гэтых фатаграфіях, знаходзіцца не на ўскраіне, а ў цэнтры горада.
Адміністрацыя гарадскога стадыёна ў Горках пачысціла ад снегу адну бегавую дарожку і ўвяла плату за карыстанне ёй – 2.20 рублі за адну гадзіну, пішуць horki.info.
– Вельмі цікавая гісторыя. Цяпер, каб людзям схадзіць на стадыён, трэба заплаціць 2,20 за гадзіну. – абураюцца жыхары райцэнтра ў сацыяльных сетках – Гэта без інструктара і медработніка – проста пахадзіць па стадыёне. Там шмат людзей пенсійнага ўзросту і тых, хто аднаўляецца пасля інсульту. Ну, хоць інвалідам бясплатна.
Horki.info спраўдзілі інфармацыю пра новаўвядзенне ў адміністрацыі стадыёна. Аказалася, што сапраўды, гадзіна карыстання бегавой дарожкай каштуе 2 рублі 20 капеек з чалавека. Гэты фармат працы праходзіць у тэставым рэжыме. Расчышчана пакуль толькі адна дарожка па крузе. Адначасова карыстацца ёй могуць некалькі чалавек. Наведвальнікам дазволяць таксама скарыстацца распранальняй.
Двое жыхроў Горак былі затрыманыя на водасховішчы “Леніно” каля аднайменнай вёскі Горацкага раёна. Знаходзячыся ў 30 метрах ад берагавой лініі, яны лавілі рыбу на чатыры сеткі, агульнай даўжынёй у 222 метры – піша “Горацкі веснік”. Абодвум рыбакам выпісаны штраф у 5 базавых велічынь.
Вуліца Савецкая ў Горках – цэнтральная, па ёй актыўна ходзіць транспарт – піша выданне horki.info. І вось як выглядаюць на ёй асобныя ўчасткі асфальтавага пакрыцця.
За найгрубейшыя парушэнні заканадаўства прыпынена праца гандлёвага аб’екта ў горадзе Горкі – паведамляе прэс-служба Камітэта дзяржкантроля Беларусі.
Пры праверцы магазіна, які належыць мясцоваму індывідуальнаму прадпрымальніку, работнікамі Камітэта дзяржкантролю выяўлены факты завышэння цэн на розныя тавары. Так, на вінаград гандлёвая надбаўка была завышаная на 100%, на хурму – на 110% і г.д.
Таксама ў продажы знаходзіліся больш за 40 найменняў тавараў, на якіх не была адлюстравана неабходная інфармацыя аб іх складзе, даце вырабу, тэрміне прыдатнасці, вытворцы, і 7 найменняў тавараў (агародніна і садавіна) без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё і якасць гэтай прадукцыі.
Па патрабаванні КДК Магілёўскай вобласці дзейнасць крамы прыпыненая.
У вёсцы Нівішчы Горацкага раёна патруль міліцыі спрабаваў спыніць аўтамашыну Audi, аднак кіроўца выбраў уцёкі.
Нягледзячы на тое, што ў аўтамабілі знаходзілася некалькі пасажыраў – усяго ехала чацвёра – вадзіцел на хаду выскачыў з Audi, пасля чаго машына заехала ў снежны сумёт.
Кароткая пагоня сконылася арыштам кіроўцы. Высветлілася, што аўтамабілем кіраваў нецвярозы 31-гадовы жыхар Горак, які раней быў пазбаўлены пасведчання кіроўцы. Цяпер яму пагражае адміністрацыйная адказнасць за нецвярозую паездку, бяспраўнае кіраванне і невыкананне патрабаванняў супрацоўніка міліцыі – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.
У Быхаве і Горках збіраліся краязнаўцы і гісторыкі.
28 снежня ў сценах Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі на кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін факультэта бізнэса і права прайшла VIII Міждународная краязнаўчая канфэрэнцыя «Бацькаўшчына».
Цікавым дакладам на ёй адзначыўся выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Уладзімір Зарэмскі, які выступіў з тэмай «Сафійская школа ў гісторыі магілеўскага масларобства і сыраробства».
Канферэнцыя выклікала пэўную цікавасць сярод вучоных, выкладчыкаў і студэнтаў не толькі Акадэміі, але і іншых навучальных устаноў нашай краіны – арганізатары атрымалі на разгляд каля 100 навуковых прац.
29 снежня 2022 года ў Быхаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі прайшла штогадовая навукова-практычная канферэнцыя “Быхаўскія краязнаўчыя чытанні – XII”.
На краязнаўчых чытаннях было прадстаўлена два з паловай дзясяткі дакладаў, якія ахопліваюць розныя гістарычныя перыяды мінулага Быхаўшчыны, даследаванні ў галіне археалогіі, краязнаўства і крыніцазнаўства, а таксама матэрыялы, прысвечаныя вядомым ўраджэнцам Быхаўскага раёна.
Напрыклад, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Сяргей Жыжыян выступаў з двума паведамленнямі “Злачынствы халакоста на тэрыторыі Быхаўскага раёна” і “Фалерыстыка Быхаўскага аэрадрома”.
Настаўнік Магілёўскага абласнога ліцэя Павел Сініла асвяціў ва ўласным дакладзе гісторыю даследавання стаянкі каменнага века Бароўка 1Б, а краязнаўца Анатоль Даронін асвяціў тэму “ Гандаль на Быхаўшчыне ў ХІ-ХІV ст. па дадзеных археалагічных і краязнаўчых назіранняў”. Важная тэматыка была паднята і гісторыкам Яўгенам Балберавым, які выступіў з паведамленнем аб палітычных рэпрэсіях на Быхаўшчыне. Аднак большая частка дакладчыкаў прысутнічалі з матэрыяламі, прысвечанымі падзеям апошняй сусветнай вайны.
Па выніках абодвух канферэнцый плануюцца выданні зборнікаў артыкулаў, якія пабачаць свет ужо ў наступным годзе.
Атрыманне геральдычнага сімвала Горкамі адбылося 27 жніўня 1867 года. Гэтаму папярэднічала ператварэнне паселішча ў павятовы цэнтр, што юрыдычна было замацавана 28 снежня 1861 года.
Дагэтуль Горкі былі толькі казённым мястэчкам, а павятовы цэнтр знаходзіўся ў Копысі, з якога ў Горкі і былі пераведзены павятовы суд з дваранскай аптэкай, павятовае казначэйства, паштовая кантора, гарадская бальніца, канцылярыя і іншыя ўстановы.
Важна адзначыць, што першы варыянт гарадскога сімвала быў распрацаваны яшчэ ў 1862 годзе, аднак ён не быў зацверджаны. Другі варыянт гарадскога сімвала атрымаўся ўдалым, пазнавальным і сэнсава звязаным з асаблівасцямі месца.
На эмблеме Горак выяўлены тры горкі, яікя адлюстроўваюць халмісты ланшафт горада і ваколіц. У сваю чаргу зялёныя калоссі, што вырастаюць з гор, абазначаюць паселішча як цэнтр развітога земляробства. Сапраўды ў гэты час Горкі ператварыліся ў цэнтр сельскагаспадарчай адукацыі, бо ў 1840 годзе была адкрыта земляробчая школа, якая ў 1848 г. была ператворана ў земляробчы інстытут. Аднак шчыт герба горада на той час падзяляўся на дзве часткі, дзе адну займаў сучасны сімвал Горак, а другую герб Магілёўскай губерні. Боль за тое, тагачасны герб з двух частак быў аздоблены вежай з трыма зубцамі.
Вось як гэта выглядала – на прыкладзе іншых гарадоў і мястэчак Магілёўшчыны
На працягу часу герб горада панёс некаторыя змяненні:знікла вежа з зубцамі і герб Магілёўскай губерні, аднак самая галоўная эмблема засталася і менавіта яна сімвалізуе цяперашнія Горкі.
Займаць месцы для стаянкі транспартных сродкаў людзей з інваліднасцю лічыцца парушэннем Правілаў дарожнага руху, ды і неэтычна па маральных прынцыпах – адзначалі парушальнікам інспектары ДАІ падчас мерапрыемства.
Такія рэйды ў горадзе праводзяцца раз у квартал – піша “Горацкі веснік”. Звычайна правяраюцца паркоўкі каля цэнтральнай раённай бальніцы, стаматалагічнай паліклінікі, крам «Санта» і іншыя. За стаянку на месцы для інвалідаў транспартам, які не мае на гэта права, прадугледжаны штраф да двух базавых велічынь. Падчас горацкага рэйда былі ўстаноўленыя два выпадкі неправамернай паркоўкі. Кіроўцам былі выдадзены папярэджанні, а за паўторнае падобнае парушэнне іх ужо будзе чакаць штраф.