Ветэран вайны з-пад Чэрыкава адзначыла 100-гадовы юбілей і атрымала пашпарт на 25 гадоў

Жыхарка вёскі Чарнышын Чэрыкаўскага раёна Ева Марудзенка з’яўляецца не проста чалавекам з багатай працоўнай біяграфіяй, але таксама ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. 

Віншавалі чэрыкаўлянку з юбілеем прадстаўнікі райвыканкама, міліцыі і нават школьнікі. Але акрамя цёплых слоў удзячнасці і падтрымкі доўгажыхарцы падаравалі кветкі і новы пашпарт, які разлічаны ажно на 25 год. 

Разынкай віншавання сталася выступлення артыстаў Верамейскага сельскага Цэнтра культуры, якія выказалі свае пажаданні песняй. Яны падрыхтавалі і выканалі спецыяльна для юбіляра некалькі музычных нумароў – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Між іншым, шлях жанчыны-доўгажыхаркі лёгкім не назавеш, бо на сваім вяку яна пабачыла шматлікае, і самымі страшнымі былі, вядома ж, гады вайны і пасляваеннай разрухі. Але любоў да жыцця, роднага краю і людзей, адданая праца загартавалі яе і далі сілаў і здароўя дажыць да сваёй залатой даты.

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Турзлёт для сеньёраў “Чэрыкаўскі прывал” пройдзе 23 чэрвеня

Абласны турзлёт “Чэрыкаўскі прывал-2023” пройдзе ў пятніцу 23 чэрвеня на тэрыторыі зоны адпачынку ў вёсцы Горкі Чэрыкаўскага раёна. Ён збярэ  каманды з Горак, Клімавіч, Краснаполля, Круглага, Слаўгарада, Чавус і Чэрыкава – паведамляюць мясцовыя СМІ. 

Турыстычны злёт праводзіцца з 2016 года сярод грамадзян пажылога ўзросту, якія наведваюць аддзяленні сацыяльнай рэабілітацыі, рэабілітацыі інвалідаў і дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту на тэрыторыі Магілёўскай вобласці. Мерапрыемства праводзіцца ў рамках Нацыянальнай стратэгіі “Актыўнае даўгалецце- 2030”.

У праграму турзлёту ўключаны творчыя конкурсы, спартыўныя, інтэлектуальны і гастранамічныя спаборніцтвы.

Мэта спартыўнага форума –  прыцягнуць грамадзян пажылога ўзросту, сеньёраў, да рэгулярных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі і спортам, далучэння да здаровага ладу жыцця, павышэння працаздольнасці і даўгалецця. 

Арганізатары запэўніваюць, што такія мерапрыемствы развіваюць камандны дух, садзейнічаюць устанаўленню кантактаў, умацаванню сувязей паміж сеньёрамі розных рэгіёнаў краіны. 

Фота з адкрытых крыніц.

У Чэрыкаве пройдзе турнір па міні-футболе

12 чэрвеня ў Чэрыкаве стартуе чэмпіянат па міні-футболе сярод аматарскіх каманд, прадпрыемстваў і арганізацый памяці ветэрана фізічнай культуры і спорту М.С.Ляпкова.

У чэмпіянаце, які будзе праходзіць па кругавой сістэме, прымуць удзел не толькі чарыкаўляне, бо плануецца ўдзел каманд з Клімавіч і Крычава. Упершыню змогуць прыняць удзел у турніры юныя футбалісты, якія дасягнулі 16-гадовага ўзросту і паспрабаваць забіць свой гол у старэйшым за сябе сапернікам – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”. 

Гульні будуць праходзіць штотыдзень па панядзелках, серадах і пятніцах на гарадскім стадыёне.

Фота ілюстрацыйнае

Пад Чэрыкавам тры чалавекі шукалі могілкі і заблукалі ў лесе

Група з трох чалавек – сямейная пара і іх знаёмы – прыехала для наведвання могілак у вёсцы Навамалінаўка Чэрыкаўскага раёна. Падчас пошукаў могілак двое мужчын і жанчына заблудзіліся ў лесе. Каля 14:00 4 чэрвеня яны падалі сігнал трывогі, і ў 16:35 іх знайшлі ратавальнікі. У пошуках удзельнічалі 11 чалавек на 5 адзінках тэхнікі – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Жыхар Чэрыкава фатаграфаваў непаўналетнюю пляменніцу аголенай і забыў тэлефон у сяброў

На 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму асуджаны жыхар Чэрыкава за сэксуальныя дзеянні ў дачыненні да непаўналетняй пляменніцы. Дачакаўшыся, калі дзяўчынка застанецца адна дома, ён фатаграфаваў яе аголеную і здзяйсняў іншыя дзеянні супраць полавай недатыкальнасці – паведаміў пракурор Чэрыкаўскага раёна Аляксандр Маісееў на старонках выдання “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Мужчына мэтанакіравана застаўся сам насам са сваёй пляменніцай, калі дома не было яе бацькоў і зрабіў серыю парнаграфічных фотаздымкаў дзеля свайго самазадавальнення. Дзяўчынка пры гэтым, з-за асаблівасцяў развіцця, не магла ўсвядоміць таго, што адбываецца – адзначаецца ў публікацыі. Злачынства было раскрыта выпадкова. Пасля п’янкі ў кампаніі сяброў, мужчына забыў свой тэлефон дома ў знаёмай жанчыны. Каб даведацца, каму належыць тэлефон, жанчына разблакіравала яго і паглядзела галерэю фотаздымкаў. Пабачыўшы фота непаўналетняй дзяўчынкі, якую яна і сама ведала, адразу звярнулася ў міліцыю.

Фота ілюстрацыйнае

Тры горада Магілёўшчыны прызнаны лепшымі ў краіне па добраўпарадкаванні

Савет міністраў Беларусі зацвердзіў пастанову аб выніках агляда-конкурса паміж гарадамі Беларусі па ўзроўні добраўпарадкавання і санітарным стане. У першай катэгорыі, куды адносяцца абласныя цэнтры, перамог Брэст. У другой катэгорыі, сярод гарадоў з насельніцтвам звыш 50 000 чалавек, лепшымі сталі Мазыр і Бабруйск.

У чацвёртай катэгорыі, сярод гарадоў да 10 000 насельніцтва, у ліку лепшых апынуліся Бялынічы і Чэрыкаў.

Фота: bobrlife.by

У двух раёнах Магілёўшчыны дазволілі наведваць лясы – Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім

Забарона на наведванне захоўваецца для ўсіх астатніх раёнаў Магілёўскай вобласці – паведамляе афіцыйны сайт Міністэрства лясной гаспадаркі.

У цэнтральных і ўсходніх раёнах Беларусі захоўваецца ІV клас пажарнай небяспекі. У Віцебскай і Мінскай абласцях забаронены або абмежаваны да наведвання лесу ў 20 раёнах у кожнай, у, Гомельскай – ва ўсіх раёнах. Забарона наведваць лясы дзейнічае ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці, акрамя Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага – тут знятыя ўсе абмежаванні.

Фота з адкрытых крыніц

У крамах Чэрыкава акцыя – за знойдзены пакупніком пратэрмінаваны прадукт свежы дадуць бясплатна

На Чэрыкаўшчыне ўведзена праграма “Спажывецкі кантроль”. Асноўны яе прынцып: калі ты знайшоў у краме няякасны тавар – атрымай бясплатна добры.

У гэты праект уключыліся амаль з дзясятак крамаў чэрыкаўскага спажывецкага таварыства. Мэта такой праграмы – выключыць выпадкі рэалізацыі тавараў са скончаным тэрмінам захоўвання. Кіраўнікі чэрыкаўскіх магазінаў адзначаюць, што прадаўцы самі ўзмацнілі кантроль над захаваннем тэхналогіі захоўвання і рэалізацыі прадуктаў харчавання. Натуральна, што такі падыход пойдзе на карысць як пакупнікам, так і іміджу гандлёвых аб’ектаў – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

У сваю чаргу ў аддзеле эканомікі Чэрыкаўскага райвыканкама тлумачаць, што праграма “Спажывецкі кантроль” – гэта нават не акцыя, а гандлёвая палітыка, і заклікаюць далучацца да яе ўладальнікаў іншых гандлёвых аб’ектаў.

Фота ілюстрацыйнае

Пешаходная дарожка ў Чэрыкаве, пра якую проста забылі – фота

Пешаходную дарожку на вуліцы Міра ў Чэрыкаве будаўнікі проста кінулі недарабіўшы. Гарадскія службы не заўважаюць праблемы. 

Яшчэ з мінулага года ў Чэрыкаве актыўна вяліся працы па падрыхтоўцы аб’язнога шляху падчас рэканструкцыі маста праз Сож. Тады па шэрагу ўчасткаў вуліц Карла Маркса, Чырвонарэвалюцыйная, Пралетарская, Міра быў выкладзены новы асфальт, па адным баку гэтых жа вуліц былі абсталяваны тратуары. Але адзін з участкаў для руху пешаходаў застаўся недаробленым.

Мяцовыя жыхары занепакоены станам тратуара, бо паворот з Пралетарскай на вуліцу Міра – адзін з самых крутых участкаў аб’язнога шляху, мае практычна 90 градусаў. Пры гэтым ён не праглядаецца, што стварае небяспеку ў першую чаргу для пешаходаў.

Так званая пешаходная дарожка мала на яе падобная, бо ўся ў ямах, няроўнасцях, з глыбокім ровам па правым краі. Выглядае, што тратуар проста кінулі, не дарабіўшы. Чэрыкаўляне рэдка карыстаюцца такімі прыгодамі і аддаюць перавагу перасоўванню па краю праезжай часткі. Хаця, мяркуючы па самой канструкцыі, намеры ў дарожных работнікаў зрабіць усё па правілах першапачаткова былі сур’ёзныя – паведамляе раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”. 

Фота: “Веснік Чэрыкаўшчыны”

У Чэрыкаве затрыманы буйны “металіст”

У Чэрыкаве міліцыянеры затрымалі грузавік з больш чым 16 тонамі лому чорных металаў – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама. 

50-гадовы мясцовы дырэктар прыватнага унітарнага прадпрыемства збіраў метал па раёне, скупляў яго ў насельніцтва для наступнай здачы ў пункт прыёму, але пры гэтым не меў дзяржаўнай рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пры аглядзе тэрыторыі яго дома выяўлена яшчэ больш за 16 тон лому і адыходаў чорных металаў.

Металалом на агульную суму амаль 22 000 рублёў канфіскаваны.

У дачыненні чэрыкаўскага бізнесмена складзены два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні за нарыхтоўку і перавозку металу і яго захоўванне. У суме яму пагражае штраф да 7 400 рублёў.

Фота мае ілюстрацыйны характар