Нашэсце тараканаў у магілёўскай маласямейцы на Астроўскага – камунальнікі гадамі не могуць дапамагчы, відэа

Ужо некалькі гадоў жыхары дома з кватэрамі маласямейнага тыпу па вуліцы Астроўскага, 58 скардзяцца на нашэсце тараканаў. 

– Відавочна, што тараканы вылазяць са скляпення, але ў ЖЭУ кажуць, што там суха і чыста, так што там не можа быць гэтых насякомых. – распавядае аўтар відэа, размешчанага ў папулярных сацыяльных сетках – У сябе ў кватэры мы ўжо тры гады змагаемся з гэтай бядой рознымі сродкамі. Безвынікова, атрымліваецца пазбавіцца ад тараканаў толькі часова і на даволі кароткі тэрмін. Некалькі разоў звярталіся на гарачую лінію, і нам усё абяцаюць вырашыць праблему, і лісты шлюць, што праведзена праца і апрацоўка месцаў вялікай колькасці. Але на справе іх праведзеная работа – гэта мялком памаляваць каля кватэр.

З’явілася загадкавая выява Магілёва 1818 года

“Начны пейзаж” Франца фон Вільбоа стаў здабыткам калекцыянера Аскольда Смірнова, які захапляецца графікай пачатку ХІХ стагоддзя. Паведамленне пра набытак было размешчана калекцыянерам у закрытай групе “Клуб коллекционеров графики” на Facebook. 

“Вельмі цікавае папаўненне маёй калекцыі: выдатны “Начны пейзаж” пэндзля мастака-аматара, аднаго з нашчадкаў знакамітай арыстакратычнай сям’і Вільбоа (Вільбуа). – піша Аскольд Смірноў у сваім каментарыі да малюнка – У экспертным заключэнні Вольга Сяргееўна Глебава адзначала арыгінальны характар ​​пейзажа (згодна з аўтарскім надпісам на манціровачнай паперы, ён быў выкананы, відавочна, у наваколлях Магілёва, які ўваходзіў тады ў склад Расійскай імперыі). Акрамя таго, “рамантычны сюжэт і мініятурны фармат акварэлі дазваляюць выказаць здагадку, што яна была выканана ў якасці сувеніра і магла існаваць у рукапісным літаратурна-мастацкім альбоме, якія былі надзвычай папулярныя ў гэты перыяд”.

Малюнак вельмі маленькі, усяго 8,9 на 12,5 сантыметраў. Выяўлены на ім будынак пакуль пакідае ў збянтэжанасці магілёўскіх аматараў старажытных выяваў горада. Так, вядомы магілёўскі калекцыянер Алег Давід Лісоўскі ў размове з Магілёў.media адзначыў: “загадкавы малюнак… шкада, што няма нiякiх зачэпак”. 

Па словах Алега, у Магілёве цяжка знайсці мясцовасць, якая б адпавядала выяўленай на малюнку. Найбольшыя пытанні выклікае домік на акварэлі – “цяжка сказаць, дзе такое магло быць, бо кожную вясну той дом залiвала б цалкам паводкай.” – падзяліўся сваімі сумненнямі Алег Лісоўскі.

Разам з тым, подпіс на акварэлі адназначны: Mohileff. 1818 – F. v Villebois.

Наконт асобы аўтара калекцыянер Аскольд Смірноў піша: “Упамінанне пра Франца фон Вільбоа ўдалося знайсці ў кнізе “Schüler-Álbum des Dorpatsehen Gymnasiums von 1804 bis 1879” (Дэрпт, 1879, С. 6), дзе пазначана, што юны Франц скончыў адну з дэрпцкіх гімназій у 1807 годзе. Вялікую дапамогу аказаў таксама сайт Geni.com, дзе ўдалося прасачыць гісторыю гэтага роду і знайсці даты жыцця некаторых яго прадстаўнікоў. Так, бацька Франца – Стэфан Гільём дэ Вільбоа (1757-1835), уладальнік маёнтка ў Курыста ў Эстляндыі, а дзед – вядомы ў рускай гісторыі Аляксандр Мікіціч Вільбоа (Alexander Guillemot de Villebois; 1716-1781) – восьмы генерал-фельдцэхмейстар, які ярка праявіў сябе падчас Сямігадовай вайны. Ён быў, у сваю чаргу, малодшым сынам віцэ-адмірала, паплечніка Пятра I Мікіты Пятровіча Вільбоа (1681-1760).”

Расійскія вайскоўцы занялі Асіповіцкі артылерыйскі палігон

Беларускія ваенныя інструктары навучаюць ваяваць мабілізаваных на вайну расійскіх рэзервістаў пад Асіповічамі. Рэха выбухаў стала мясцовай штодзённасцю. 

Афіцыйна анансавана, што ў Беларусь на розныя палігоны ў бліжэйшы час прыбудуць 9 тысяч расійскіх салдат. Частка з іх размешчана на Магілёўшчыне.

Мясцовыя жыхары адзначаюць, што расіяне пачалі прыбываць у Асіповічы яшчэ да таго, як было афіцыйна абвешчана аб стварэнні “сумеснай групоўкі войскаў”. Сур’езных канфліктаў паміж расіянамі і беларусамі пакуль не назіраецца. Хаця любоў мабілізаваных ваяк да паходаў у харчовыя магазіны за так званымі “моцнымі” прадуктамі штодзённага ўжывання, асіпаўчане ўжо прыкмецілі.  А да кананады ад выбухаў тутэйшы люд ужо прызвычаіўся. 

“Сталіцай беларускай артылерыі” пафасна называе Асіповічы дзяржаўная прэса. У савецкія часы ў горадзе кватаравала артылерыйская дывізія. Цяпер жа ў ваенным гарадку Паўднёвы суседнічаюць 51-я гвардзейская артылерыйская брыгада, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада і 465-я ракетная брыгада. 

фота: sb.by

Не дзіўна, што на палігоне пад Асіповічамі вядзецца падрыхтоўка расійскіх артылерыстаў. 

 

“Вайна грыбоў” у лясах Усходняй Еўропы можа пакінуць нас без звыклых баравікоў

Упершыню амерыканскі “залацісты баравік” быў зафіксаваны па-за межамі Амерыкі ў сумежнай з Беларуссю Літве ў 2011 годзе. А ўжо праз некалькі гадоў эколагі забілі трывогу. Гэты інвазіўны від можа выцесніць з лясоў мясцовы грыб-баравік.

Boletus projectellus упершыню быў апісаны амерыканскім міколагам Уільямам Альфонса Мурылам у 1938 годзе. У Паўночнай Амерыцы яго арэал уключае ўсход Канады (Нью-Брансўік) на поўдзень да Паўночнай Караліны і на захад да Мічыгана. У 2011 годзе ўпершыню было зарэгістравана паяўленне “залацістага баравіка ў Еўропе – у Літве на Куршскай касе. У 2013 годзе пра яго таксама паведамлялі ў Латвіі, дзе ён быў абвешчаны «грыбком 2014 года». Пазней паступілі паведамленні, што амерыканскія грыбы з’яўляюцца ў Польшчы, Нарвегіі, Даніі Эстоніі. 

Чытачы Магілёў.media паведамляюць, што незвычайныя высокія і танклявыя баравікі сустракаюцца ўжо і ў нашых лясах. Эколагі ўстрывожаныя падобным імклівым распаўсюджваннем амерыканскага баравіка. Калі стане вядома, што грыб пагражае іншым пародам, змагацца з ім будзе практычна немагчыма, піша Delfi.lv: яго міцэлій злучаецца з каранямі дрэў, і каб пазбавіцца ад грыба, давядзецца знішчаць усе дрэвы.

Залацісты баравік, як і яго традыцыйныя субраты – мікарэзны грыб. Яго грыбніца ўтварае сімбіёз з каранямі вышэйшых травяністых і драўняных раслін – мікарызу. Грыб “дае” расліне ваду і мінеральныя рэчывы, а ад расліны атрымлівае вуглярод. Спецыялісты па вывучэнні грыбоў, міколагі, падазраюць, што залацісты баравік больш “прыязны” для дрэў і можа “каланізаваць” расліны першым, пазбаўляючы еўрапейскія грыбы шанцу на выжыванне. 

Міколаг Дыяна Мэіеры з Музея прыроды Латвіі кажа, што пакуль што рана рабіць высновы, як залацісты баравік паўплывае на мясцовыя віды, таму што даследаванняў пакуль не было. Паводле яе слоў, гэты грыб можа канкурыраваць з жоўта-бурымі маслятамі і хваёвымі белымі грыбамі, але наколькі моцна, пакуль незразумела.

На Магілёўшчыне абсталяваны ўжо пяць участкаў дарог з сістэмамі кантролю сярэдняй хуткасці – мапа

Пяты комплекс катролю сярэдняй хуткасці быў устаноўлены ў аграгарадку Рэчыца Чэрыкаўскага раёна – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Сістэма кантралюе адрэзак трасы Р-43 працягласцю ў 1 кіламетр 366 метраў. 

Адна камера знаходзіцца ў пачатку населенага пункта, а другая ў канцы. Імі аўтаматычна вылічваецца сярэдняя хуткасць праезду населенага пункта. Калі яна перавышае 60км/г, то ўладальнік аўто атрымлівае па пошце квітанцыю на штраф. 

Усе адрэзкі дарог Магілёўшчыны, на якіх ужо абсталяваныя сістэмы кантролю сярэдняй хуткасці можна пабачыць на гэтай мапе (выдзеленыя фіялетавым).

 

 

Падгор’е – лірычнае відэа з былога фальварка ў Быхаўскім раёне

Падымаем настрой выхаднога восеньскага дня відэазамалёўкай з Быхаўскага раёна. 

 

Вёска Падгор’е знаходзіцца далёка ад турыстычных маршрутаў, але тут ёсць на што паглядзець выпадковаму падарожніку. Стары млын і вінакурня захаваліся з часоў, калі ў вёсцы размяшчаўся фальварак. Будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў крыху пашкоджаныя часам, але збольшага пакінулі свой аўтэнтычны выгляд і трывалы стан. 

Трэці суботнік запар ладзіцца ў Магілёве

Недахоп фінансаў ці кепскае добраўпарадкаванне? Ці проста новы мэр хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка?

Гарвыканкам заклікаў магілёўцаў паўдзельнічаць у агульнагарадскім суботніку 22 кастрычніка. Папярэдні суботнік быў два тыдні таму, а з часу суботнікаў у Кастрычніцкім і Ленінскім раёнах не прайшло і тыдня. 

Увага нададзена ўборцы і добраўпарадкаванню двароў, плошчаў, сквераў, вуліц, паркаў, зон адпачынку і іншых аб’ектаў сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння. Таксама – мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы, тэрыторый арганізацый, навядзенні парадку ў прамысловых зонах, гаражна-будаўнічых кааператывах, ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. Запланавана таксама пасадка дрэў і кустоў. Суботнік праходзіць у рамках месячніка па добраўпарадкаванні, аб’яўленага ў абласным цэнтры з 13 кастрычніка па 12 лістапада. 

У чым прычына падобнай суботняй актыўнасці? 

Усе запланаваныя працы ўжо рабіліся ў мінулыя суботы. Можа, магілёўцы кепска працавалі на ранейшых суботніках? 

Экстраннай сітуацыі для суботніка, надзвычайных катаклізмаў у горадзе таксама не назіраецца. Асаблівых новых планаў работ зноў жа няма. Ну не восеньскае ж лістоўе стала прычынай суботніка? 

Там дзе няма канкрэтыкі ад уладу маючых, нараджаюцца чуткі. Нездарма ў горадзе ўжо пляткараць, што папросту так новы мэр Студнеў хоча заявіць пра сябе, як пра актыўнага і ініцыятыўнага кіраўніка. Пра гэта ўжо пісалі Магілёў.media. 

З іншага боку, некаторыя эканамісты ўказваюць на фінансавы складнік акцыі. Кожная арганізацыя і прадпрыемства павінны пералічыць пэўную суму грошай, якую нібыта зарабілі калектывы ў гэты дзень, у незалежнасці ад таго, якія віды работ яны выконвалі. Таму, магчыма, празмерная колькасць суботнікаў выклікана простым недахопам фінансаў у гарадскім бюджэце. 

Як бачым, версій многа, а дакладнага адказу няма, бо ўлада кепска патлумачыла гораду неабходнасць працаваць трэцюю суботу запар. 

Тры “салодкія” муралы ад Сасюры ўпрыгожылі Магілёўшчыну, два ў Магілёве і адзін у Бабруйску

Адзін з твораў стаў лепшым новым муралам свету, але амаль не вядомы самім жыхарам горада.

«Бацькоўскі кут» Яўген Сасюра нядаўна намаляваў на будынку па праспекце Міра, 61. Гэта не першы мурал аўтара ў горадзе. У 2020-м падобны “салодзенькі”, як кажуць дызайнеры, твор упрыгожыў вуліцу Першамайскую, а яшчэ адзін радуе вока бабруйчан. 

Аматары вулічнага мастацтва ў Магілёве адразу звярнулі ўвагу на падабенства новага мурала і дзяўчынкі на Першамайскай. І яны сапраўды пазналі руку аднаго майстра. Стылёва муралы шмат у чым падобныя, а вось па сімволіцы маюць адрозніванні. Дапытлівым гледачам ёсць пра што паразважаць і на што паглядзець. 

“Бацькоўскі кут” на праспекце Міру

Арт-аб’ект нанесены на тарэц будынка па праспекце Міра, 61. Плошча роспісу – 330 квадратных метраў. Манументальны роспіс працягвае рэспубліканскі праект “Традыцыі дзеля будучыні”, які здзяйсняецца ў гонар 100-годдзя Беларусбанка.

Стваральнік мурала – вядомы беларускі вулічны мастак Яўген Мutus Сасюра. Насамрэч, Яўген не адзіны аўтар твора. Над роспісам працавалі мастакі і дызайнеры арт-супольнасці @urbansignal. 

 “У аснове кампазіцыі — выява гнязда, сімвал роднай хаты і Пачатку. Сюжэт з гняздом на Дрэве жыцця часта сустракаецца ў беларускім фальклоры… На карціне намалявана маладая жанчына над “горадам-гняздом” з Магілёўскай ратушай унутры. Дзве птушкі прыносяць у гняздо залаты ключ і манету… На працягу ўсёй гісторыі Магілёў быў адным з найбагацейшых гарадоў на тэрыторыі Беларусі. Дзякуючы прадпрымальнасці і ўпартай працы яго жыхароў” – растлумачыў мастак сваё бачанне твора. 

“Дзяўчынка з птушкай” на Першамайскай

Першы падобны “салодкі” мурал ад Сасюры месціцца на вуліцы Першамайская 50 на рагу з вуліцай Карабанаўская і ўжо мае сваю гісторыю.  У 2020-м амаль тузінам муралаў горад упрыгожыў Цэнтр гарадскіх ініцыятыў. Самым манументальным і рэзанансным у свеце стала менавіта “Дзяўчынка з птушкай”. Яна была прызнана ў год стварэння (па версіі галасаванкі на сайце аднаго з аўтарытэтных мастацкіх часопісаў Еўропы) адным з лепшых новых муралаў свету. 

Так атрымалася, што мурал дзяўчынкі з птушкай на Першамайскай застаўся ў самім горадзе малавядомым. Нягледзячы на міжнародны поспех, у Магілёве яго мала хто ведае. Тарэц дома №50 непрыкметны, а розгаласу ў горадзе не было. 

Бабруйскі мурал 

Для параўнання і ўяўлення пра стыль аўтара варта паглядзець мурал, да якога зноў мае дачыненне Сасюра, толькі цяпер у Бабруйску. Тут зноў мы бачым дзяўчынку на арэлях над старажытным горадам і вельмі мілы сюжэт. Пра яго ўжо пісаў наш сайт

Кампазіцыі ва ўсіх выпадках, асабліва ў магілёўскіх, трымае мілы вобраз дзяўчыны ці жанчыны. Адразу кідаецца ў вочы, што аўтары эксплуатуюць жаночую прыгажосць, жаночы пачатак для стварэння пазітыўнага настрою карціны. 

Вобраз птушкі таксама нязменны элемент беларускага фальклёру. Павы, стрыжы, галубы, каршуны, крумкачы – каго толькі няма ў нашай народнай творчасці. Птушкі сімвалізуюць людзей, якія разлятаюцца па свеце, але заўсёды вяртаюцца дамоў. Больш таго, у беларускіх казках і песнях часта сустракаецца вобраз дзяўчыны-птушкі: «Абярнулася падчарка шэрай птушкай, запела і паляцела». Што хацелі сазаць вобразам птушкі, самі стваральнікі не патлумачылі, але відавочна, што гэта нейкая добрая вестка ці істота.  На карціне адна з птушак нясе залаты ключ – традыцыйны сімвал пачатку вясны, адраджэння жыцця, другая – трымае манетку, якая сімвалізуе дабрабыт.

Дзяўчына ці жанчына з птушкай, па шчырасці, заежджаная ў мастацтве тэма. У залежнасці ад талента мастака атрымоўваецца па рознаму, але заўжды міла, хаця часцяком так міла, што аж ці не прыкра. Нягледзячы на розныя густы, як правіла, падобныя творы падабаюцца мясцовым жыхарам. Алергію і спрэчак, у адрозненні ад канцэптуальных карцін, такія творы, не выклікаюць. Яны супакойваюць нэрвовую сістэму, і добра. 

Пры стварэнні мурала на праспекце Міру, аўтары відавочна пайшлі далей ад проста стварэння мілага вобразу. Тут сімвалізм нашмат больш складаны. У цэнтры кампазіцыі – выява гнязда як сімвал роднай хаты, сям’і. Гераіня карціны – увасабленне кахаючай жанчыны і маці, клапатліва глядзіць на свой “горад-гняздо”, нібыта яго ахоўвае. У самім гняздзе размешчаны горад з ратушай, якая з даўніх часоў лічыцца не толькі адміністрацыйным будынкам, але і ўвасабленнем сталасці, “самастойнасці” горада.

Падобныя па стылю малявання муралы, карціны, фотаздымкі многія мастацтвазнаўцы і дызайнеры называюць “салодкімі” і лічаць самім лёгкім шляхам да масавага гледача. Але варта прызнаць, што яны сапраўды ўпрыгожваюць гарады і маюць права на жыццё. 

“Магілёўзелянбуд” распачаў штогадовыя восеньска-зімовыя пасадкі дрэў, але ў горадзе іх становіцца ўсё менш

Камунальнікам самім на руку, калі дрэвы засыхаюць – меркаванне эканаміста.

У Магілёве ў асенне-зімовы перыяд плануюць высадзіць каля 2 тыс. дрэў і 2,3 тыс. новых кустоў. “Гэтага мала” – сцвярджаюць эколагі. “За дрэвамі трэба яшчэ і даглядаць” – кажуць гарадскія актывісты.  

“Штогод у горадзе садзяцца тысячы зялёных ратавальнікаў паветра” – рапартуюць работнікі зелянбуда. Але, нягледзячы на гэта, шчыльнасць зялёных насаджэнняў зрокава змяншаецца. “Раней Магілёў быў вельмі зялёным горадам, а цяпер прыкметна палысеў” – з сумам згадваюць сваю маладосць старажылы. 

Начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела “Магілёўзелянбуд” Святлана Банкузава пярэчыць і кажашто ў чацвёртым квартале плануецца высадзіць у горадзе каля 2 тысяч дрэў і больш за 2,3 тысяч новых кустоў. Пасадку дрэў традыцыйна робяць да самай зімы, бо гэта менш траўматычны варыянт, цяпер дрэвы спяць. Такія пасадкі найлепш прыжываюцца на новым месцы. Рабіць будуць аднаўленчыя пасадкі ўздоўж вуліц і магістраляў, а не высаджваць новыя скверы. 

Акрамя гэтага, у Магілёве актыўна ідуць работы па фарміраванні кветнікаў. Увосень у горадзе плануюць высадзіць каля 7 тыс. цыбульных кветак: цюльпанаў і гіяцынтаў. Ужо вясной яны будуць радаваць гараджан і гасцей горада – абяцаюць у “Магілёўзелянбудзе”. А ў парку Падміколле зараз ідзе фарміраванне новага газона плошчай каля 9 гектараў.

У чым прычына скаргаў гараджан на дрэннае азеляненне горада? Мала садзяць дрэў ці кепска іх даглядаюць? 

Найперш трэба нагадаць пра ўшчыльненне забудовы мікрараёнаў. Новыя дамы знішчылі дрэвы, пераважна высаджаныя самімі жыхарамі без ніякіх праектаў. А новыя пасадкі не кампенсуюць вырубку.

Вось і цяпер абмяркоўваецца праект пабудовы шматпавярховага жылога дома на тэрыторыі сквера па вуліцы Каштанавай каля СШ №40 у Магілёве. Горадабудаўнікі абяцаюць захаваць дрэвы мясцовага сквера, але па плане на яго месцы паркоўка. 

Другая прычына – гэта радыкальнае каранаванне дрэў, якое ўжо шмат гадоў насуперак парадаў біёлагаў здзяйсняюць нашы камунальнікі. Дрэвы пасля неаднаразовага спілоўвання галля моцна слабеюць і гінуць. 

Трэцяе прычына – кепскі дагляд дрэў работнікамі зелянгаса. Многія гараджане звяртаюць увагу на тое, што высаджаныя дрэвы засыхаюць у першы ж сезон, бо іх ніхто не палівае. 

Арыгінальнае меркаванне на гэты конт выказаў адзін з эканамістаў: “Магілёўзелянбуд” матэрыяльна зацікаўлены ў пасадцы і каранаванні дрэў. Гэтыя работы аплачваюцца. А за прыжыванне дрэў і належны дагляд грошай не даюць. Вось і выходзіць, што камунальнікам нават карысна, калі дрэвы засыхаюць. Калі б яны атрымоўвалі фінансаванне на плошчу зялёных насаджэнняў, то ўжо праз некалькі гадоў горад быў бы зялёны.”

Як бачна, меркаванняў многа, і яны супярэчлівыя. Але тое, што праблема азелянення горада абвастраецца, а не рашаецца, сведчыць пра тое, што трэба нешта мяняць у адносінах да нашых зялёных сяброў. 

Жыхара Бабруйска пасадзілі на суткі за лампадкі, яго знайшлі па адбітках пальцаў

Вячаслава Букаса арыштавалі на 15 сутак за чатыры лампадкі, запаленыя ў Дзень незалежнасці Украіны.

У пратаколе затрымання было ўказана, што такім чынам Букас “выказваў сваю грамадска-палітычную думку да Дня Незалежнасці Украіны”. Дзве блакітныя і дзве жоўтыя лампадкі Букас запаліў каля помніка бабруйчанам, ахвярам палітычных рэпрэсій. 

Вядома, што сілавікі правялі дактыласкапічную экспертызу і на лампадках знайшлі адбіткі пальцаў Вячаслава. Фота з лампадкамі 24 жніўня былі апублікаваныя ў Тэлеграм-канале Бабруйск Online. Гэтыя фота знайшлі і ў тэлефоне мужчыны. Таксама быў дапытаны сведка, які распавёў, што асабіста бачыў, як Букас падпальваў лампадкі.