Ганьба года – у Магілёве адкапалі магчымы фундамент Чарнігаўскай брамы, і тут жа закапалі яго назад

Падчас рыцця катлавану для падземнага пераходу на скрыжаванні вуліцы Астроўскага і Пушкінскага праспекта, будаўнікі натыкнуліся на фундамент на месцы Чарнігаўскай брамы. Нягледзячы на тое, што паводле закона работы павінны былі спыніцца, знаходку тут жа засыпалі пяском.

Працы па пракладцы падземнага пераходу на Пушкінскім праспекце ў Магілёве, якія пачаліся ў канцы траўня, прывялі да прадказальнай археалагічнай знаходкі і да абсалютна прадказальнага абыходжання з ёй. Як было цудоўна вядома гісторыкам і краязнаўцам, менавіта на гэтым месцы размяшчалася Чарнігаўская брама, частка фартыфікацыйнай сістэмы старажытнага Магілёва. 

15 чэрвеня мясцовыя актывісты заўважылі, што пры правядзенні земляных работ на паверхні паказаліся рэшткі каменнай кладкі, якія па форме былі падобнымі на фундамент Чарнігаўскай брамы. Так, вядомы магілёўскі энтузіаст Леанід Платоненка апублікаваў у групе “Магілёў – горад, які быў…” у Facebook фотаздымкі знаходкі. Паводле яго меркавання, раздвоены вугал фундамента, а таксама яго размяшчэнне ніжэй самага ранняга слою глебы сведчаць пра тое, што знойдзеныя парэшткі належаць менавіта гэтаму гістарычнаму помніку.

Exif_JPEG_420

Паводле Кодэкса аб культуры Рэспублікі Беларусь (артыкул 88), у выпадку, калі падчас выканання земляных работ адбылося выпадковае выяўленне матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, арганізацыя, якая праводзіць працы, павінна “безадкладна прыпынiць работы або iншую дзейнасць на нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якiя могуць аказаць на яе ўздзеянне.”

Аднак у той жа дзень, 15 чэрвеня, знойдзеная каменная кладка была засыпаная пяском. “Замест таго, каб ідэнтыфікаваць выяўлены падмурак, гэта значыць вызначыць яго прыналежнасць, археолаг з Магілёўскага ўніверсітэта палічыў магчымым спыніць абследаванне фундамента, пасля чаго выяўлены падмурак пачалі закопваць – гэта добра відаць на здымку.” – піша Леанід Платоненка.

Exif_JPEG_420

“Стаю на месцы былой брамы. Ужо засыпалі ўсё пяском” – пацвярдзіў гэтую інфармацыю ў сваім каментарыі ў групе “Магілёў – горад, які быў…” вядомы гісторык, былы прафесар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Агееў.

Для параўнання, калі падчас правядзення работ па пашырэнні маста праз Днепр на Пушкінскім праспекце будаўнікі выявілі рэшткі фундамента Траецкай царквы, працы былі спыненыя, а ў праект будаўніцтва тэрмінова былі ўнесеныя змены. Зараз рэшткі фундамента царквы – адна з турыстычных атракцый, з інфармацыйнай таблічкай і зонай адпачынку. І гэта нягледзячы на тое, што падчас будаўніцтва маста горад таксама пакутваў ад транспартнага калапсу і кіраўніцтва Магілёва ўсімі намаганнямі імкнулася паскорыць будаўнічыя працэсы.

У 2024 годзе, як бачым, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама ўжо нашмат больш абыякавае што да гістарычнай спадчыны і да выканання ахоўнага заканадаўства. Можна ўзгадаць іншыя, але таксама характэрныя прыклады ў пацвярджэнне гэтай высновы. Калі праходзіў рамонт вуліцы Камсамольскай у Магілёве, а таксама вяліся земляныя працы на месцы былога касцёла св. Ксаверыя, то ніякага належнага кантролю з боку археолагаў не назіралася. Усе гэтыя працы “груба парушылі заканадаўства” – заявілі ў Акадэміі навук Беларусі.

Даведка: Чарнігаўская брама з’яўлялася часткай абарончых умацаванняў прадмесця Лупалава ў Задняпроўі. Яна знаходзілася на паўднёвым выездзе з горада і вядомая яшчэ з канца XVII стагоддзя. У часы магдэбургскага права яна была ўключаная ў абарончую лінію, што ахоўвала ўсё Задняпроўе. У Актавай кнізе магілёўскага магістрата маецца запіс ад 1692 года, у якім гаворыцца, што «ездили панове магистратовые на Луполов для обаченя валов, где бы мели становить брамы». У 1699 годзе брамы ў гэтым прадмесці ўжо існавалі.

У канцы XVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў Чарнігаўская брама перастала выконваць абарончыя функцыі і была замененая на каменную пабудову, якая выглядала больш прадстаўніча, чым ваяўніча. Гэтая брама была выкананая паводле тыпавога праекта – гэтак жа сама выглядалі яшчэ Быхаўская, Віленская і Шклоўская брамы ў Магілёве.

У 1920-1930-х гадах, падчас пашырэння Чарнігаўскай дарогі пад шашу, перад тым, як тут з’явіцца праспект Пушкіна, браму знішчылі. Старажылы памятаюць, што ў ХХ стагоддзі аўтобусны прыпынак на гэтым месцы доўгі час яшчэ насіў назву “Брама”.

Фота: Група ў Facebook “Магілёў – горад, які быў…” і з адкрытых крыніц.

Будынак першай магілёўскай электрастанцыі плануюць знішчыць

На яго месцы можа з’явіцца невыразны шматкватэрны дом, але абмеркаванне яшчэ не завяршылася.

Будынак першай магілёўскай электрастанцыі размяшчаецца на 2-ім Крутым завулку, каля гандлёвага цэнтра “Мацярык” і галоўнага аддзялення “Тэхнабанка”. Электрастанцыя была пабудаваная яшчэ ў 1900-я гады, а ў 1930-х яе памяшканні пераробліваліся пад жылыя кватэры. Зараз гэты дом пустуе.

У 2022 годзе актывіст Уладзіслаў Чаховіч падрыхтаваў прапанову аб наданні будынку статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дакументацыя, з якой ён звярнуўся ў магілёўскі абласны савет па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны склала 43 старонкі з дэтальным абгрунтаваннем і вялікім ілюстрацыйным корпусам. Абласны савет, аднак, прапанову адхіліў – пісалі mogilev.media. 

Цяпер Магілёўскі гарвыканкам правёў грамадскае абмеркаванне “рэканструкцыі” будынка, якая прадугледжвае поўны знос электрастанцыі і ўзвядзенне на яе месцы шараговага шасціпавярховіка, пазбаўленага якіх-небудзь эстэтычных пераваг.

“Улічваючы размяшчэнне ў самым цэнтры горада мы прадказвалі, што закінутаму будынку пагражае знос пад офісны гмах ці элітнае жыллё. – каментуюе сітуацыю з будынкам першай магілёўскай электрастанцыі аўтар тэлеграм-канала “Спадчына – Але замест элітнага жылля – звычайная калгасная каробка без якіх-небудзь пробліскаў архітэктуры.”

Па выніках грамадскага абмеркавання аб’екта, камісія гарвыканкама прыняла рашэнне адправіць праект на дапрацоўку – аказалася, што не вытрыманая норма па колькасці парковачных месцаў. Таксама плануецца правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне што да архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб’екта.

Фота: Тэлеграм-канал “Спадчына”, mogilev.media

Больш за 130 турыстычных аб’ектаў Магілёўшчыны правядуць бясплатныя экскурсіі і майстар-класы

На працягу гэтага тыдня з 3 па 9 чэрвеня ў Беларусі праходзіць акцыя “Вандруй. Адчуй. Натхняйся”, падчас якой турыстычныя аб’екты – музеі, аграэкасядзібы, прадпрыемствы – працуюць у рэжыме “адкрытых дзвярэй” для наведвальнікаў. Гэта ўжо трэцяе падобнае мерапрыемства. У 2022 годзе 516 аб’ектаў наведалі больш за 24 тыс. чалавек. У 2023-м 924 аб’екты ўбачылі звыш 58 тыс. турыстаў. Сёлета ў акцыі бяруць удзел больш за 1 200 арганізацый па ўсёй краіне, на Магілёўшчыне заяўку падалі 137 арганізацый.

Падчас акцыі можна будзе бясплатна наведаць музейную экскурсію (як правіла, дзяржаўныя музеі арганізуюць адну такую экскурсію па адной са сваіх экспазіцый) альбо пабываць на трэніровачнай базе футбольнага клуба “Днепр”. Найбольшая колькасць удзельнікаў – гэта аграэкасядзібы, якія прапануюць сваім наведвальнікам майстар-класы і музейныя заняткі. Поўны пералік усіх даступных опцый можна знайсці тут.

Фота: mogilev.media

Мастацтва загалоўка ад “Магілёўскіх ведамасцей” – палюбуйцеся

Святкаванне пасля “Залатой літары” не прайшло бясследна для галоўнай абласной газеты, падаецца. Толькі так можна растлумачыць віртуознасць публікацыі пра ўдзел дырэктрысы “Кінавідэапраката” ў калегіі Міністэрства культуры.

“Могилевчан приняли участие в коллегия Министерства культуры” – прачачная пад кіраўніцтвам Ірыны Петрусевіч наглядна дэманструе ўзровень дэградацыі выдання пасля сыходу лепшых супрацоўнікаў з калісьці паважанай рэдакцыі. 

Стала вядома, калі пройдзе “Вялікая бард-рыбалка – 2024”. Сёлета яна будзе з “патрыятызмам”

Фестываль “Вялікая бард-рыбалка” на беразе Чыгірынскага водасховішча пройдзе 26-28 ліпеня. Арганізатар Сяргей Кулягін расказаў у агульных рысах пра асаблівасці сёлетняй праграмы мерапрыемства.

– Сёлета ў нас будзе вялікі праект сумесна з выдавецкім домам “СБ – Беларусь сегодня”, гэта будзе выставачны праект патрыятычнага характару “Абеліскі вялікага подзвігу”. Мы плануем у рамках гэтага праекта выехаць з дэлегацыяй з ускладаннем кветак на адзін з памятных аб’ектаў у Магілёўскай вобласці.

Без ваеннай тэматыкі ў афіцыёзным выкананні, такім чынам, зараз не абыходзіцца практычна ніводнае мерапрыемства, нават такі сямейны адпачынак на прыродзе, якім ужо дзесяцігоддзямі ўяўляецца бардаўскі фэст у Быхаўскім раёне.

Таксама на “Бард-рыбалцы – 2024” рыхтуецца канцэрт, прысвечаны 100-годдзю Булата Акуджавы.

Фота архіўнае

Альтэрнатыўная ноч музеяў – завітайце ў магілёўскія дворыкі (шмат фота)

18 траўня адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. Прымеркавана да гэтай даты, музеі ўсяго свету праводзяць адну з самых яркіх акцый у каляндарным годзе – “Ноч музеяў”. Сёлета свае праграмы падрыхтавалі ўсе музеі Магілёўшчыны, а поўны спіс мерапрыемстваў у абласным цэнтры можна знайсці тут.

Mogilev.media традыцыйна прапануе сваю альтэрнатыўную “Ноч музеяў”, калі можна самастойна прагуляцца па начным горадзе і дакрануцца да яго багатай гістарычнай спадчыны. Мы ўжо запрашалі нашых чытачоў адчуць водар даўніны ў малавядомым закутку гістарычнага цэнтра, у завулках вакол вуліцы Дзяржынскага, а таксама на старажытных могілках. Сёлета мы прапануем прагуляцца па самым сэрцы гістарычнага Магілёва – унутраных дворыках велічных гарадскіх пабудоў, што прытуліліся збоч папулярных маршрутаў для пешых прагулак. 

Пачаць можна з дворыка за ратушай. Тут на сцяне дома цэху кушняроў радуе вока роспіс Рыгора Шараева з выявай самай старажытнай магілёўскай гравюры. 

Далей – пакуль яшчэ не самы атмасферны, але ўнікальны за кошт захаванай уязной брамы дворык дома Каніскага. 

Ну, а сапраўдная атмасфера пачынаецца каля касцёла. Аркі, цесныя праходы паміж дамамі, каменныя калодзежы са старэнькімі драўлянымі лесвіцамі, каванымі балконамі і тым самым духам некранутай старыны.

Наўрадці вы тут яшчэ не бывалі, але безумоўна не забудзьцеся завітаць у самы знакаміты і, напэўна, улюбёны “чырвоны дворык” за “Беларусбанкам” на рагу Першамайскай і Пажарнага.

Абавязкова зазірніце ў дворык “Дома польскага”. Неабазнаных падарожнікаў тут чакае невялікі сюрпрыз – на заднім фасадзе будынка захаваліся чатыры кірылічныя літары “ГО ДУ”. На фотаздымку з архіва Аляксея Вінэра, зробленым у 1939 годзе, можна пабачыць верхнюю частку гэтага надпісу, на франтоне, які не захаваўся – 1794, што азначае год узвядзення будынка.

Фотаздымак з архіва Аляксея Вінэра, 1939 год

Дворыкі за Пажарным, паміж Ленінскай і Першамайскай – той асаблівы раёнчык, без якога немагчыма ўявіць сапраўдны Магілёў – зацішны і нефасадны, крыху расцярушаны ад перажытых стагоддзяў, і такі разняволены.

Фота: mogilev.media і з адкрытых крыніц

Частку Бабруйскай крэпасці прадаюць за адну базавую

Двухпавярховы склад з часткай абарончага вала Бабруйскай крэпасці выстаўлены на аўкцыён.

Пасля продажу двух складоў Бабруйскай крэпасці, пра што мы пісалі летам 2023 года, яшчэ адна частка абарончых збудаванняў гэтай крэпасці выстаўленая на таргі. Гэта цагляны двухпавярховы склад з фрагментам каменнага абарончага вала – заўважылі журналісты “Камерцыйнага кур’ера”.

Аб’ект выстаўлены на продаж на сайце “Інстытута нерухомасці і ацэнкі”, які выступае аператарам аўкцыёна. У дадзеных па гэтаму лоту можна пабачыць, што склад быў выстаўлены на продаж яшчэ ў красавіку, але дагэтуль лот застаецца актыўным. Кошт будынка – 40 рублёў, яго плошча складае 540 квадратных метраў і на ім абсалютна адсутнічаюць камунікацыі – няма ні электрычнасці, ні ацяплення, ні вадапроводу.

Акрамя адной базавай, па ўмовах таргоў, пакупнік абавязаны кампенсаваць гарадскому бюджэту выдаткі на вызначэнне рыначнага кошту аб’екта ў суме 828 рублёў 32 капейкі. Абавязковай умовай продажу з’яўляецца выкананне пакупніком рамонтна-рэстаўрацыйных работ на аб’екце на працягу трох гадоў пасля заключэння дагавора куплі-продажу, прычым гэтыя працы павінны праводзіцца па ўзгадненні з Міністэрствам культуры, паколькі склад з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Фота: gostorg.by

Паглядзіце, якіх фантастычных конікаў вырабляе магілёўская рамесніца

Стаць прафесійнай мастачкай ёй не дазволіла сястра, калі пабачыла ў інтэрнаце партрэты “Бітлз” і хлопцаў з доўгімі валасамі.

Галіна Вяліцкая з Магілёва – жонка іншага вядомага рамесніка Генадзя Вяліцкага. Але ў рамеснікі яна прыйшла ледзь не выпадкова. Усё жыццё яе як быццам бы разлучалі з мастацтвам, і толькі на пенсіі жанчына аддалася справе сваёй душы.

Любоў да малявання – і асабліва малявання коней – знайшла яе яшчэ ў дзяцінстве. Галіна Васільеўна вырасла ў магілёўскім Грабянёве і коней там бачыла ўсюды – у дварах, на вуліцы. Школьніцай, яна заўсёды малявала іх у сваім вучнёўскім сшытку.

– Яны мяне, маленькую, проста зачароўвалі. – успамінае жанчына ў інтэрв’ю “Вячэрняму Бабруйску”. – І нават у школе, на ўроках і перапынках, кожную вольную хвіліну я малявала ў сшытку то трапяткую конскую грыву, то пышны хвост, то конскую нагу. З-за гэтага мяне дзеці дражнілі то канём, то кабылкай, хоць я маленькая, худзенькая была, на «каня» не цягнула. Каб не смяяліся, я нават прыдумала свае знакі: зазірне хто-небудзь у сшытак да мяне і бачыць проста накрэмзана нешта, а я-та ведаю, што гэта конская грыва…

У юнацтве Галіна Васільеўна паступіла вучыцца ў мастацкую вучэльню ў Бабруйску – вырашыла пайсці па шляху бацькі, які быў вядомым у Магілве чырванадрэўшчыкам. Але давучыцца ёй не дазволіла старэйшая сястра – калі прыехала праведаць у інтэрнат, пабачыла там партрэты музыкантаў з “Бітлз”, хлопцаў з доўгімі валасамі. “І сама я ўся такая хіповая…” – узгадвае тую гісторыю Галіна Вяліцкая 

– А сястра на 10 гадоў за мяне старэйшая, іншае пакаленне, пасляваеннае, ідэйнае. – распавядае рамесніца – Яна як узвілася: што гэта такое! Рэчы мае ў чамадан сабрала і павезла мяне ў Магілёў. Так мая “мастацкая кар’ера” і скончылася, яшчэ не пачаўшыся…

Я проста не думала, што можна зарабляць, атрымліваць задавальненне і быць вольнай

Пасля мастацкай вучэльні быў педагагічны факультэт Магілёўскага інстытута і амаль 40 гадоў стажу ў дзіцячых садках і мастацкай школе выкладчыкам лепкі. 

– У прынцыпе мне мая праца падабалася, з дзецьмі вельмі цікава. Я заўжды нешта рукамі разам з імі рабіла, розныя творчыя праекты. Дзеці вельмі адметныя асобы, дарослыя не заўсёды такімі бываюць. А калі дзіця яшчэ і здольнае, у яго вочкі гараць, яму хочацца ўсяму навучыцца, усё сваімі рукамі паспрабаваць: вырабы, малюнкі. Колькі мяне за гэта потым бацькі лаялі, бо пасля заняткаў з Галінай Васільеўнай дзеці мурзатыя, усё ў фарбе. Я нават плакала, так крыўдна было! Мяне лаялі, я плакала-плакала і не ведаю цяпер, чаму адразу не зразумела, што гэта было сігналам: калі цябе такую не прымаюць, значыць сыходзь, няхай шукаюць, каму гэта ўсё трэба. Але ў мяне ж савецкае выхаванне было, атрымаў прафесію – працуй. Я проста не думала тады, што гэтым можна грошы зарабляць і пры гэтым атрымліваць задавальненне і быць вольнай, не раўняцца на нечыя патрабаванні. Зразумела, толькі калі на пенсію пайшла і задумалася аб тым, чым бы заняцца. Іншай ідэі, акрамя творчасці, у галаву неяк і не прыходзіла.

Кар’ера рамесніца ў жанчыны пачалася ўсяго каля трох гадоў таму. Аднойчы яна размясціла ў інтэрнэце фотаздымкі сваіх работ і пасыпаліся заказы – людзі сталі прасіць яе зрабіць жывёлу па фотаздымку, каб тая была “як жывая”.

Яшчэ хвіліна – і ажыве

Узгадвае жанчына адзін шчымлівы выпадак. Аднойчы да яе звярнулася сям’я з Расіі з просьбай вырабіць сабаку. Той у іх жыў, потым памёр, і дзіця вельмі цяжка перажывала яго смерць. Хацелі яго парадаваць.

– Сабака ў мяне атрымаўся як жывы, толькі што не бегае і не брэша. Адаслалі заказчыкам, яны дзякавалі. А праз некаторы час напісалі, што дзіця ад маёй працы псіхалагічны шок атрымала: не растаецца з гэтым цацачным сабакам ні на хвіліну, усюды яго з сабой носіць, возіць, спіць з ім, быццам спадзяецца, што яшчэ хвіліна – і сабака ажыве, З тых часоў я раз і назаўжды вырашыла, што буду рабіць свае працы толькі тады, калі “мадэль” заказчыка жывая. І ні ў якім разе не ў памяць аб загінуўшай жывёле! Але толькі коней, сабак больш не хачу, рука не паварочваецца.

Зараз у Галіны Вяліцкай заказчыкі ў асноўным расіяне. Некалькі прац паехалі ў Германію.

– Часцей за ўсё працы заказваюць уладальнікі ўласных ветэрынарных клінік, конных манежаў, у якасці свайго роду візуальнай рэкламы. Сярод маіх замоўцаў ёсць і вядомыя людзі. Напрыклад, піцерская спявачка і актрыса Ларыса Луста. Два гады таму яна пачала новы праект, конны тэатр, яго мае працы ўпрыгожваюць. Нехта проста любіць коней і хоча ў сябе ў двары такога каня паставіць. Тым больш, што яны функцыянальныя: могуць выступаць у ролі качалак, на іх можна пасядзець, калі захочацца. І пры гэтым яны як сапраўдныя, толькі меншыя ростам.

У справе Галіне Васільеўнай дапамагае муж. Ён вырабляе каркас з тоўстага дроту, а на яго ўжо рамесніца наносіць слой з пульпы – гэта дробнае бярозавае пілавінне. І ў нейкі момант пачынаецца магія. 

– Яна ж вось з такіх сувеніраў пачынала, а цяпер гэта зусім іншы ўзровень. – расказвае муж – Там кожная мышца, жылка бачныя, усё, як жывое… Не разумею, як гэта зрабіць?

– Самы працяглы працэс – “ажыўленне” коніка. – дзеліцца Галіна Васільеўна – У яго павінны быць бачныя ўсе жылачкі і вены, як у жывога, быць уласны выраз «твару», вока. Для мяне вельмі важна, каб ён не быў мёртвай скульптурай, але на гэта вельмі шмат працы ідзе. Размаўляю з імі, расказваю, дзе і з кім яны будуць далей жыць. Кажу: «Цябе, Канфуцый, Ларыса вельмі чакае. Давай я табе пачытаю, што яна піша». Каб ён ведаў, чаму я яго іншаму чалавеку аддаю. Муж пасмейваецца, што я іх “ажыўляю”, але я даўно зразумела, каб праца была “жывая”, з ёй трэба гаварыць.

Фота: “Вячэрні Бабруйск” і з асабістага архіва Галіны Вяліцкай

У Магілёве будзе знішчаны дарэвалюцыйны дом, помнік драўлянага дойлідства

Дом па вуліцы Яцына №13 у Магілёве будзе знесены – паведамілі карыстальнікі ў Facebook-суполцы “Магілёў. Горад які быў…”. Будынак размешчаны на самым рагу з Луганскім завулкам, на якім запланаваная масштабная забудова. У сувязі з гэтымі працамі, пад знос ідзе шэраг прылеглых будынкаў.

Карыстальнікі суполкі з сумам і настальгіяй адрэагавалі на гэтую навіну. “Гэта самая дыхтоўная хата з усіх дарэвалюцыйных дамоў на гэтай вуліцы.” – напісала адна з удзельніц суполкі. “Шыкоўны дом” – падтрымала яе магілёўская мастачка Вера Юркова.

Аднапавярховы драўляны дом па вуліцы Яцына – прыклад дарэвалюцыйнага драўлянага дойлідства. Ён багата ўпрыгожаны вытанчанымі разнымі франтонамі. 

Год таму, у сакавіку 2023 года магілёўцы складалі петыцыю ў абарону помнікаў магілёўскага драўлянага дойлідства, якое дагэтуль застаецца па-за ўвагай гарадскога кіраўніцтва.

Фота: З суполкі “Магілёў. Горад які быў…”

Магілёўскі музыка Ян Маўзэр ажаніўся ў Львове

Гэта другі шлюб легендарнага заснавальніка гурта “Tav.Mauzer”. 

На сваёй старонцы ў Facebook магілёўскі музыка, вядомы пад псеўданімам Ян Маўзэр, заснавальнік гуртоў “Tav.Mauzer” (пазней проста “Mauzer”) і “МАМА” падзяліўся фотаздымкамі з вяселля. Ян Маўзэр не паведамляе імя сваёй абранніцы. Гледзячы па геатэгу ў запісе музыкі, вяселле адбылося ў Львове. 

Ян Маўзэр жыве ва Украіне з 2011 года і раней быў жанаты на цырульніцы з Кіева Марыне. “Каханьне сустрэў у Кіеве. Але, бачыш, я застаюся беларусам, жывучы ў Кіеве.” – пісаў ён сваім прыхільнікам у 2016 годзе на старонцы гурта ў ВКонтакте.