Беларускім біятланістам забаранілі ўдзельнічаць у спаборніцтвах Міжнароднага саюзу біятланістаў

Міжнародны саюз біятланістаў працягнуў адхіленне расійскіх і беларускіх спартоўцаў ад міжнародных спаборніцтваў. Пра тое гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным  на старонцы International Biathlon Union у Twitter.

«Кангрэс падтрымаў запыт Выканаўчага камітэту па адхіленні расійскай і беларускай федэрацыі пакуль яны не прадэманструюць сваю поўную прыхільнасць падтрымцы і прасоўванню мэтаў і прынцыпаў IBU», – гаворыцца ў допісе.

Рашэнне было падтрымана 40 галасамі. Адзін быў супраць, чацвёра – устрымаліся.

Днём раней, Міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук заявіў, што не чакае пазітыўнага рашэння наконт удзелу беларускіх спартоўцаў у спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднага саюзу біятланістаў. На ягоны погляд, «у спорт умяшалася палітыка».

«Мы супраць палітыкі ў спорце. Беларусь правяла чэмпіянат Еўропы ў 2019 годзе, пасля гэтага Эстонія ў 2020 годзе не змагла правесці турнір з-за адсутнасці снегу. Падставілі плячо, узялі мы на сябе ўсе выдаткі і правялі чэмпіянат Еўропы. Вось, нам сказалі дзякуй за працу, якую мы зрабілі», – адзначыў урадовец у каментары БелТА.

У лютым, пасля нападу расійскіх войск на Ўкраіну, IBU забараніў расіянам і беларусам на міжнародных спаборніцтвах выступаць пад нацыянальнай сімволікай. У сакавіку наагул адхіліў зборныя гэтых краінаў ад спаборніцтваў.