Вялікая бард-рыбалка

Фестываль “Вялікая бард-рыбалка” гэтым разам без расійскіх выступоўцаў

“Вялікая бард-рыбалка” ў Быхаўскім раёне ў гэтым годзе пройдзе без якіх-колвечы музычных гасцей з замежжа, але з Эдуардам Ханком.

Колішні міжнародны, а цяпер проста абласны, фестываль бардаўскай песні “Вялікая бард-рыбалка” ў мінулым годзе адзначыўся вялікім расійскім удзелам. Больш за тое, гэты фестываль стаў пазіцыянавацца як частка ўсерасійскага моладзевага праекта, дзе праходзіў адборачны тур выканаўцаў бардаўскай песні. Ужо летась фестываль можна было смела называць беларуска-расійскім. Згодна цяперашняй праграмы, сёлета ніякіх расійскіх выступоўцаў ужо не будзе. 

Калі паглядзець праграму “Вялікай бард-рыбалкі – 2026”, то цяжка не заўважыць змяншэння разнастайных актыўнасцяў, якія ў папярэднія гады суправаджалі мерапрыемства. Будуць праводзіцца спаборніцтвы па лоўлі рыбы, гатаванні юшкі, валейболу, конкурс прыгажосці, гастранамічны і песенны конкурсы. Аднак у праграме ўжо няма, як у ранейшыя часы лазнявага свята “Лазенькі”, конкурсу аўтарскай песні “Гітара па крузе”, не ўзгадваецца адукацыйны праект “Акадэмія аўтарскай песні”.

Сёлетні фестываль будзе праводзіцца 24-26 ліпеня. Выступоўцы на ім у асноўным будуць малавядомыя выканаўцы бардаўскай песні. Аднак не толькі бардаўскія кампазіцыі будуць гучаць у тыя дні на беразе Чыгірынскага вадасховішча. Сёлета фестываль адзначыцца прыездам на яго вядомай постаццю ў беларускім (таксама як і ў расійскім, а яшчэ і савецкім) музычным свеце – 86-гадовым кампазітарам Эдуардам Ханком. У другі дзень бард-рыбалкі пройдзе яго творчая вечарына “То ли еще будет…”. 

Фотаздымак: bard-rybalka.by

← Усе навіны Магілёва