Бабруйчанін Сяргей Тарас, які як расійскі найміт трапіў ва ўкраінскі палон, распавёў новыя падрабязнасці пра сябе.
У сакавіку 2026 года Сяргей ужо распавядаў журналістам тэлеканалу “Вот так” пра тое, як наняўся забіваць украінцаў, а потым трапіў ва ўкраінскі палон. У тым інтэрв’ю яго прозвішча – Тарасаў. У новым, якое з ім зрабіў блогер Аляксандр Кабанаў на YouTube-канале BelPol, – Тарас.
Згодна новых падрабязнасцяў, апошнія гады ён ездзіў на заробкі ў Смаленск. Пры гэтым адзначае, што раней вучыўся ў Кіеве. У маладосці быў асуджаны за крадзёж. Таксама ў Сяргея Тараса нібыта ёсць малодшы брат.
Падпісаў кантракт з расійскай арміяй у 2024 годзе. Грошы, якія яму пералічылі, былі немалыя – каля 4 млн расійскіх рублёў (3 млн 700 тыс. расійскіх рублёў згодна першаму інтэрв’ю), але ён атрымаць іх не змог, бо яны знаходзяцца на банкаўскім рахунку, да якога Сяргей цяпер не мае доступу.
Цяпер Тарас сцвярджае, што першапачаткова не разумеў, што давядзецца забіваць украінцаў, але, трапіўшы на перадавую, зразумеў, «што тут трэба ваяваць». Раней пра такое неразуменне нічога не казаў.
У першым інтэрв’ю адзначаецца, што бабруйчанін прайшоў падрыхтоўку ў Варонежы, а потым – купянскі кірунак у складзе 1-й танкавай арміі. Цяпер жа, паводле яго, пасля падпісання кантракта ён два тыдні праходзіў ваенную падрыхтоўку як стралок у вучэбнай часці на Смаленшчыне, а затым яшчэ два тыдні – у Луганскай вобласці.
«Нас набіралі ў штурмавыя роты», – кажа ён і адзначае, што актыўнага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымаў. «Я быў у закрэпах. У нас кантакту прамога [з праціўнікам] не было. Мы ахоўвалі», – сцвярджае Сяргей.
Пра абставіны, пры якіх ён трапіў да ўкраінцаў, мужчына не расказвае, але з папярэдняга расповяду вядома, што яго ўзялі ў палон ваяры Расійскага добраахвотніцкага корпусу.
Як і ў сакавіку, так і цяпер Сяргей спадзяецца, што яго абмяняюць на ўкраінскіх ваеннапалонных. Цяпер жа ён яшчэ звяртаецца да суайчыннікаў, якія могуць разглядаць магчымасць удзелу ў вайне.
«Няхай падумаюць, перш чым нешта рабіць. Не на п’яную галаву, а на цвярозую. Вайна – гэта смерць. Чалавек няхай рэальна думае, што ён не проста так ідзе туды, а ідзе паміраць», – кажа бабруйчанін.
Скрыншот @osbbelpol / youtube
