мітынг-рэквіем

На Магілёўшчыне змянілі час правядзення мітынгу-рэквіема на больш адэкватны

Пасля многіх гадоў правядзення мітынгаў-рэквіемаў 22 чэрвеня на золку, сёлета іх правядуць апоўдні.

На 12:00 22 чэрвеня 2026 года ў Беларусі абвешчана агульнанацыянальная хвіліна маўчання ў памяць аб загіблых падчас нямецка-савецкай вайне. Афіцыйна 22 чэрвеня – Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыда беларускага народа.

Такі мітынг-рэквіем цягам многіх гадоў праводзіўся, у прыватнасці, на Буйніцкім полі ў 4:00 раніцы. Такі ранні час, па меркаванні арганізатараў, быў закліканы нагадаць момант 22 чэрвеня 1941 года, калі нямецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю Савецкага Саюза. Заспаныя дзеці і дарослыя стаялі на тым мітынгу, чакаючы пакуль ён скончыцца, каб, калі гэта быў выходны дзень, пазней адаспацца. Ну а калі не выходны, то ў стане самнамбулы працаваць. 

“Сябры, звярніце ўвагу: час правядзення памятнага мерапрыемства на Буйніцкім полі змяніўся!  

Было: 22 чэрвеня, 04:00.  

Стала: 22 чэрвеня, 12:00”

Такая абвестка апубікавана 20 чэрвеня, у прыватнасці, у тэлеграм-канале ААТ “Магілёўхімвалакно”.

Падобныя абвесткі з’явіліся і ў рэгіянальных выданнях. “Увага! Зменены час правядзення мітынгу-рэквіема 22 чэрвеня. Мітынг-рэквіем, запланаваны на 22 чэрвеня, перанесены з 04:00 на 12:00”, – напісаў “Асіповіцкі край” пра запланаваную акцыю ля брацкай магілы каля вёскі Цяплухі. 

У некаторых раёнах ні пра які перанос ўвогуле не ўзгадвалі. Так, “Глуск інфо” 18 чэрвеня паведамляла, што мітынг-рэквіем “Звон смутку” пройдзе ў Глуску 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы на мемарыяльным комплексе “Воінская Слава”. А ўжо 21 чэрвеня тое ж “Глуск інфо” піша, што мітынг-рэквіем “Звон смутку” пройдзе ў Глуску 22 чэрвеня ў 12:00 на мемарыяльным комплексе “Воінская Слава”.

А дзе-нідзе вырашылі, напэўна, двойчы ўзгадаць аб падзеях 22 чэрвеня 1941 года. Так 19 чэрвеня “PRO Круглое” напісала, што “ў панядзелак, 22 чэрвеня, у 4.00 ля брацкай магілы ў горадзе Круглае адбудзецца мітынг-рэквіем у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Звон смутку», прысвечанай 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 21 чэрвеня тое ж СМІ распавяло, што ў панядзелак, 22 чэрвеня, у 12.00 ля помніка сям’і Зелікавых у д.Новопрудье адбудзецца мітынг-рэквіем у рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Звон смутку», прысвечанай 85-годдзю з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. 

Ні аб якім пераносе не толькі часу, але і месца правядзення “Звону смутку” круглянская раёнка не ўзгадвае. Такім чынам варта меркаваць, што ў Круглянскім раёне акцыі будзе дзве. 

Варта адзначыць, што традыцыі правядзенне мітынгаў-рэквіемаў на Буйніцкім полі ў 4:00 было каля 20 гадоў.

Фотаздымак: “Веснік Магілёва”

← Усе навіны Магілёва