У Бабруйску выставілі на продаж будынак былога ліцэя. За яго просяць усяго 270 рублёў – гэта менш, чым 100 долараў.
Як паведамляе “БУТБ-Маёмасць”, агульная плошча цаглянага будынка вышынёй два і пяць паверхаў – 3 535,5 м2. Да будынка належыць гараж на 42 м2, бетонныя пад’язныя дарогі і пляцоўкі, а таксама пешаходныя дарожкі з лесвіцай, слупы асвятлення і камунікацыі.
Пакупнік таксама атрымае зямельны ўчастак плошчай 1,294 га ў арэнду на 50 гадоў.
У аб’екта няма абцяжаранняў, але абавязковая ўмова продажу: новы ўладальнік павінен весці дзейнасць з выкарыстаннем набытага або збудаванага пасля зносу нерухомай маёмасці не менш за год. Будынак можна выкарыстоўваць як пад установы адукацыі, так і пад гандлёва-бытавыя аб’екты – напрыклад, крамы або цырульні.
Пры гэтым пакупнік атрымае права рэканструяваць або знесці будынак і пабудаваць новы. Для гэтага трэба не пазней за шэсць месяцаў пасля здзелкі атрымаць дазвольную дакументацыю ў гарвыканкаме, за два гады пачаць будаўніча-мантажныя работы і за чатыры – завяршыць іх.
Заяўкі прымаюць да 13 ліпеня, а ўласна таргі запланаваныя на 16 ліпеня 2026 года.
Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй №4 калісьці рыхтаваў спецыялістаў працоўных прафесій – слесараў, швачак, афіцыянтаў і іншых. Больш за 10 гадоў таму быў зачынены з-за змяншэння набора і фінансаванння. З таго часу стаіць закінуты. Была няўдалая спроба яго рэстаўраваць у 2021 годзе. Потым аб’кт быў прададзены прыватнай асобе. Пакупнік затым быў аштрафаваны на 1,5 млн рублёў за невыкананне норм і адсутнасць неабходных узгадненняў. Пасля гэтага якая-небудзь дзейнасць у будынку цалкам спынілася.
Фотаздымак: et.butb.by
