Спявак з Магілёва Ap$ent (Арсеній Кісляк), які цяпер жыве ў Польшчы, выпусціў новую песню на беларускай мове «Сляды».
Новая песня з’явілася ў YouTube 29 траўня 2026 года. “Мне падабаецца, як гэта гучыць, адчуваецца дачыненне да рэанімавання беларускай культуры. Усё ж я беларус, мне падабаецца беларуская культура, я яе паважаю, цаню. І калі я дзеяч культуры, значыцца, павінен таксама ўносіць нейкую лепту. Праўда?» – заявіў Арсеній Кісляк “Белсату”.
Паводле яго, было зроблена пяць розных аранжыровак, каб зразумець, якога настрою павінна быць гэтая песня: ад рэгі да эпічнай інструментальнай. “У мяне ёсць песні, якія чакаюць свайго выхаду нават 20 гадоў. І калі зʼяўляецца беларускамоўная песня, я стараюся яе хутчэй зрабіць, бо мне падабаецца, як гучыць беларуская мова. Нават для рускамоўных, якія паважаюць іншыя культуры, гэта гучыць як замежная музыка», – кажа Ap$ent.
Музыка адзначае, што і яго жонка Марыя была ініцыятарам таго, каб песня «Сляды» была даробленая і выйшла раней за іншыя.
Пры гэтым вялікага фідбэку ад аўдыторыі «Сляды» не выклікалі, прызнаецца Арсеній, аднак ён не сумуе. «Пры ранейшых абʼёмах, вядома, гэта выглядае не так моцна, але я ж задэклараваў у Threads, што буду ісці да мільярда з беларускамоўнай песняй. Гэтая не мільярд, але, можа, наступная будзе мільярд. Я апошнім часам не зацыкліваюся на лічбах. Бачу, многія музыкі каментуюць: «Мала лічбаў, мала лічбаў». Як быццам сутнасць творчасці трошачкі памянялася. Усе за лічбамі гоняцца, а не за самавыяўленнем», – працягвае Ap$ent.
Ён тлумачыць, што цяпер усе фідбэкі не асабліва моцныя. “Па-першае, YouTube у Расеі заблакаваны, а ў мяне там шмат слухачоў. Па-другое, на беларускай мове таксама адразу адвальваецца вялікая колькасць людзей. Па-трэцяе, стыль. Вельмі шмат людзей падпісалася пасля «Можно я с тобой». Мабыць, яны сядзяць і чакаюць, што я напішу другую «Можно я с тобой». Калі на лічбах не зацыклівацца, то, можа, з часам гэта ўсё роўна прынясе вынікі. Няхай прывыкаюць. Беларускамоўных песень будзе больш!» – сцвярджае магілёўскі спявак у эміграцыі.
Арсеній Кісляк нарадзіўся ва Украіне, калі яму быў год, разам з маці пераехаў з Харкава ў Магілёў. Галоўны яго хіт – «Можно я с тобой». Як тлумачыў спявак, песня была пра ад’езд яго сям’і з Беларусі спачатку ў Грузію пасля рэпрэсіяў супраць жонкі: яе асудзілі на год абмежавання волі за «знявагу беларускага дыктатара» ў сувязі з каментаром пра арышт Рамана Пратасевіча ў тэлеграм-канале Nexta. Музыка казаў, што «проста зарыфмаваў падзеі са свайго жыцця».
Фотаздымак: senya_apsent / Instagram
