Нацыянальны архіў ЗША пачаў выкладаць у вольны доступ нямецкія аэрафотаздымкі часоў Другой Сусветнай вайны. Гэта тысячы кадраў, якія фіксуюць стан беларускіх вёсак і гарадоў на 1939 – 1945 гады.
Яны з’яўляюцца часткай велізарнай калекцыі здымкаў тэрыторыі СССР, што трапіла ў ЗША пасля завяршэння вайны. Здымкі доўгі час былі засакрэчанымі, бо выкарыстоўваліся амерыканскай разведкай. У наш час сакрэтнасць знятая, і здымкі можна было заказаць у архіве, але ў свабодны доступ іх пачалі выкладаць толькі цяпер – піша “Наша Ніва”.
Зараз гэта 6264 фотаўдымкі, і яны густой сеткай пакрываюць тэрыторыю Магілёўскай вобласці, за выключэннем Бабруйшчыны. Пошук кадраў у самім Нацыянальным архіве ЗША складаны, таму беларускія аматары пераўпакавалі гэты архіў і выклалі вось тут, у выглядзе мапы, якой зручна карыстацца.
Для многіх гэтая калекцыя – магчымасць пабачыць родныя мясціны па-новаму, у іх гістарычнай трансфармацыі. Для даследчыкаў, гісторыкаў, эколагаў і іншых спецыялістаў гэтыя здымкі каштоўныя інфармацыяй пра змены ў гістарычнай забудове, архітэктурна-планіровачнай структуры населеных пунктаў, ландшафце.
На фота: Чэрыкаў у 1943 годзе