60-гадовы бабруйскі Рамэа ледзь не падарваў дом разам з былой каханкай і яе мужам

На допытах мужчына расказваў, што хацеў толькі палюбавацца на каханую жанчыну, але пабачыўшы яе з мужам, здурэў ад рэўнасці.

Як паведамляе прэс-служба Следчага камітэта па Бабруйску, 14 сакавіка гэтага года мясцовы жыхар пачуў падазроны шорхат у адным з памяшканняў сваёй сядзібы і пайшоў паглядзець, у чым справа. Калі ён зайшоў у кацельную, то ахнуў – каля катла, у якім гарэў агонь, стаяў газавы балон з адкрытым венцілем. Гаспадар тут жа закруціў венціль, дзякуючы чаму выбух дома не адбыўся. На момант інцыдэнта ён знаходзіўся ў хаце разам з былой жонкай, што вярнулася ў сям’ю пасля раману з іншым мужчынай. 

Як патлумачыў гаспадар сядзібы, газавы балон дахаты прынёс ён сам, але пакінуў яго каля ўваходу ў кацельную і закрыты. Камера відэаназірання, усталяваная ў суседнім доме, паказала, што на двор бабруйчаніна, пералезшы праз забор, пранікаў нейкі падазроны чалавек. Жонка гаспадара пазнала ў ім свайго былога сужыцеля, да якога яна нядаўна сыходзіла ад мужа – 60-гадовага мясцовага жыхара. 

Апошні быў затрыманы і патлумачыў следчым, што пакутуючы ад любоўных перажыванняў, ён збіраўся пералезці забор толькі каб паглядзець на жанчыну. Але калі пабачыў яе з мужам, то зайграла рэўнасць. Зараз супраць бабруйскага Рамэа заведзена крымінальная справа за замах на наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці, учыненае агульнанебяспечным спосабам.

Фота ілюстратыўнае