што зменіцца з новага года

Зарплаты, набыццё участкаў, новаўвядзенні ў Падатковы кодэкс, атэстацыя экскурсаводаў – што зменіцца з новага года

Зарплаты бюджэтнікаў павялічацца, афармленне зямельных участкаў будзе праходзіць без аукцыёна, пройдуць змены ў выплатах падаткаў для індывідуальных прадпрымальнікаў, продаж лекаў у інтэрнэце і экскурсіі толькі ад экскурсаводаў з абавязковай атэстацыяй. Расказваем пра тыя змены, якія закрануць амаль кожнага жыхара краіны і запрацуюць з першага студзеня 2023 года. 

Стане большай зарплата супрацоўнікаў бюджэтных арганізацый

Памер базавай стаўкі павялічыцца да 228 рублёў. А паколькі да яе прывязана сістэма каэфіцыентаў і даплат, то ў бюджэтных арганізацыях зарплата падрасце і будзе складаць мінімум 554 рубля.

Новаўвядзенні будуць датычыцца аплаты працы работнікаў сфер аховы здароўя, адукацыі і культуры. У настаўнікаў школ, выкладчыкаў і педагогаў сярэдніх і сярэдне-спецыяльных устаноў адукацыі зарплаты павялічацца на 6% ад аклада, для прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэтаў – на 15% ад аклада. Педагогам са сферы культуры, якія былі залічаны ў шэрагі таленавітай моладзі, навучаліся на бюджэтнай аснове і атрымалі размеркаванне, належыць прыбаўка ў памеры 45 % ад аклада. Надбаўка за працу ўрачам-спецыялістам ў сфере аховы здароўя будзе павялічана на 55%, медработнікам і іншым супрацоўнікам аховы здароўя (фармацэўтам, інструктарам-метадыстам фізічнай рэабілітацыі і інш.) – на 50%.

Змены ў пытаннях набыцця і продажу зямельных участкаў

Нормы абноўленага Кодэкса аб зямлі дазволяць атрымліваць дадатковыя ўчасткі без аукцыёна і без рэканструкцыі жылых дамоў. Акрамя таго, стане магчымым змяняць мэтавае прызначэнне ўчастка, які прызначаўся для будаўніцтва і абслугоўвання аб’екта, яшчэ да завяршэння яго будаўніцтва.

Новыя правілы з’явяцца і ў дачыненні да здзяйснення здзелак з участкамі. З 1 студзеня 2023 года можна будзе прадаваць пусты зямельны участак, што раней зрабіць было немагчыма. Пры гэтым тэрмін будаўніцтва аб’екта застаецца ранейшым – тры гады са дня дзяржаўнай рэгістрацыі праў на зямельны участак.

Новыя катэгорыі льготнікаў і змены для індывідуальных прадпрымальнікаў

Новым Падатковым кодэксам вылучаны льготнікі, для якіх стаўкі транспартнага падатку зніжаны, у тым ліку ў два разы – для шматдзетных сем’яй і ўдзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі замежных дзяржаў. Праўда, 50-працэнтная льгота можа быць атрымана толькі пры наяўнасці сапраўднага вадзіцельскага пасведчання адпаведнай катэгорыі. Аднак наўрадці да такой катэгорыі льготнікаў будуць далучаны тыя гераічныя людзі, якія ваююць на баку Украіны ў складзе розных падраздзяленняў супраць расійскага войска.

Найбольшыя змены закрануць прадпрымальнікаў і самазанятых людзей.

Індывідуальныя прадпрымальнікі страчваюць права на скарыстанне спрошчанай сістэмай падаткаабкладання наогул. Цяпер у іх будзе два рэжыма падаткаабкладання – падаходны падатак і адзіны падатак. Для самазанятых з’явіцца падатак на прафесійны даход.

Што ж да асноўных падаткаў, то тут зменаў і нюансаў няма. Аплочваць іх будзем па ўжо вядомых правілах і палажэннях.

Выплаты сямейнага капітала павялічацца

На выплату сямейнага капітала ў 2023 годзе прадугледжана 429 мільёнаў рублёў. Па папярэдніх ацэнках, гэтымі выплатамі могуць скарыстацца каля 14 тысяч беларускіх сем’яў. Пры гэтым памер сямейнага капітала павялічыцца на 4341 рублёў і складзе 30 336 рублёў.

Новы закон зпа адаптацыі людзей з інваліднасцю

З шостага студзеня 2023 года пачынае працаваць закон “Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі”, у якім прадугледжваецца шырокае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у інтэрнеце, сістэмная платформа па стварэнні даступнага асароддзя. Апошняя ўяўляе з сябе дарожную карту забеспячэння даступнасці аб’ектаў, інфраструктуры, транспарта і іншых паслух, якія аказваюцца для ўсіх катэгорый інвалідаў. У агульным доступе з’явяцца звесткі пра безбар’ернае асяроддзе ў маштабах краіны, а таксама ў канкрэтным населеным пункце.  

Пашырыцца пералік катэгорый інвалідаў, якія маюць права на бясплатнае або ільготнае забеспячэнне сродкамі рэабілітацыі. Акрамя таго, з новага года з’явяцца цэнтры сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў. Новы заканадаўчы дакумент прадугледжвае пашырэнне інклюзіі ў адукацыйным працэсе, стварэнне дадатковых механізмаў працаўладкавання і занятасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі.  

Напрыклад, будуць усталяваны квоты на працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, да двух год павялічыцца тэрмін адаптацыі да працоўнай дзейнасці для інвалідаў з інтэлектуальнымі парушэннямі.

Арэнднае жыллё для вайскоўцаў

Вайскоўцы ў Беларусі змогут бясплатна атрымаць ва ўласнасць арэнднае жытло, але толькі пасля дваццаці пяці год службы. Такі механізм быў замацаваны ў адпаведным нарматыўным акце. Па афіцыйных разліках, каля 700 тыс. кв. м. жыллёвай плошчы неабходна ў бліжэйшы час для беларускіх вайскоўцаў. Урад Беларусі плануе пабудаваць адпаведныя аб’ёмы  на працягу 2023 года і першай паловы 2024-га, нягледзячы на тое, што апошнім часам тэмпы пабудовы арэнднага жытла для вайскоўцаў былі ў разы меншыя.

Набыць лекі можна будзе ў інтэрнэце

Аптэкі змогуць прадаваць лекі праз уласныя інтэрнэт-сайты. Аднак пакуль што гэта тычыцца толькі безрэцэптурных лекаў, а пасля ўвядзення электроннай аховы здароўя будзе разгледжана пытанне аб рэалізацыі рэцэптурных прэпаратаў. Акрамя таго, у законе аб ліцэнзаванні з’явілася норма, якая дазваляе пры выяздных медаглядах прадаваць лекі ў перасоўных медкомплексах.

Экскурсавод абавязаны быць атэставаным

З новага года будзе забаронена правядзенне экскурсій асобай, якая не мае адпаведнай атэстацыі. У самой працэдуры атэстацыі істотных зменаў не адбылося. Яна як і раней будзе праводзіцца на базе Нацыянальнага агенцтва па турызме ў два этапы.

На першым кадыдат у экскурсаводы праходзіць кампутарнае тэсціраванне, якое ўключае разнастайныя дысцыпліны – гісторыю, геаграфію, літаратуру і мову, а таксама манеру падачы матэрыяла. 

Другі этап – гэта непасрэдная абарона канкрэтнай экскурсіі. У кожнага экскурсавода пры сабе павінен быць бэйдж з указаннем маршрута, па якому ён і праходзіць атэстацыю. Прычым будучы гід абараняе кожны маршрут асобна. Таму, хто праходзіць усе выпрабаванні, атэстацыя будзе выдавацца на пяць год.

Фота з адкрытых краніц