генацыд беларускага народа

У Магілёве адкрылі помнік ахвярам генацыду, які ніяк і нікім не даказаны

Помнік-сведчанне гістарычнай і юрыдычнай хлуслівасці цяперашняй беларускай улады з’явіўся ў Магілёве.

“Памятны знак, прысвечаны ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай айчыннай вайны” — так афіцыйна называецца помнік, які быў адкрыты 21 чэрвеня па вуліцы Раўчакова.

Сёння ў Беларусі адмаўленне т.зв. генацыду беларускага народа пераследуецца Крымінальным кодэксам. За такое “злачынства” прадугледжана пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўленнен волі. І гэта пры тым, што факт менавіта “генацыду беларускага народу” ніяк і нікім не даказаны.

Паводле Канвенцыі ААН 1948 года і Міжнароднага крымінальнага суда, генацыд — гэта дзеянні, скіраваныя на поўнае або частковае знішчэнне пэўнай нацыянальнай, этнічнай, расавай або рэлігійнай групы як такой. Галоўнае тут — наяўнасць умыснага намеру знішчыць групу менавіта як этнас або нацыю.

Падчас Другой сусветнай вайны Беларусь была арэнай масавых забойстваў, спаленых вёсак і карных аперацый. Але галоўная мэта нацыстаў была — каланізацыя і эксплуатацыя тэрыторый, а не поўнае знішчэнне беларусаў. План «Ост» прадугледжваў рэзкае скарачэнне мясцовага насельніцтва праз гвалт, галодную смерць і высяленне, але юрыдычна гэта часцей трактуецца як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, а не як генацыд у чыстым выглядзе.

Падчас вайны на тэрыторыі Беларусі адбылося масавае вынішчэнне яўрэяў — гэта прызнана сусветнай супольнасцю як Халакост, то бок генацыд яўрэйскага народа. Таксама быў генацыд цыганскага народу — Параймос, і гэта таксама задакументавана і прызнана міжнароднымі структурамі. Для беларусаў не было дакументаванага асобнага плана, які б дакладна апісваў іх знішчэнне менавіта як этнічнай групы.

Для юрыдычнага прызнання патрэбен судовы працэс: ці Міжнародны крымінальны суд, ці спецыяльны трыбунал. У выпадку Беларусі ніколі не праводзіўся міжнародны суд, які б прызнаў факт генацыду беларускага народа на аснове расследавання з дакументамі, сведчаннямі і вывадамі.

Ніхто не спрачаецца, што беларусы панеслі страшэнныя страты і пацярпелі ад жорсткіх і сістэмных злачынстваў нацыстаў. Але па строгіх юрыдычных крытэрах генацыд — гэта дакументальна зафіксаваная спроба знішчыць народ як этнас. Такіх прамых дакументаў і міжнароднага прысуду па «генацыдзе беларускага народу» няма. Таму гісторыкі і юрысты ўжываюць тэрміны «злачынствы супраць чалавечнасці», «ваенныя злачынствы», «масавыя рэпрэсіі», але не «генацыд» у прававым сэнсе. Але ці мае гістарыная праўда якое-небудзь значэнне для сённяшняй улады ў Беларусі, калі яе скажэнне ва ўгоду ідэалогіі ёсць значна важнейшым?

Фотаздымак: тэлеграм-канал “Исаченко ОНЛАЙН”