Арганізацыя, якую многія патрабуюць прызнаць тэрарыстычнай, правяла ў Клімавічах семінар па тэме “экстрэмізма”.
Мерапрыемства прайшло ў цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе ўжо ўтвораны так званы інфармацыйна-ідэялагічны цэнтр, піша Mayday. На семінар слухачоў збіралі оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку мясцовага РАУС Віталь Сахно і вядомы ў Клімавічах інспектар па справах непаўналетніх Кірыл Васільеў. Апошні, як піша сайт luka.zone, з’яўляецца саўдзельнікам сілавога падаўлення мірных пратэстаў з ужываннем фізічнага і псіхалагічнага гвалту.
Ну а галоўным дакладчыкам стаў супрацоўнік 11 упраўлення (Магілёўская вобласць) ГУБАЗіК МУС РБ, які распавёў, што самым частым відам правапарушэнняў сёння лічыцца распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў – маецца на ўвазе перасылка паведамленняў, рэпосты, “лайкі” і падпіскі на каналы, прызнаныя “экстрэмісцкімі”.
Акрамя таго, сілавік прыгразіў крымінальнай адказнасцю за стварэнне экстрэмісцкага фармавання і за ўдзел у ім, пра што грамадзяне могуць нават і не здагадвацца. Ён настойліва рэкамендаваў “правяраць усе рэсурсы і падпіскі на прадмет іх знаходжання ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Міліцыянт пагражаў, што яго ведамства ў любым выпадку знойдзе любы рэпост па лічбавым следзе.
Тут варта нагадаць, што яшчэ 20 лістапада 2020 года Святлана Ціханоўская абвясціла аб запуску працэсу міжнароднага прызнання структур ГУБАЗіК і АМАП тэрарыстычнымі арганізацыямі ў сувязі са здзейсненымі імі злачынствамі пры падаўленні пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі. Праўда, дагэтуль не чуваць, што такое прызнанне адбылося.
Фотаздымак: luka.zone