У Кіраўску кампанія пагуляла з алкаголем і наркотыкамі – пасадзілі ўсіх

Пяць чалавек атрымалі судзімасць за вясёлую пагулянку ў Кіраўску. Усё пачыналася з простай п’янкі, а завяршылася наркатрыпам у Бабруйск і назад.

Кампанія з маладога мужчыны і двух дзяўчат пачала сваю гулянку раніцай у верасні 2022 года. Калі закончыўся алкаголь, 30-гадовы мужчына замовіў псіхатропаў, за якімі прыйшлося ехаць з Кіраўска ў Бабруйск. Забраўшы там закладку, кампанія частку наркотыка ўжыла яшчэ па дарозе назад, а потым працягнула вяселле. Бліжэй да вечара яны вырашылі зноў паехаць у Бабруйск у начны клуб. Для падвоза выклікалі свайго знаёмага кіроўцу таксі.

Па дарозе ў Бабруйск кампанія замовіла яшчэ адну закладку, а ўжо на месцы вырашыла вярнуцца назад у Кіраўск. Там яны пайшлі ў госці да сваёй 23-гадовай сяброўкі – прычым да гулянкі далучыўся і іх таксіст. У гасцях кіроўца частаваў кампанію сваёй марыхуанай.

Падчас далейшай пасядзелкі усіх пяцярых – мужчыну 30 гадоў, двух яго сябровак 19-ці і 29-ці гадоў, а таксама гаспадыню кватэры і таксіста накрыла міліцыя. Усю кампанію абвінавацілі ў абароце наркатычных рэчываў. Па артыкуле “Незаконнае абарачэнне асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у буйным памеры, здзейснены групай асоб” 30-гадовага мужчыну і яго сябровак 19-ці і 29 гадоў асудзілі на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму кожнага.

23-гадовы таксіст атрымаў тры з паловай гады турмы з фармулёўкай “Незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне, перавозка і незаконны збыт наркатычных сродкаў”. 23-гадовую дзяўчыну, што прыняла кампанію ў сябе дома вызначылі ўласніцай прытона і асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў вязніцу – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Фота ілюстрацыйнае