Любоў Архіпцова

У Глуску памерла Праведніца народаў свету

Ва ўзросце 94 гады пайшла з жыцця Праведніца народаў свету з Глуска Любоў Архіпцова (Волчак). 

У 1941 годзе маленькая Люба разам са сваёй маці Надзеяй Міхайлаўнай выратавалі ад растрэлу яўрэйскую дзяўчынку Вольгу Шульман, піша “Мястэчка Глуск”. За гэты геройскі ўчынак ім у 1998 годзе было прысвоена ганаровае званне «Праведнік народаў свету», а ў 2022 годзе ў Бабруйску на Алеі Праведнікаў ўвекавечылі імёны глусчанак. Пасля вайны Вольга Шульман часта прыязджала ў госці да Архіпцовых.

“Мая мама родам з вёскі Слаўкавічы, – распавядала ў свой час мясцовай раёнцы “Радзіма” Любоў Міхайлаўна. – Бацькі Олі былі з ёй добра знаёмыя: бацька дзяўчынкі-шавецкі майстар, мама – краўчыха, і яны часта па працы прыязджалі ў Слаўкавічы. Калі мы пераехалі жыць у Глуск, то яны таксама бывалі ў нас дома. У снежні 1941 года глускіх яўрэяў вялі на расстрэл на Мыслачанскую гару. Хтосьці непрыкметна выштурхнуў Олю з калоны, яна змагла ўцячы і потым прыйшла да нас у дом”.

Паводле расповеда жанчыны, яе мама была вельмі смелай, бо ў той час у яе на руках быў хворы муж і чацвёра дзяцей. “Калі б у нас знайшлі яўрэйскую дзяўчынку, то расстралялі б усіх. Ніхто не ведаў, што ў нас жыве чужое дзіця, і мы, дзеці, пра гэта маўчалі. Знаёмыя паліцаі папярэджвалі маму пра чарговую аблаву, і яна нас усіх хавала: то на гарышчы, то ў склепе, то на сенавале, то проста ў чыстым полі ў траве. Але доўга хаваць чужое дзіця было немагчыма, і мама адправіла дзяўчынку да сваёй сястры ў Слаўкавічы. Праводзіла ноччу да Клетнага, паказала дарогу далей і вярнулася дадому. Праз некаторы час Олю пераправілі ў партызанскі атрад. Пасля вайны яна часта прыязджала да нас у госці” – ўспамінала Любоў Архіпцова.

З цягам часу яна стала працаваць ў СШ №2 Глуска настаўнікам пачатковых класаў. Жанчына казала, што праца з маленькімі дзецьмі – гэта велізарная праца, але і вялікае задавальненне. 

Фотаздымак: “Мястэчка Глуск”

← Усе навіны Магілёва