У Чэрыкаве некалькі дзён будуць святкаваць заснаванне горада і раёна

У Чэрыкаве некалькі дзён будуць святкаваць заснаванне горада і раёна

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня горада і раёна, распачнуцца з 15 ліпеня і завершацца масавымі гуляннямі ў пятніцу 21 ліпеня. 

Сёлета спаўняецца 99 гадоў з моманту ўтварэння Чэрыкаўскага раёна і 419 гадоў з часу з’яўлення горада. Пагэтаму  было вырашана адсвяткаваць з размахам. Распачнецца святкаванне з 15 ліпеня, калі на гарадскім стадыёне ў 11.00 пройдзе таварыскі матч паміж футбольнымі камандамі з Чэрыкава і Крычава.

З 17 і па 21 ліпеня запланаваны шэраг тэматычных мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі і культуры: літаратурныя выставы, віктарыны, конкурсы дзіцячых малюнкаў, акцыі, квэст-гульні, экскурсіі ў гісторыка-краязнаўчым музеі. 19 ліпеня маладыя спецыялісты раёна прымуць удзел у квэст-гульні “Чэрыкаўшчына: ад вытокаў да сучаснасці”, якая пройдзе ў гарадскім парку.

Аднак асноўнае свята горада пройдзе 21 ліпеня на пляцоўцы раённага дома культуры з чатырох гадзін дня ажно да гадзіны ночы. Гасцей урачыстасці чакае святочны канцэрт, тэматычныя пляцоўкі, фотазоны, святочны кірмаш з выставамі-дэгустацыямі і продажам фермерскіх прадуктаў, сувеніраў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзіцячымі атракцыёнамі і разнастайным гандлем – паведамляе “Веснік Чэрыкаўшчыны”.

Фота ілюстрацыйнае і “Веснік Чэрыкаўшчыны”.