Нязгодных з музеем цара ў Магілёве запрасілі ў гарвыканкам на абмеркаванне праекта

Заўтра ў Магілёве адбудзецца чарговае абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media.

У адказ на планы гарвыканкама па будаўніцтве музейнага комплекса на платформе petitions.by была створана петыцыя “Супраць знішчэння парку і замчышча ў Магілёве пад музей цара”. 

Як праект музея парушае заканадаўства 

Аўтары петыцыі падрабязна патлумачылі, якія заканадаўчыя нормы і нарматывы будуць груба парушаныя ў выпадку рэалізацыі праекта з музеем цару. Прывядзем іх тут цалкам.

  • Паводле праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Магілёва (далей ПЗА), зацверджанага ў 2023 годзе тэрыторыя магілёўскага замчышча, на якім быў разбіты парк, знаходзіцца ў межах першага ўчастка ахоўнай зоны. Згодна з рэгламентамі гэтай зоны забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану гісторыка-культурных каштоўнасцей.
  • Пры рэалізацыі праекта з падземным паверхам будзе цалкам, падчыстую знішчаны культурны пласт на тэрыторыі найбольш старажытнай часткі горада – колішняга Магілёўскага замка, які існаваў у XVI – XIX стагоддзях. Тут у зямлі захаваліся грунтавы могільнік і рэшткі сярэднявечных умацаванняў (XII – XIII стст.). Культурны пласт гістарычнага цэнтра з’яўляецца складовай часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці пад шыфрам 512Е000001, таму яго разбурэнне супярэчыць рэгламентам ПЗА. Да таго ж чужародны па архітэктуры аб’ект на месцы парку і драўляных умацаванняў пагоршыць традыцыйнае ўспрыманне гістарычнага цэнтра, што таксама забаронена ПЗА.
  • Паводле іншага рэгламенту на гэтай тэрыторыі забаронена ўзвядзенне новых будынкаў перыметральнай забудовы кварталаў пры наяўнасці архіўна-бібліяграфічных матэрыялаў аб страчанай гістарычна значнай забудове. У дадзеным выпадку гістарычна значнымі ў перыметральнай забудове квартала замчышча з’яўляліся ягоныя вежы і сцены.
  • Яшчэ адзін пункт ПЗА на гэтым участку ахоўнай зоны забараняе змяненне (ці страта) элементаў гістарычнага ландшафту ўздоўж берагоў р. Дубравенка, р. Дзебра, карэннага правага берага р. Днепр, тэрыторыі парка культуры і адпачынку імя М. Горкага. Рэалізацыя прадстаўленага праекта прывядзе да вынішчэння амаль усіх (акрамя аднаго) дрэваў на палове тэрыторыі парку Горкага. Таксама праектам прадугледжаны зрэз натуральнага пагорка, на якім паўстане асноўны паверх музейнага комплекс. Гэта ўсё з’яўляецца відавочным і непапраўным змяненнем гістарычнага ландшафту парку.

Такім чынам – гаворыцца ў петыцыі – прадстаўлены праект не можа быць прыняты да рэалізацыі праз грубае парушэнне рэгламентаў зон аховы гістарычнага цэнтра. 

Нязгодных запрасілі пяць чалавек

У адказ на петыцыю Магілёўскі гарвыканкам запрасіў нязгодных з праектам музея на чарговае абмеркаванне праекта. Ад усіх заяўнікаў патрабуецца прыйсці не больш чым пяці падпісантам. Сустрэча запланаваная на заўтра, 11 верасня ў 14.20 у кабінеце 320 гарвыканкама.

Замковая гора

Музей цара ў Магілёўскім гарвыканкаме вырашылі падтрымаць – хоць ён незаконны і знішчае калыску горада

У Магілёўскім гарвыканкаме падведзены вынікі грамадскага абмеркавання праекта новага музея на Замкавай гары. Не падлічыўшы галасы праціўнікаў, праігнараваўшы іх аргументы, удзельнікі пасяджэння вырашылі працягваць распрацоўку праекта.

На афіцыйным сайце Магілёўскага гарвыканкама былі апублікаваныя вынікі грамадскага абмеркавання праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве». Нагадаем, што гэты праект прадугледжвае знішчэнне большай часткі парка Горкага, а культурны слой Замкавай гары, на якой паўстаў Магілёў, будзе амаль цалкам вынішчаны – пісалі mogilev.media. 

У чым праблема з праектам новага музея

Паводле праекта, на падземную частку музейнага комплекса прыходзіцца 2 650 квадратных метраў. Гэта значыць, што ўвесь гэты аб’ём зямлі будзе выкапаны з Замкавай гары, а гэта – тысячагадовы культурны слой таўшчынёй у некалькі метраў, які сведчыць пра самую раннюю і сярэдневяковую гісторыю магілёўскага замка.


Беларускае заканадаўства ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны адназначна забараняе будаўніцтва нейкіх новых аб’ектаў на тэрыторыі падобных археалагічных помнікаў.  Так, у Кодэксе аб культуры Рэспублікі Беларусь гаворыцца наступнае:

“Уласнiку (карыстальнiку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасцi, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, забараняецца:

  • знiшчаць гісторыка-культурную каштоўнасць;
  • дапускаць прычыненне шкоды, змяненне гісторыка-культурнай каштоўнасцi, выконваць навукова-даследчыя і праектныя работы без дазволу на выкананне навукова-даследчых і праектных работ на матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях…”

Акрамя пагрозы культурнаму слою, праект прадугледжвае практычна поўнае знішчэнне парка Горкага – адзінай у цэнтры горада зялёнай зоны адпачынку з высокімі дрэвамі. Гэта можа падацца нязначным аргументам, аднак варта ўлічыць, што адсутнасць прыстойнага парка ў Магілёве – адна з непрыемных асаблівасцяў нашага горада, на якую пастаянна звяртаюць увагу і жыхары і госці абласнога цэнтра. Для таго, каб запоўніць гэтую лакуну, парку ў Падміколлі спатрэбяцца яшчэ дзесяцігоддзі развіцця і роста.

Замест зоны адпачынку і археалагічнага помніка, жыхарам горада прапанавалі ўзвядзенне новага музейнага комплекса, прысвечанага гадам перабывання ў Магілёве Стаўкі Мікалая ІІ ў гады Першай Сусветнай вайны. Трэба адзначыць, што гэты перыяд і так ужо даволі поўна адлюстраваны ў экспазіцыях ужо існуючых музеяў Магілёва – у абласным краязнаўчым музеі імя Е. Раманава і ў Музеі гісторыі Магілёва, размешчаным у гарадской ратушы. 

Асоба Мікалая ІІ – рэлігійны, апатычны, супярэчлівы

Асоба Мікалая ІІ, якую шануюць прадстаўнікі праваслаўнай абшчыны, выклікае мноства спрэчак і неадназначных ацэнак у асяродках прафесіяналаў. У Магілёве ўжо шмат разоў абмяркоўваліся ідэі ўшанавання памяці апошняга расійскага імператара. На гэтых пасяджэннях, калі была магчымасць выслухаць не толькі шанавальнікаў, але таксама і крытыкаў гістарычнай постаці цара, звярталася ўвага на наступныя акалічнасці.

Пры тым станоўчым вобразе, які малюецца вакол персоны Мікалая ІІ Раманава як цудоўнага сем’яніна і глыбока рэлігійнага чалавека, трэба ўлічваць, што пры ім:

  • развалілася Расійская імперыя;
  • краіна фактычна прайграла Першую Сусветную вайну;
  • няўмелая ўнутраная палітыка прывяла да сацыяльнага калапсу, што вылілася ва ўсталяванне дыктатуры радыкальнай палітычнай партыяй – бальшавікоў.

Сама асоба цара выклікае таксама наступныя прэтэнзіі – ён апусціў рукі, калі трэба было дзейнічаць і ратаваць краіну ад хаосу. Ва ўмовах, калі дзяржава патрабавала жорсткага рэфармавання, цар фактычна пусціў усе працэсы на самацёк. Характэрны прыклад – Мікалай ІІ да апошняга супраціўляўся ўвядзенню ў краіне прагрэсіўнага падатку для буйных землеўладальнікаў, які мог паспрыяць паляпшэнню эканамічнай сітуацыі. Тлумачыцца гэта проста – самымі буйнымі землеўладальнікамі ў Расійскай імперыі былі самі Раманавы.

Усе гэтыя аргументы ўжо неаднаразова ратавалі Магілёў ад маргінальных ідэяў пра будаўніцтва ў горадзе якіх-кольвек значных помнікаў цару. Але, пасля 2020 года ў Магілёве, відаць, прыслухоўвацца сталі больш не да спецыялістаў, а менавіта да маргіналаў. Пра што сведчыць і праведзенае нядаўна абмеркаванне праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г.Магілёве».

З 143 галасоў супраць залічылі толькі 5

Па выніках грамадскага абмеркавання Камісія прыняла рашэнне рэкамендаваць да рэалізацыі праект музея. Як можна пабачыць, у пратаколе значацца наступныя лічбы – “супраць” выступілі 5 чалавек, “за” – 498.

Пры гэтым адзначаецца, што з 498 галасоў “за” 491 чалавек – гэта падпісанты калектыўнага зварота. Верагодна, гэта былі подпісы людзей, пакінутыя ў падпісных лістах пры цэрквах, а таксама сабраныя актывістамі. Але, магчыма, што ў зборы гэтых подпісаў удзельнічаў і адміністратыўны рэсурс. 

У той жа час на пасяджэнні камісіі па грамадскім абмеркаванні быў праігнараваны той факт, што магілёўцы стварылі петыцыю супраць будаўніцтва новага музейнага комплекса, якую падпісалі 143 чалавекі. Галасоў “супраць” налічылі ўсяго пяць.

“Што ж, кіраўніцтва горада будуе сабе той жа помнік, што збудаваў сабе некалі старшыня Віцебска, які загадаў узарваць помнік XII стагоддзя – нашчадкі вам гэтага ніколі не даруюць.” – пракаментавалі сітуацыю на тэлеграм-канале “Спадчына”.

Фота: Магілёўскі гарвыканкам

Сёння ў Магілёве пройдзе прэзентацыя праекта, які можа знішчыць Замкавую гару і парк Горкага

10 ліпеня ў Магілве ў будынку гарвыканкама пройдзе афіцыйная прэзентацыя праекта «Рэканструкцыя парка імя Горкага з узвядзеннем музейнага комплексу і добраўпарадкаваннем тэрыторыі ў г. Магілёве». Гэты праект прадугледжвае будаўніцтва ў парку Горкага музейнага комплекса, прысвечанага І Сусветнай вайне і перабыванню ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, цара Мікалая ІІ. 

Абмеркаванне арганізаванае Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэтам, а заказчыкам па аб’екце выступае Упраўленне капітальным будаўніцтвам г. Магілёва. Абмеркаванне будзе праходзіць да 19 ліпеня, а сёння ў 15.10 у гарвыканкаме (кабінет №320) адбудзецца афіцыйная прэзентацыя праекта.

Прапанаваны да абмеркавання праект дэманструе, што паводле ідэі ініцыятараў будзе праведзена маштабнае будаўніцтва на Замкавай гары, са знішчэннем велізарнага аб’ёму культурнага слою. Таксама ў выпадку будаўніцтва музейнага комплекса, будзе знішчаны парк Горкага – ад яго, паводле праекта, застанецца ўсяго пару дрэў.

Фота: mogilev.gov.by 

Развальваецца абарончае ўмацаванне XVI-XVII стагоддзяў на гарадзішчы ў Крычаве

На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі. На сённяшні час ён у занядбаным стане, патрабуе належнага дагляду спецыялістаў, да таго ж ахоўны статус у яго адсутнічае.

Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляецца цагляная пабудова, што ўваходзіць у комплекс абарончых збудаванняў на Замкавай гары ў Крычаве. На гарадзішчы Замкавая гара няблага захаваўся абарончы вал і фрагменты ўмацаванняў, зробленыя з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI-XVII стагоддзяў эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання. 

Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.

Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў праз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту “Опыт описания Могилевской губернии”. 

Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па ступені захаванасці. На вялікі жаль, уэкскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследаваць.

Фота: mogilev media і з адкрытых крыніц

Глабальны экалагічны фонд прафінансуе садова-паркавы комплекс у Слаўгарадзе

На Замкавай гары ў Слаўгарадзе пройдзе маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі, плануецца пракласці безбар’ерную экалагічную сцежку і арганізаваць фестываль “Прапойскія вытокі”. Гэта стане магчыма дзякуючы таму, што мясцовая асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам атрымала грант на інфраструктурнае развіццё тэрыторыі замчышча ад міжнароднай арганізацыі Глабальны экалагічны фонд на амаль 50 000 долараў.

Каарданатар праекта Віталь Варабей распавёў газеце “Прысожскі край” пра дэталі пректа. На тэрыторыі Замкавай гары ў Слаўгарадзе будуць праведзены добраўпарадкаванне тэрыторыі, пасадка новых дрэў, укладка пешаходных дарожак, устаноўка асвятлення і арт-аб’ектаў. Таксама запланавана правядзенне на тэрыторыі замчышча штогадовага фестываля “Прапойскія вытокі”. Рэалізацыя гэтага комплекса мерапрыемстваў разлічаная на два гады.

Глабальны экалагічны фонд  – гэта незалежная міжнародная фінансавая арганізацыя, чыя дзейнасць рэалізуецца праз Праграму развіцця ААН, Праграму па навакольным асяроддзі ААН, і Сусветны банк. ГЭФ дае фонды для фінансавання дадатковых выдаткаў для таго, каб праект стаў экалагічна прывабным. Арганізацыя створана ў 1991 годзе, у яе склад уваходзяць прадстаўнікі 181 дзяржавы.

Фота: Планета Беларусь

У Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары

На старадаўнім гарадзішчы Замкавая гара ў Мсціславе адбылося абрушэнне схілу.

Абвал схілу, які адбыўся з-за непагадзі, стаў прычынай частковага абрушэння агароджы. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”  камунальныя службы ўжо распачалі работы па рамонце агароджы. 

Адзначым, што Замкавая гара гэта цэнтр старажытнага Мсціслава, на якім знаходзіцца гісторыка-музейны комплекс. Менавіта тут праходзяць асноўныя мерапрыемствы, падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

У Мсціславе на Замкавай гары адновяць гарадскую забудову часоў Кіеўскай Русі

На працягу 2023 года плануецца рэканструкцыя гарадской забудовы XII – XIV стагоддзяў на Замкавай гары ў Мсціславе. 

Першасная задача, якая стаіць перад будаўнікамі – захаваць трохяруснасць вежы-данжона на Замкавай гары – распавяла БелТА начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама Наталля Біскуп. Таксама плануецца рэканструкцыя элемантаў гістарычнай гарадской забудовы ў такім выглядзе, як гэта было ў часы Кіеўскай Русі.

– Грошы для гэтых работ ужо атрыманы. Цяпер мы знаходзімся на этапе карэкціроўкі праектна-каштарыснай дакументацыі, паколькі яна распрацоўвалася яшчэ ў 2016 годзе і на сённяшні дзень страціла актуальнасць. Працуем у цесным звязку з Міністэрствам культуры – гэта ж гісторыка-археалагічны помнік, аб’ект не просты. Заказчыкам выступае УКБ.

Карэкціроўка і ўзгадненне праектна-каштарыснай дакументацыі зоймуць некалькі месяцаў, пасля гэтага на Замкавай гары пачнуцца рэканструкцыйныя працы. Яны будуць падзелены на некалькі этапаў. Да канца гэтага года плануецца завяршэнне будаўніча-мантажных работ аб’ектаў на Замкавай гары.

Фота: БелТА

У Мсціславе рыцарскі фэст. У рысталішчах клубы гістарычнай рэканструкцыі высвятляюць, хто з іх дужэйшы

Традыцыйна месцам правядзення рысталішчаў становіцца мясцовая замкавая гара. На ёй сёлета, паводле афіцыйнай інфармацыі, сабралася 160 чальцоў клубаў гістарычнай рэканструкцыі.

Адраджэнцы рыцарскай культуры на замчышчы застаюцца пакуль трывае фэст. Завершыцца ён 7 жніўня.

У Беларусі цяпер назіраецца росквіт клубаў гістарычнай рэканструкцыі. Для многіх іх удзельнікаў магчымасць апрануць даспехі альбо вопратку мінулых эпох – сапраўдныя, а не рафінаваныя патрыятызм і павага, нават прага да мінулага 

У мінулыя гады фэст прымяркоўвалі да ўгодкаў Грунвальдскай бітвы – 15 ліпеня. З цягам часу яго пачатак стаў рухомым.

Свята сярэднявечнай культуры ўпершыню было арганізавана ў 2007 годзе. У анонсах сёлетняга фэсту не згадваецца, што яго ініцыяваў тагачасны мсціслаўскі ксёндз Караль Тамэцкі. Ажыццявіць задуманае яму дапамаглі Цэнтр сацыяльных інавацыяў з Мінску і выканаўчая ўлада. У арганізацыі фэсту прадугледжваўся ўдзел актыўнай часткі мясцовага грамадства.

Свята мелася быць рэсурсам для развіцця тутэйшай супольнасці і павелічэння яе ўплывовасці. У далейшым незалежныя ад дзяржавы грамадскія структуры ўладаю былі адсунутыя ад арганізацыі і фэст ператварыўся выключна ў забаўляльнае дзейства. Яго арганізацыя цалкам пад кантролем ідэолагаў.

«Калі фэст становіцца толькі забаўляльным мерапрыемствам, а жыхары гораду – толькі гледачамі, то пра развіццё гораду казаць цяжка», – адзначалі грамадскія актывісты, які арганізоўвалі першыя фэсты ў Мсціславе.

Тым часам улады абяцаюць, што сёлетні фэст стане рэкордны колькасцю наведнікаў. Асабліва падкрэсліваецца, што на свята беларускага рыцарства прыедзе багата расіян, якія пасля кавідных абмежаванняў «гатовыя павесяліцца»