На Яўрэйскіх могілках талака – інвентарызуюць і аднаўляюць помнікі – фота, відэа

Шматгадовую ініцыятыву магілёўскай яўрэйскай грамады па аднаўленні яўрэйскіх могілак у Магілёве падтрымалі актывісты міжнароднага цэнтра «Сэфер». Для правядзення даследчых прац і інвентарызацыі помнікаў у горад прыехалі даследчыкі з Санкт-Пецярбурга, Мінска, Масквы, Краснадара.

Яўрэйскія могілкі з’яўляюцца аднымі з самых насычаных старажытнымі помнікамі, мацэвамі – так у яўрэйскай культуры называецца каменнае надмагілле. 

Яны вядомыя з 1809 года. На ім захаваліся сотні помнікаў-мацэваў з надпісамі на іўрыце, вытанчанай разьбой у камяні, вершаванымі эпітафіямі. Яўрэйскія могілкі 

знаходзіцца на вуліцы Ольчынскай, па суседзтву з Машэкаўскімі могілкамі, на якіх хаваюць гараджан-хрысціян. 

фота: Актывісты Цэнтра «Сэфер» на яўрэйскіх могілках у Магілёве

На працягу дзесяцігоддзяў Яўрэйскія могілкі разбураліся і зарасталі хмызамі. Актывісты яўрэйскай грамады ўзяліся за іх аднаўленне у пачатку 2000-х. За апошнія гады яны адкрылі велічэзны масіў гістарычных пахаванняў, аналагаў якому па мастацкіх якасцях і па колькасці помнікаў больш няма ў Беларусі.

 

Цэнтр «Сэфер» на яўрэйскіх могілках дэтальна фіксуе кожны выяўлены помнік. Рэгіструецца яго матэрыял, наяўнасць надпісаў і эстэтычных, рэлігійных элементаў. На падставе сабранага матэрыялу даследчыкі цэнтру зрабяць пераклад усіх тэкстаў і выдадуць альбом, прысвечаны яўрэйскім могілкам у Магілёве.

Даследніцкія працы пачаліся 15 жніўня і ўжо далі плён. У глыбіні могілак выяўленыя дзясяткі не ўлічаных раней мацэваў. Іх лёс склаўся прыкра – многія з іх былі зрынутыя і раскіданыя новымі «насельнікамі» – людзьмі, што атрымалі ўчасткі пад захаванне ў 1970-х – 1980-х гадах.

Да аднаўлення Яўрэйскіх могілак далучыліся актывісты з каманды «Віра», якая займаецца падняццем і аднаўленнем занядбаных помнікаў на іншых гістарычных могілках Магілёва. Яны аднавілі адну з абрынутых мацэваў, якую раней немагчыма было падняць без спецыялізаванага абсталявання.

Зрынуты вандаламі, апаганены скарбашукальнікамі – у Магілёве актывісты аднавілі чарговы помнік – відэа

Помнік Аляксандру Гаўрылавічу Бако знаходзіцца на Петрапаўлаўскіх могілках. Гэтыя могілкі размяшчаюцца на скрыжаванні вуліцы Гагарына і бульвара Непакораных. Яны адносіліся да Петрапаўлаўскай царквы, што стаяла прыблізна на месцы сучаснай гасцініцы “Турыст”. 

Помнік быў зрынуты з пастамента, верагодна, вандаламі ў 1990-х ці 2000-х гадах, а акрамя гэтага і магіла Бако і суседняе скляпенне зведалі апаганьванне з боку скарбашукальнікаў – на месцах пахаванняў дагэтуль зеўраюць вырытыя ямы.

Каманда актывістаў “Віра!” здзейсніла чарговую талаку па падняццю помніка. Магілёў.media паведамляла раней пра працы энтузіястаў на Лютэранскіх могілках па аднаўленні помніка Доўшпрунг-Целіцы і пліты з узгадкай пра загадкавага “чалавека, пахаванага чатыры разы”.

 

Імя Аляксандра Гаўрылавіча Бако з горада Магілёва ўзгадваецца ў дакументах у сувязі з яго ўдзелам ва Ўсерасійскай выставе 1882 года. Там магілёўскі прамысловец прадстаўляў скураныя вырабы – “белую юфць”.