Самую вялікую выставу гульняў у свеце адмянілі – яна аказалася нікому не патрэбнай

У 2019 годзе выстава відэагульняў E3, што праводзілася ў Лос-Анджэлесе, сабрала 66 000 удзельнікаў і аказалася апошняй у сваёй 24-гадовай гісторыі – піша Guardian.  

Пачынаючы з 1995 года на выставе Electronic Entertainment Expo (Е3) вядучыя сусветныя распрацоўшчыкі гульняў прадстаўлялі альбо анансавалі свае навінкі. Выстава з’яўлялася неад’емнай падзеяй у календары гульнявой індустрыі, і традыцыйна тут выдаўцы гульняў і вытворцы кансоляў аб’яўлялі, што чакае гульцоў на працягу наступнага года. Традыцыйна форум праходзіў у чэрвені. 

У 2020-м і наступных гадах форум не праводзіўся з-за карантынных абмежаванняў, і гэты перыяд надламіў мерапрыемства – большасць кампаній і распрацоўшчыкаў, што традыцыйна выходзілі на рынак пры дапамозе Е3, перадыслацыраваліся ў онлайн-прэзентацыі. 

Арганізатар выставы, кампанія Entertainment Software Association паведаміла сваім кліентам, што  “E3 застаецца ўлюбёным для публікі мерапрыемствам і брэндам”, аднак найноўшая ітэрацыя выставы “папросту не прыцягнула дастатковай для яе правядзення цікавасці”.

На фота: Кіану Рыўз прэзентуе публіцы гульню Cyberpunk 2077 на апошнім форуме ў 2019 годзе. Фота vg247.com