Навіны пабрацімаў. У прыфрантавым Мікалаеве вучыць дзяцей у школах будуць дыстанцыйна. У горадзе засталося 10 тысяч вучняў

У анлайн-рэжыме з вучнямі будуць працаваць 2843 педагогі. З іх паўтары тысячы застаюцца непасрэдна ў горадзе.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.


У Мікалаеве на ўліку значацца 44118 вучняў – з іх перабываюць у горадзе амаль 10 тысяч. За мяжой – больш за 17 тысяч дзяцей.

Па словах мэра Аляксандра Сянкевіча на 31 жніўня мясцовая сістэма адукацыі мае 579 заявак на навучанне дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.

«Яны працягваюць прыяжджаць – усіх вучняў прымем у любы час, каб кожнае дзіця атрымала ўкраінскую адукацыю» – напісаў кіраўнік гораду ў тэлеграм-канале.

Аляксандр Сянкевіч кажа, што за час вайны расійскія войскі ў Мікалаеве абстралялі 77 установаў адукацыі. Дзве з іх зруйнаваныя ўшчэнт, а ў двух часткова пабураныя карпусы.

Школы, у якіх сёлета не пачнецца навучальны год, мясцовыя ўлады кансервуюць.

«Мы стараемся зберагчы школы, каб дзеці, якія вернуцца пасля вайны, працягнулі вучобу ў іх» – адзначае Аляксандр Сянкевіч.


Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.

Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.

Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».

 

Усе магілёўскія школы гатовыя да навучальнага году, запэўніваюць чыноўнікі

На рамонт магілёўскіх школ з бюджэту было выдзелена 5,3 мільёны рублёў. Амаль столькі ж узялі на яго з заробленага навучальнымі ўстановамі і спонсараў – 4,5 мільёны рублёў.

Заяўляецца, што школы забяспечаныя ўсім неабходным для «якаснага адукацыйнага і выхаваўчага працэсаў». Усе яны атрымалі сертыфікаты гатоўнасці.

Паводле кіраўніцы гарадскога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Іны Нізаўцовай, на рамонт школ было выдзелена больш за 5,3 мільёны рублёў, з іх на капітальны рамонт – больш за 3 млн. Яшчэ больш за 4,5 мільёны рублёў атрымана за кошт пазабюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.

Капітальны рамонт правялі ў дзвюх школах – № 5 і № 13. Упарадкаваныя прылеглыя тэрыторыі і спартыўныя аб’екты, паведаміў «Веснік Магілёва», спасылаючыся на чыноўніцу.

Сёлета ў школу пойдуць больш за 41 тысячу вучняў. З іх больш за 4,5 тысяч – першакласнікі. Установы агульнай сярэдняй адукацыі папоўніліся 111 маладымі спецыялістамі.

фота: mogilev-region.gov.by