Новая паломка на магілёўскай чыгунцы

Працягваюцца праблемы на магілёўскай чыгунцы – сёння раніцай адбылася тэхнічная няспраўнасць цягніка на перагоне паміж Шкловам і Копыссю, паведамляе афіцыйны канал Беларускай чыгункі. Па гэтай прычыне са спазненнем будуць курсіраваць адразу тры пасажырскія цягнікі – Брэст-Полацк, Орша-Магілёў і Гродна/Орша-Камунары. Час спазнення складае ад палутара да двух з паловай гадзін.

Трэба падкрэсліць, што толькі ў траўні гэтага года ў магілёўскім аддзяленні Беларускай чыгункі быў уведзены асаблівы рэжым працы з-за праблем з бяспекай – пісалі mogilev.media. Прычынай строгіх мер сталі неаднаразовыя інцыдэнты з рухомым саставам у зоне адказнасці магілёўскага аддзялення – то забылі прыбраць тармазны башмак, то лакаматыў загарэўся.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.