Германія пазбавілася залежнасці ад расійскага газу

Два тэрміналы для прыняцця звадкаванага прыроднага газу адкрыты ў Германіі. Чакаецца, што ў бліжэйшыя месяцы з’явяцца яшчэ некалькі плаваючых тэрміналаў.

У пачатку года Германія была адзінай буйной краінай Еўрапейскага саюзу, якая не мела інфраструктуры па прыёме звадкаванага газу на сваёй тэрыторыі, паколькі яна цалкам абапіралася на пастаўкі газу трубаправодамі з Расійскай Федэрацыі. 

Але спадзеў на надзейнасць расійскіх партнёраў аказаўся марным. Расія сама спыніла пастаўкі 31 жніўня 2022 года. Расійскія паліттэхнолагі спадзяваліся, што “замярзаючая” без газу Еўропа прымусіць украінскія ўлады прыняць капітулянцкія расійскія патрабаванні. 

Германія аказалася прадбачлівай. Яна запаслася газам, разнастаіла пастаўшчыкоў, пачала інтэнсіўна будаваць тэрміналы па прыёме звадкаванага газу і ў выніку пазбавілася залежнасці ад расійскага газу. Краіна сёння цалкам забяспечана газам. 

У пачатку студзеня першы танкер са звадкаванага прыроднага газу са Злучаных Штатаў прыняў тэрмінал у Вільгельмсхафэне ў Германіі. Другі тэрмінал адкрыўся ў суботу недалёка ад горада Лубмін. Канцлер краіны Олаф Шольц прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця.

Паведамляецца, што нямецкія тэрміналы змогуць паставіць спажыўцам паліва не толькі ў Германію, але і ў суседнія краіны: у Данію, Польшчу і Чэхію.