Дзень у гісторыі. 25 кастрычніка. Дзень нараджэння «бацькі» якуцкай літаратуры Эдварда Пякарскага, археолага Сяргея Дубінскага, кінарэжысёра Віктара Турава. Чакаем сонечнае зацьменне

1858 год. Нарадзіўся Эдвард Пякарскі. 

Беларускі этнограф, географ, фалькларыст. Акадэмік АН СССР, Сакратар Аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства, аўтар прац па этнографіі якутаў і эвенкаў, складальнік слоўніка якуцкай мовы, «бацька» якуцкай літаратуры.

За ўдзел у народніцкім руху быў сасланы ў Якуцію (1881).

Даследаваў геаграфію, фальклор і мову, супрацоўнічаў з Усходне-Сібірскім аддзяленнем Рускага геаграфічнага таварыства.

Памёр у 1934 годзе. Пахаваны на ленінградскіх Смаленскіх лютэранскіх могілках. 

1868 год. Нарадзіўся Карл Грыгаровіч. 

Беларускі скрыпач і педагог. Інтэрпрэтатар скрыпічнай і квартэтнай класікі.

Гастраляваў па свеце: Амерыка, Азія, Афрыка. 

Прафесар Маскоўскага філарманічнага вучылішча, Віцебскай народнай кансерваторыі, першая скрыпка ў квартэце герцага Мекленбургскага.

Арыштаваны ў 1921 годзе і прысуджаны да 3 гадоў прымусовых работ.

Да гэтага часу незразумела, памёр ён ад голаду ў заключэнні або быў расстраляны ў 1921 годзе.

musicseasons.org

1884 год. Нарадзіўся Сяргей Дубінскі. 

Беларускі археолаг і гісторык.

Разам з Аляксандрам Ляўданскім закладаў асновы беларускай археалогіі.

Даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча Беларусі, у тым ліку Магілёўшчыны, гарадзішча Банцараўшчына.

Аўтар першых археалагічных карт Магілёўскай вобласці, Беларусі, першай бібліяграфіі па археалогіі Беларусі і сумежных краін.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы і расстраляны.

1932 год. Нарадзіўся Уладзімір Анісковіч. 

Беларускі літаратурны крытык, перакладчык

Працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, у рэдакцыях часопісаў «Нёман», «Родная прырода», газеты «Літаратура і мастацтва», у выдавецтве «Юнацтва».

Перакладчык з балгарскай мовы твораў І. Давыдкава, С. Страціева , А. Стаянава, Б. Апрылава, Н. Хайтава, Д. Цончава, І. Радзічкава, І. Мілева і іншых аўтараў.

1933 год. У Полацку нарадзілася Нінэль Шчасная. 

Беларускі жывапісец і графік. Заслужаны дзеяч мастацтваў.

Працавала ў станкавым жывапісе, кніжнай і станкавай графіцы, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Аформіла шэраг кніжных выданняў.

Аўтар партрэтаў І. Мележа, У. Дубоўкі, І. Шамякіна, Цёткі, А. Макаёнка, М. Танка, Янкі Купалы,  М. Багдановіча, Еўфрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, П. Мсціслаўца і іншых выбітных ураджэнцаў Беларусі.

1934 год. Ва Уругвае нарадзіўся Карлас Шэрман. 

Беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ў сям’і выхадца з Заходняй Беларусі.

Загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР,  віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра.

Перакладчык іспанамоўных аўтараў: Г. Гарсія Маркеса, Н. Гільена, Ф. Піта Радрыгеса і іншых.

З беларускай на іспанскую пераклаў асобныя творы А. Куляшова, М. Танка, І. Шамякіна, В. Быкава, Я. Купалы,  Я. Коласа, Р. Барадуліна і іншых.

Аўтар кніг, зборнікаў паэзіі.

Памёр у 2005 годзе.

1936 год. У Магілёве нарадзіўся Віктар Тураў. 

Беларускі кінарэжысёр і сцэнарыст. Народны артыст Беларусі і СССР. Лаўрэат многіх прэмій СССР, Польшчы, кінафестываляў.

Вязень канцлагера на Рэйне.

Этапнымі яго работамі былі экранізацыі «Палескай хронікі» І. Мележа «Людзі на балоце», «Подых навальніцы», апавядання І. Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава». 

Сярод ваеных і гістарычных фільмаў найбольш значныя:  «Я родам з дзяцінства», «Сыны ідуць у бой», «Пераправа», «Чорны бусел», «Шляхціц Завальня».

Здымаў фільмы з удзелам Ул. Высоцкага, з якім сябраваў.

Уключаны ЮНЕСКА ў лік 50 кінематаграфістаў свету, з якіх складаўся Ганаровы камітэт па святкаванню 100-годдзя кінематаграфіі.

wikimedia.org

1939 год. Нарадзіўся Яўген Штоп. 

Беларускі  дзеяч самадзейнага мастацтва, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі.

Працаваў артыстам Белдзяржфілармоніі, дырэктарам Ваўкавыскага Дома культуры, балетмайстрам-постаноўшчыкам Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі.

Стваральнік і першы мастацкі кіраўнік ансамбля песні, музыкі і танца «Белыя росы» Гродзенскай абласной філармоніі.

grodnonews.by

 1942 год. Памёр Хвядос Шынклер. 

Беларускі пісьменнік і сцэнарыст.

Удзельнік літаратурнага аб’яднання «Маладняк».

Працаваў у бабруйскай газеце «Камуніст», транспартнай жлобінскай газеце «Ударнік», у рэдакцыях «Літаратура і мастацтва» і «Полымя».

Аўтар многіх зборнікаў апавяданняў, аповесцей, кніг, п’ес.

Выступаў з рэцэнзіямі, артыкуламі, нарысамі.

wikimedia.org

 1952 год. Нарадзіўся Аляксандар Карабанаў. 

Беларускі геолаг. Акадэмік НАН Беларусі.

Доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Лаўрэат Прэміі НАНБ за цыкл прац «Разломы і лінеаменты зямной кары Беларусі». Дырэктар Інстытута прыродакарыстання.

Выхаванец геаграфічнага факультэта БДУ.

Распрацаваў спосаб рэканструкцыі амплітуд неатэктанічных рухаў старажытнамацерыковага абледзянення і канцэпцыю неатэктанічнага развіцця і найноўшай геадынамікі тэрыторыі Беларусі. 

Выканаў неатэктанічнае раянаванне Заходняй і Цэнтральнай Еўропы

Аўтар 250 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій, уключаючы «Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі».

Памёр у 2019 годзе.

csl.bas-net.by

1991 год. У Нью-Ёрку памёр Міхась Міцкевіч.  

Беларускі грамадскі і культурны дзеяч, малодшы брат Якуба Коласа.

Удзельнік нацыянальнага руху Беларусі, выкладчык Мінскай беларускай гімназіі.

З 1944 года ў эміграцыі. Актыўны дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў ЗША, член рэдакцыі часопіса «Беларус», рэдактар часопіса «Голас Царквы».

Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансуіку ў штаце Нью-Джэрсі.

У яго гонар Якуб Колас назваў свайго малодшага сына Міхася (1926-2020).

2022 год. Сонечнае зацьменне. 

У выпадку яснага надвор’я паміж 12:24 і 14:51 можна будзе назіраць сонечнае зацьменне ў Беларусі, іншых краінах Еўропы, Блізкага Усходу, Цэнтральнай Азіі, на паўночным усходзе Афрыкі, у паўночна-ўсходняй частцы Атлантычнага акіяна.

Гэтае зацьменне будзе частковым, дыск Месяца не закрые Сонца поўнасцю.

Наступнае зацьменне Сонца адбудзецца 20 красавіка 2023 г. і будзе поўным, але яго паласа па тэрыторыі Беларусі не пройдзе.

Усе назіранні за Сонцам неабходна праводзіць з выкарыстаннем сонечнага святлафільтра.

root-nation.com

Сонечнае зацьменне 25 кастрычніка будзе найбольш моцным у Хоцімску і блізкіх да яго раёнах, а сярод абласных гарадоў краіны – ў Магілёве

Пасля сонечнага зацмення чакаюцца перамены. Нагадаем, што ў 1917 годзе ў гэты дзень адбыўся бальшавіцкі пераварот у Расіі. 

25 кастрычніка 2022 года жыхары Беларусі змогуць убачыць частковыя фазы сонечнага зацьмення, паведамляе рэсурс astrobel.ru.

У гэтым годзе цень Месяца пройдзе па сонечным дыску ўжо другі раз – упершыню гэта здарылася 30 красавіка і зацьменне таксама было частковым. 

У Хоцімску месяц схавае сонца на 65%

Частковае зацьменне Сонца змогуць назіраць жыхары большай часткі Еўропы, Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу і заходняй часткі Азіі. Яно пачнецца з усходам сонца на тэрыторыі Ісландыі, а завершыцца з заходам сонца ў раёне Аравійскага мора. Найбольшая фаза сонечнага зацьмення складзе 0,863 і будзе назірацца ў Расійскай Федэрацыі ў Ханты-Мансійскай аўтаномнай акрузе – Югра. Тут Месяц схавае Сонца больш, чым на 86%.

Пры ўмове добрага надвор’я і яснага неба беларусы змогуць мілавацца зацьменнем таксама. Па разліках астраномаў, у Беларусі Сонца схаваецца за ценем Месяца прыкладна на 60%.

На тэрыторыі Беларусі найбліжэйшым горадам з бачнасцю максімальнай фазы стане горад Хоцімск. Тут Месяц схавае Сонца больш, чым на 65%.

Солнечнае зацьменне 25 кастрычніка па мінскім часе пачнецца ў 12 гадзін 17 хвілін. Яго пік, паводле разлікаў, павінен прыйсціся на 13 гадзін 29 хвілін. Сонца закрыецца па вобласці ў сярэднім на 60%, што будзе з’яўляцца максімальнай фазай. А завершыцца праходжанне ценю Месяца па сонечным дыску ў 14 гадзін 41 хвіліну. Час зацьмення ў сярэднем складзе 2 гадзіны 24 хвіліны.

Сонца з’яўляецца небяспечна яркай крыніцай святла.

Трэба памятаць, што нават часткова закрытае соца небяспечна. Таму назіраць зацьменне катэгарычна нельга праз біноклі ці тэлескопы, а таксама сонцаахоўныя акуляры, палярызацыйныя святлафільтры ці фотастужку. Дактары перасцерагаюць ад выкарыстання і народнага метаду назіранняў праз закуранае шкло. Усе гэтыя прадметы прапускаюць ультрафіялетавыя і інфрачырвоныя прамяні, якія шкодныя для вачэй самі па сабе.

Можна назіраць сонечнае зацьменне праз:

  • спецыяльныя сонечныя фільтры для тэлескопаў і бінокляў, якія можна набыць у профільнай краме;
  • маскі для зваркі з ахоўным адценнем не менш за 14;
  • спецыяльныя акуляры для назірання сонечнага зацьмення, іх можна вырабіць самастойна з плёнкі AstroSolar – яе выкарыстоўваюць у сонечных фільтрах.

Чаго нельга рабіць

З сонечнымі зацьменнямі таксама звязаны шэраг забарон, бо людзі здаўна надавалі такім з’явам вялікае значэнне. У прыватнасці, у гэты час не раяць:

  • пачынаць вялікія справы ў любых сфэрах;
  • прымаць важныя рашэнні;
  • перагружаць сябе фізічна ці эмацыйна;
  • падвяргаць сваё жыццё і здароўе рызыцы;
  • купляць новыя рэчы;
  • падпісваць дакументы;
  • сварыцца.

Дзень зацьмення раяць прысвяціць заспакаенню і рэлаксу – прыняць ванну, памедытаваць, прагуляцца на свежым паветры. 

Астролагі абяцаюць, што з гэтага зацьмення ў краінах, дзе яно будзе бачным, пачнуцца вялікія перамены. Таму перад імі варта набрацца сіл.