245 год таму ўпершыню з’явіўся падрабязны план Крычава

Першы падрабязны план горада з’явіўся ў 1778 годзе, пасля таго, калі Крычаў разам з іншымі ўсходнімі землямі па першаму падзелу Рэчы Паспалітай сталі часткай Расісйкай імперыі. 

Гэта адбылося ўжо за часамі Расійскай імперыі, калі новая адміністрацыя, што прыйшла на ўходнія землі былой Рэчы Паспалітай, стала ствараць падрабязныя планы гарадоў і мястэчак. Крычаў не стаўся выключэннем, хоць на той час быў невялікім паселішчам, у якім не жыло нават трох тысяч чалавек. Між іншым пра невялікія памеры тагачаснага мястэчка якраз сведчыць гэты план.

Мапа страворана была ў той час, калі Крычаў і ваколіцы былі ўладаннем князя Рыгора Пацёмкіна, хоць неўзабаве Крычаўшчынай завалодае мясцовы шляхціч Галынскі.  

На сённяшні час план старадаўняга Крычава дасяжны на прасторах інтэрнета, але арыгінал яго знаходзіцца ў Расійскім дзяржаўным ваенным архіве. Адметна, што план 1778 года размешчаны нават на сайце крычаўскага райвыканкама ў раздзеле “История Кричева в старых фотографиях”.  

Фота з адкрытых крыніц

Што не так з гербам Чавусаў?

Васемнаццаць год таму статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў расійскі герб

Калі ў 2001 годзе паўстала пытанне аб выбары афіцыйнага геральдычнага сімвала, Чавускі райвыканкам на чале з старшынёй А. Мацюліным аддаў перавагу гербу часоў Расійскай імперыі як «больш адпаведнаму менталітэту грамадзян». і пачынаючы са студзеня 2005 года статус афіцыйнага геральдычнага сімвала Чавусаў атрымаў герб горада, дадзены яму ў часы Расійскай імперыі. 

Прыняты ў 2005 годзе герб мае сваё паходжанне з XVIII стагоддзя, калі ў часы расійскага панавання на беларускіх землях, імператрыца Кацярына ІІ 16 жніўня 1781 года даравала Чавусам новы герб замест ранейшага магдэбургскага: «У верхняй частцы шчыта частка герба Магілёўскага: у залатым полі палова Расійскага герба. У ніжняй — у чырвоным полі шпага, пакладзеная крыжападобна з мячом, злучаныя лаўровым вянком, у памяць слаўнай перамогі, здабытай над шведамі, у наваколлях гэтага горада пад Лясным».

Цяперашні геральдычны сімвал Чавусаў уяўляе сабой выяву на чырвоным полі французскага шчыта шпагі і мяча, размешчаных крыжападобна і злучаных лаўровым вянком.

Першы гістарычны герб Чавусаў быў нададзены гораду разам з Магдэбурскім правам каралём польскім і вялікім князем літоўскім Уладзіславам Вазам 12 жніўня 1634 года. Ён выглядаў так: «у блакітным полі на белым кані святы Марцін з мячом у руцэ, на плячах чырвоны плашч». Прычым гэты герб варта адносіць да шэрага гарадскіх знакаў, якія адлюстроўваюць ідэі абароны і перамогі хрысціянскіх каштоўнасцей. Аднак гэты герб так і не стаў сімвалам цяперашніх Чавусаў.

Фота з адкрытых крыніц

Клімавічы сталі горадам 245 год таму

Гарадскі статус, планіроўку вуліц, а таксама ўласны сімвал Клімавічы атрымалі ў спадчыну ад рускай імператрыцы Кацярыны ІІ

Наданне Клімавічам статуса горада адбылося ў 1777 годзе або 245 год таму, калі разам з усімі ўсходнімі землямі Рэчы Паспалітай мястэчка ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Сумная падзея для краіны і нацыі, але магчымасць развіцця для паселішча.

У 1765 годзе Клімавічы сталі цэнтрам невялікага нягродавага (не гарадскога) староства — дзяржаўнага ўладання, якое здавалася ў арэнду і не было звязанае з выкананнем абавязкаў гродавага старасты. 

На той час Клімавічы былі зусім невялікім мястэчкам на ўсходзе Рэчы Паспалітай. Аднак з уваходжаннем у склад Расійскай імперыі статус мястэчка падвышаецца. У 1777 годзе распраджэннем імператрыцы Кацярыны ІІ Клімавічам надаецца статус павятовага горада, што паспрыяла далейшаму развіццю і зменам паселішча. 

У 1779 годзе зацвярджаецца новы план горада, згодна якому мяняецца традыцыйнае радыяльнае распалажэнне вуліц і пабудоў, цэнтрам якога быў пляц з касцёлам. Наступны этап развіцця і змен – 1781 год, калі  Клімавічы атрымоўваюць свой ўласны герб «у блакітным полі залатая пчала». Гэтая сімволіка для Клімавічаў і на сённяшні дзень з’яўляецца адметным сімвалам.  Такім чынам, у канцы XVIII стагоддзя Клімавічам быў створаны асноўныя рысы горада, які захоўваюцца да сёння.  

На фота: сядзіба Мяшчэрскіх 1867 года пабудовы ў Клімавічах

Фота ўзята з адкрытых крыніц

Дзень у гісторыі. 23 лістапада. Скончыўся Гродзенскі “маўклівы сойм”. У продажы з’явіліся кніга Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў”. Заснаваны штотыднёвік «Наша ніва». Пабудавана Асіповіцкая ГЭС

1793 год. Скончыўся Гродзенскі Сойм, “маўклівы сойм” – апошні, надзвычайны сойм Рэчы Паспалітай. Скасавана дзеянне Канстытуцыі 3 мая.

Сойм праходзіў з 17 чэрвеня 1793 года. Скліканы для зацвярджэння руска-прускай канвенцыі ад 23 студзеня 1793 года аб Другім падзеле Рэчы Паспалітай. Адбываўся ў Сенатарскай зале каралеўскага палаца ў Горадні. 

Каб зламаць апазіцыю, нешматлікую, але вельмі актыўную, рускі амбасадар Сіверс з першых жа дзён сойма стаў прыбягаць да жорсткіх мер. 22 жніўня Сіверс пайшоў на дэманстрацыю ваеннай сілы. Ён рушыў у Гродна атрады, якія размяшчаліся ў ваколіцах. Яны занялі ўсе найважнейшыя вуліцы. Без білета ад рускага каменданта ніхто не мог выйсці са свайго дома. Каралеўскі замак быў акружаны дзвюма ротамі грэнадзёраў з чатырма гарматамі. Пры іх стаялі артылерысты з запаленымі кнатамі. У двары замка і ў калідорах была расстаўлена моцная ахова.

На світанку 23 верасня казакі выхапілі прама з ложкаў і вывезлі з Гродна чатырох апазіцыянераў: Шыдлоўскага, Скажыньскага, Краснадэмбскага і Мікорскага. 

Замак зноў быў аточаны войскамі і гарматамі. Паслы прыйшлі ў жах, убачыўшы, як з імі збіраюцца абысціся. Ціхія і панурыя, праходзілі яны праз строй грэнадзёраў і займалі свае месцы ў зале. Увайшоў кароль. Расійскі генерал Раутэнфельд абвясціў сабраным паслам, што не выпусціць іх, пакуль не падпішуць трактат з Прусіяй. 

На чарговы зварот Сіверса, прыняць прапанову Кацярыны II, паслы маўчалі. 

Урэшце кракаўскі пасол Іосіф Анквіц сказаў, што «маўчанне азначае згоду». Як раз у гэты час падлогавы гадзіннік гучна прабіў палову а чацвёртай раніцы і адзначыў падзею, якая ўвайшла ў гісторыю як «маўклівы сойм».

Па выніках сойма Расійская імперыя станавілася пратэктарам Рэчы Паспалітай. Ліквідавалася Канстытуцыя 3 мая. Войска Рэчы Паспалітай змяншалася да 15 тысяч чалавек. Ліквідавалася Таргавіцкая канфедэрацыя. Замацоўваўся другі падзел Рэчы Паспалітай, у выніку чаго ўся тэрыторыя сучаснай Магілёўшчыны ўвайшла ў склад Расіі (пасля Першага Падзела Рэчы Паспалітай мяжа праходзіла па Друці).

wikimedia.org

1859 год. У кнігарнях Лондана ў продажы з’явіўся зялёны томік кнігі Чарльза Дарвіна “Паходжанне відаў шляхам натуральнага адбору, або Захаванне спрыяльных парод у барацьбе за жыццё”. 

Велізарны па тых часах тыраж кнігі ў 1250 асобнікаў быў раскуплены за дзень, які азнаменаваў сабой з’яўленне ў сусветнай навуцы тэорыі эвалюцыі жывой прыроды, якая стала краевугольным каменем сучаснай біялогіі, або дарвінізму.

Зрэшты, камерцыйны поспех вызначыла зусім не эпахальнае навуковае значэнне гэтага выдання. Некалькімі днямі раней у прэсе з’явілася паведамленне аб маючым адбыцца выхадзе кнігі, у якой даказваецца, што чалавек пайшоў не ад Адама і Евы, а ад малпы. Так што да навукоўцаў дайшлі ўсяго два-тры дзясяткі асобнікаў дарвінаўскай працы.

Англійскі прыродазнавец, натураліст і падарожнік Чарльз Дарвін абагульніў вынікі ўласных назіранняў і дасягненні сучаснай яму біялогіі і селекцыйнай практыкі, выявіў асноўныя фактары эвалюцыі арганічнага свету.

Дарвін напісаў яшчэ тры кнігі па пытаннях эвалюцыі, існаванне якой было прызнана большасцю вучоных яшчэ пры жыцці Дарвіна, у той час як яго тэорыя натуральнага адбору, як асноўнае тлумачэнне эвалюцыі, стала агульнапрызнанай толькі ў 1930-х гадах.

tunnel.ru

 1871 год. Нарадзіўся Уладзімір Тэраўскі.

Беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст царкоўнаслужыцель. Стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы.

Па словах З. Бядулі “хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу”, Тэраўскі – “мастак-самародак”.

Стварыў музыку да шматлікіх спектакляў купалаўскага тэатра, у тым ліку «Машэка», «Кастусь Каліноўскі»  Е. Міровіча. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М. Чарота.

Напісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі і іншых. Запісваў і гарманізаваў народныя песні.

Аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»), гімна «Беларуская марсельеза», музыкі да песні «Купалінка», якую многія лічаць народнай.

У 1931 годзе звольнены з работы ў купалаўскім тэатры. Служыў псаломшчыкам, рэгентам царкоўнага хору ў розных саборах Мінска.

Зноў арыштаваны 17 жніўня 1938 года. Прыгавораны 1 лістапада да расстрэлу, расстраляны 10 лістапада 1938 года.

wikimedia.org

1906 год. У Вільні пачалося выданне штотыднёвай грамадска-палітычнай, навукова-асветніцкай і літаратурна-мастацкай газеты нацыяльна-адраджэнскага кірунку «Наша ніва». 

Выдавалася ў Вільні, па-беларуску, з 10 (23) лістапада 1906 да 7 (20) жніўня 1915. Друкавалася кірыліцай і лацінкай, тыражом 4 500 асобнікаў. Выхад газеты быў спынены ў сувязі з набліжэннем расійска-нямецкага фронту да Вільні.

Газета друкавала вершы, нарысы, мастацкую прозу, навукова-папулярныя артыкулы, навіны.

На старонках газеты ўпершыню апублікаваны многія творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Цёткі, А. Гаруна, З. Бядулі, М. Гарэцкага, Ц. Гартнага, К. Каганца і шматлікіх іншых.

Дзякуючы «Нашай ніве» адбывалася станаўленне беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі.

Газета прапагандавала здабыткі іншанацыянальных культур, змяшчала ў перакладзе на беларускую мову творы еўрапейскіх аўтараў.

wikimedia.org

1922 год.  Аляксандр Грын завяршыў у Пецярбургу напісанне фантастычнай феерыі “Пунсовыя ветразі”. 

Твор аб непахіснай веры і ўсёпераможнай, узнёслай мары, аб тым, што кожны можа зрабіць для блізкага чалавека цуд. Прысвяціў яго сваёй жонцы Ніне.

А.Грын – сапраўднае прозвішча Грынеўскі (1880-1932). Рускі пісьменнік,  паэт, прадстаўнік неарамантызму. Яго бацька – Стэфан Грынеўскі – ураджэнец сучаснай Віцебскай вобласці, за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў быў у 20-гадовым узросце бестэрмінова сасланы ў Сібір.

А. Грын – стваральнік выдуманай краіны «Грынландыя», у якой адбываецца дзеянне шматлікіх яго твораў, у тым ліку самых вядомых «Беглая па хвалях» і «Пунсовыя ветразі».

feo.travel

1953 год.  Уведзена ў эксплуатацыю Асіповіцкая ГЭС на рацэ Свіслач у Асіповіцкім раёне. 

Малая гідраэлектрастанцыя, чацвёртая па магутнасці ГЭС у краіне пасля Віцебскай, Полацкай, Гродненскай. 

Да верасня 2012 г. з’яўлялася самай буйной ГЭС краіны. Магутнасць 2175 кВт. 

Гадавой выпрацоўкі электраэнергii каля 8-10 мільёнаў кВт хгадзiн дастаткова для забеспячэння сацыяльна-пабытовых патрэб у электраэнергіі г. Асіповічы.

wikimedia.org

1959 год. Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Ф. Скарыны атрымала правы культурнай і навуковай установы ў ЗША. 

Існавала ў 1946-1949 гадах у Германіі, у 1949-1976 – у ЗША.

Заснавана ў 1946 годзе ў лагеры для перамешчаных асоб у германскім г. Рэгенсбургу. Старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч і А. Махноўскі. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства.

Пры таварыстве дзейнічалі секцыі: літаратурная, мовазнаўчая, гістарычная і педагагічная.

У 1952 годзе пры таварыстве быў заснаваны Інстытут найноўшай гісторыі Беларусі і Прэсавае бюро. 

Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве, выдавецтвам кніг, слоўнікаў, выпускам навукова-літаратурнага часопіса «Веда». 

З 1957 г. уваходзіла ў Беларуска-амерыканскую дапамогу (Нью-Ёрк) і Задзіночанне славянскіх навуковых арганізацый ЗША.

Таварыства спыніла дзейнасць у 1976 годзе ў сувязі са смерцю Я. Станкевіча.

Фота: Янка Станкевіч, wikimedia.org

1957 год. Нарадзілася Алена Сідарава. Беларуская акцёрка тэатра і кіно. Заслужаная артыстка.

Працавала ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы і музыкі, Нацыянальным драматычным тэатры імя Янкі Купалы. На сцэне сыграла больш за 50 ролей. Сярод найлепшых роляў – Маша ў «Чайцы» А. Чэхава, Гільда ў «Жанчыне з мора» Г. Ібсена, Кіра ва «Успамінах» А. Арбузава.

Здымалася ў 30 кінафільмах, серыялах, камедыях, у меладраме «Фабрика грез» Дз. Астрахана у галоўнай ролі разам з А. Абдулавым.

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэсту, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, калектыў Купалаўскага тэатра 13 жніўня запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. 

26 жніўня акцёрка разам з большасцю трупы і іншымі супрацоўнікамі тэатра звольнілася ў знак пратэсту.

vokrug.tv

1958 год. Нарадзіўся Аляксандр Дабравольскі. 

Беларускі палітык. Сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дырэктар Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў.

Народны дэпутат СССР (1989), уваходзіў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парламенцкай апазіцыі ў СССР. Працаваў разам з А. Сахаравым, Б. Ельцыным, А. Сабчаком, В. Быкавым, А. Адамовічам.

Адзін з ініцыятараў стварэння Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (1990), заснавальнік (1992) Незалежнага Інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання, прадстаўнік групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета ў Канстытуцыйным Судзе (1996) па справе імпічменту прэзідэнта Лукашэнкі.

У 2001 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў быў намеснікам кіраўніка выбарчага Штаба Адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзіміра Ганчарыка, у 2006 – намеснікам кіраўніка Штаба Адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча.

1966 год. Нарадзіўся Міхась Скобла. Беларускі паэт, парадыст, перакладчык, эсэіст, літаратуразнавец. Лаурэат прэстыжных літаратурных прэмій.

У канцы 1980-х з’яўляўся удзельнікам таварыства «Талака».

Працаваў у часопісе «Роднае слова», газеце «Народная Воля», выдавецтве «Беларускі кнігазбор», у Міністэрстве культуры і друку, вёў аўтарскую праграму «Вольная студыя» на Радыё Свабода (1998-2017). З’яўляўся намеснікам старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў (2002-2010). 

Аўтар 12 кніг, укладальнік паэтычных анталогій «Краса і сіла: беларуская паэзія ХХ стагоддзя» і «Галасы з-за небакраю: паэзія свету ў беларускіх перакладах ХХ стагоддзя».

Уклаў і пракаментаваў выдадзеныя ў серыі «Беларускі кнігазбор» аднатомнікі У. Жылкі, Л. Геніюш, Р. Крушыны, Р. Барадуліна, зборы твораў А. Салаўя, Л. Геніюш (у 2 тамах), мемуарныя зборнікі М. Улашчыка, М. Стральцова.

Апублікаваў тамы эпісталярнай спадчыны Ларысы Геніюш, Зоські Верас.

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

wikimedia.org