Рэпін, Айвазоўскі і Куінджы прызнаны ўкраінскімі мастакамі ў Нью-Ёрку

Музей Метраполітэн у Нью-Ёрку (Metropolitan Museum of Art) прызнаў украінскімі многіх мастакоў, якія раней лічыліся расійскімі. 

Імперыі заўжды прысвойвалі сабе нацыянальнасць усіх сваіх падданых. Не была выключэннем і Расійская імперыя, большая палова вялікіх дзеячаў якой насамрэч была беларусамі, украінцамі, палякамі, каўказцамі і так званымі “інародцамі”. 

Так у спадчыну ад імперыі сучасная Расійская Федэрацыя атрымала безліч знакамітасцяў, якія або не з’яўляліся рускімі, або спадчына якіх прыналежыць па праву некалькім народам ці краінам. 

Цяпер, звесткі пра ўкраінскую прыналежнасць Архіпа Куінджы, Іллі Рэпіна і Івана Айвазоўскага з’явіліся ў подпісах да іх карцін на сайце музею Метраполітэн – паведаміў украінскі рэсурс Obozrevatel. Так сусветна вядомы музей рэагуе на звароты ўкраінцаў, якія намагаюцца аднавіць гістарычную справядлівасць. 

Украінец Ілья Рэпін – гучыць нязвыкла, але побач з ягоным партрэтам пісьменніка Усевалада Гаршына, які захоўваецца ў Метраполітэне, напісана менавіта так – “Ukrainian”. Варта нагадаць, што Рэпін паходзіць з казацкага роду па мянушцы Рыпа. Ён нарадзіўся ў 1844 годзе ў пасёлку Асінаўка пад Чугуевам Харкаўскай губерні. Мастак вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў і пісаў свае карціны ў Расійскай імперыі, таму імперыя і палічыла яго сваім. Працаваў і жыў Рэпін і на сваёй дачы ў Здраўнёва пад Віцебскам. 

Іван Айвазоўскі, які вядомы сваімі марскімі пейзажамі, таксама атрымаў прызнанне як украінскі мастак у Метраполітэн-музеі. Побач з карцінай, на якой намаляваны карабель у святле месяца, цяпер пазначана, што яе аўтар украінец.

Як вядома, Айвазоўскі нарадзіўся ў Феадосіі ў 1817 годзе ў сям’і армянскага крамніка. Яго сям’я ў 1812 годзе пераехала ў Крым з Галіцыі, куды раней прыехалі продкі мастака з Заходняй Арменіі. Як і Рэпін, Айвазоўскі таксама вучыўся ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, таму яго часта называлі рускім мастаком. Мастак жыў і працаваў у Крыме, дзе любіў маляваць мора. Цяпер тут знаходзіцца знакамітая Феадасійская карцінная галерэя ягоных палотнаў.

Раней музей прызнаў украінскім мастаком Архіпа Куінджы, які нарадзіўся ў Марыўпалі. Музей нават прыбраў ранейшую спасылку на тое, што ён «вядомы і ва Украіне, і ў Расіі».

Акрамя таго, перайменавана знакамітая карціна французскага мастака Эдгара Дэга «Руская танцоўшчыца». Цяпер палатно называецца «Танцоўшчыца ва ўкраінскім строі».

Падобнай праблемай з’яўляецца і нацыянальная ідэнтыфікацыя дзеячаў культуры з беларускіх зямель. Прыналежнасць Францыска Скарыны, Івана Фёдарава, Адама Міцкевіча, Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча, Жарэса Алфёрава і многіх іншых аспрэчваюць прадстаўнікі некалькіх нацыянальных культур. 

Дастаткова прыгадаць Марка Шагала – аднаго з самых знакамітых мастакоў ХХ стагоддзя. Яго доўгі час адносілі да прадстаўнікоў расійскай і нават рускай культуры, памінаючы яўрэйскае паходжанне і жыццё ў Францыі. І толькі апошнім часам Беларусь вярнула Шагала сабе, і стала зразумелай ягоная прыналежнасць некалькім культурам. 

Посткаланіяльная спадчына і складаныя біяграфіі многіх гістарычных асоб выклікаюць вострыя спрэчкі ў пытанні іх прыналежнасці да той ці іншай культуры. 

Фота ілюстрацыйныя з адкрытых крыніц.