У Кітаі другі год запар рэгіструецца рэкордна нізкая колькасць шлюбаў

Колькасць шлюбаў у 2022 годзе аказалася на 800 000 меншай чым у 2021, але і той год быў рэкордна нізкім, прычым усё гэта адбываецца на фоне “крызісу нараджальнасці” – піша Guardian.

Дадзеныя, апублікаваныя Міністэрствам грамадзянскіх спраў Кітая паказалі, што ў 2022 годзе колькасць пар, якія ўступілі ў шлюб, скарацілася прыкладна на 800 000 у параўнанні з 2021 годам, пабіўшы рэкордна нізкі ўзровень таго года.

Колькасць шлюбаў у Кітаі імкліва зніжаецца за апошнія 10 гадоў, пасля таго як дасягнула піка ў 2013 годзе, калі амаль 13,5 мільёна пар пабраліся шлюбам. Гэта амаль удвая больш, чым у мінулым годзе – у 2022 іх было 6,83 мільёна, што стала самым нізкім паказчыкам з пачатку ўліку ў 1986 годзе.

Палітыкі ў Кітаі ўсё больш занепакоеныя ўстойлівай тэндэнцыяй да зніжэння шлюбнасці і нараджальнасці. У мінулым годзе насельніцтва Кітая скарацілася ўпершыню за шэсць дзесяцігоддзяў, што прывяло да папярэджанняў, што краіна састарэе раней, чым разбагацее.

Дзяржава імкнецца стымуляваць шлюбнасць і нараджальнасць, але гэта пакуль не змагло пераканаць існае пакаленне маладых людзей, якія сутыкнуліся з рэкордным беспрацоўем сярод моладзі і складанымі эканамічнымі цяжкасцямі.

Фота з адкрытых крыніц