Бура з імглою – ваганні магнітнага поля дасягнуць піка раніцай 24 траўня. Чым яны небяспечныя

Зямлю ў ноч на 24 мая накрые магнітная бура, паведамляе сайт Лабараторыі сонечнай астраноміі Інстытута касмічных даследаванняў і Інстытута сонечна-зямной фізікі Расійскай акадэміі навук. 

З’ява пачне набіраць сілу з ночы і дасягне піка а 6:00 у сераду, а да абеда ваганні сціхнуць. Гэта не першая бура за апошнія некалькі дзён. Буры прысвоены ўзровень G1 – першы з пяці па шкале небяспекі. 

Прычына буры – рост актыўнасці ўспышак на Сонцы.

Моцныя магнітныя буры могуць паўплываць на розныя сферы жыцця, напрыклад, яны могуць стаць прычынай парушэння караткахвалевай радыёсувязі. Не выключаныя перабоі ў працы электронных сістэм. Найбольшая рызыка падчас магнітных бур можа ўзнікаць для лётчыкаў і астранаўтаў на вялікіх вышынях. 

Метэазалежныя людзі могуць адчуць слабасць і недамаганне, уплыў буры могуць адчуць асобы пажылога ўзросту, падлеткі ад 12 да 16 гадоў – у іх развіваюцца метэапатычныя рэакцыі. Варта сачыць за сваім станам і гіпертонікам, а таксама тым, хто перанёс інфаркт і інсульт. Могуць таксама назірацца пачашчэнне сэрцабіцця, галаўныя болі, галавакружэнні, слабасць і недамаганне.

Пры пагаршэнні самаадчування неабходна даць сабе некаторы час на адпачынак, памераць ціск. Калі сімптомы не праходзяць або ўзмацняюцца, трэба звярнуцца да ўрача па кансультацыю.

Геамагнітных бур, кажуць спецыялісты, не варта баяцца. У другой палове ХХ стагоддзя ў год у сярэднім рэгістравалася 50-55 бур, у апошнія гады гэтая колькасць паменшылася да 20-30. Гэта звязана з тым, што сонечная і геамагнітная актыўнасць у ХХI стагоддзі нашмат ніжэйшая, чым у ХХ.

Магнітныя буры па сваёй магутнасці дзеляцца на пяць класаў. Але з’явы вышэйшага, пятага класа (G5), не вельмі частыя – за ўсю гісторыю назіранняў з 1755 года іх зарэгістравана 41. Апошняя – у кастрычніку 2003 года. Наймацнейшыя буры гэтага года ставяцца да 3-га і 4-га класаў, да абсалютных рэкордаў яны не дасягнулі.

Фота NASA.