У Мінску следчыя стварылі крыміналістычную відэатэку, з дапамогай якой выяўляюць пратэстоўцаў

Іх называюць удзельнікамі «вулічнага тэрору» і заяўляюць, што з дапамогаю відэатэкі ўстаноўлены больш за 1400 яго ўдзельнікаў.

Начальнік упраўлення Следчага камітэту па Мінску Сяргей Паско кажа, што за апошнія паўгода затрыманы больш за 280 «удзельнікаў беспарадкаў», з якіх 238 выстаўленыя абвінавачанні і яны арыштаваныя.

Акрамя таго, суды, паводле пазоваў следчых, прызналі больш за 60 рэсурсаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, паведамляе БелТА.

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Дзмітрый Крывулька

Асуджаны на 1 год і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле праваабаронцаў, суддзя Аляксандр Аношка з Жыткавіцкага раённага суду прызнаў Крывульку вінаватым у абразе Лукашэнкі ў сацыяльных сетках.

Ігар Банцэр

Не выпусцілі пасля 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Раней праваабаронцы дазналіся, што на Банцэра, нібыта, складзена 15 адміністрацыйных пратаколаў. Пра тое паведаміў сукамернік Банцэра, які выйшаў на волю.

Банцэр ужо адседзеў 1 год і 6 месяцаў абмежавання волі ў калоніі адкрытага тыпу («хіміі») за хуліганства, бо ў верасні 2020 году станчыў без штаноў перад міліцэйскай машынай.

Падчас суду трымаў сухую галадоўку 16 дзён, на той момант гэта быў беларускі рэкорд.

Спыненая дзейнасць усіх незалежных прафсаюзаў у Беларусі

Вярхоўны суд ліквідаваў з ініцыятывы Генеральнага пракурора цягам тыдня пяць прафсаюзных арганізацыяў. Адпаведная заява была напраўленая ў суд напачатку чэрвеня.

Згодна з судовай пастановаю спыненая дзейнасць:

– Свабоднага прафсаюзу Беларускага;

– Свабоднага прафсаюзу металістаў;

– Беларускага незалежнага прафсаюзу гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў;

– Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці;

– Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў».

Першымі былі ліквідаваныя 13 ліпеня Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці і Беларускі незалежны прафсаюз. Лідары гэтых арганізацыяў утрымліваюцца пад вартай. 

У зняволенні трымаюць і актывістаў прафсаюзаў, лёс якіх вырашаўся на судовых пасяджэннях 14 і 18 ліпеня. Яны скончыліся пастановаю аб спыненні іх дзейнасці.

Паводле Генеральнага пракурора з 2020 году «дзейнасць асобных прафсаюзаў на тэрыторыі Беларусі набыла палітызаваны характар», а «замест выканання ўскладзеных функцыяў кіраўніцтва і чальцы гэтых арганізацыяў бралі ўдзел у дэструктыўнай дзейнасці, несанкцыянаваных мерапрыемствах, распаўсюджвалі інфармацыйную прадукцыю экстрэмісцкага зместу».