З суботы, 24 верасня чакаецца паляпшэнне надвор’я. Але можам застацца без “бабіна лета”.
Тэмпературы на працягу бліжэйшых 10 дзён, паводле дадзеных з розных метэакрыніц, падрастуць да +14 – +16°С, месцамі да +17 – +20°С.
Гэта звязана з пераменай напрамкаў вятроў на паўднёвыя.
Чакаецца пераменнавоблачнае, у некаторых месцах воблачнае з праясненнямі надвор’е з невялікімі дажджамі, слабымі па хуткасці вятрамі да 6 м/с, але ў асобныя дні хуткасць ветру можа павялічыцца да 15-17 м/с.
Восень – на дзень пагод восем.
Вялікая верагоднасць, што у нядзелю 25 верасня будзе яснае надвор’е, такое ж надвор’е прагназуецца і на 3 кастрычніка.
Верагодна, 2022 год стане незвычайным з прычыны адсутнасці класічнага “бабінага лета”.
Феналагічная – гэта значыць прыродная, а не каляндарная – восень у Магілёўскай вобласці звычайна пачынаецца з 23 верасня, калі сярэднясутачная тэмпература апускаецца ніжэй за 10°С, і працягваецца да 14 лістапада.
Восень у нашым рэгіёне даўжэйшая за вясну, але у 2,5 разы карацейшая за лета і зіму, якія цягнуцца па 52-54 дні.
Восень на Магілёўшчыне ў мінулым
Увосень 1832 года надвор’е было неспрыяльнае для азімых. Рана наступіла сцюжа, заўчасна выпалі снягі.
У 1889 г. на Магілёўшчыне восень была даволі дажджлівая, прыйшла ранняя і халодная зіма. Прапаў ураджай збожжавых і людзі змушаныя былі шукаць пражыткі ў суседніх губернях.
Халодныя лета і восень 1891 года выклікалі голад у губерніі.
Самы халодны верасень за увесь час назіранняў быў у 1894 годзе. У Горках зафіксавалі сярэднюю тэмпературу +7,5°С
У восень 1897 г. наступіла бяскорміца, “і ва ўспамінах устае грозны прывід галоднага 1891 г., і паніка авалодвае насельніцтвам” – пісалі на Магілёўшчыне.
Сёлетні верасень такі ж халодны, як у 1993, 1996, 1997, 2000 гадах.