“Смачная” пляцёнка стане канкурэнтам знакамітай кіраўскай смажанкі?

Хлебабулачны выраб – пляцёнка “Смачная” стала лаўрэатам “Прадэкспа-2022”.  

Кіраўскія кааператары ўзнагароджаны сярэбраным медалём і цяпер ганарацца не толькі сваімі смажанкамі.

Як паведаміла газета “Кiравец”, райспажыўтаварыства ўпершыню прыняло ўдзел у 28-м міжнародным дэгустацыйным конкурсе якасці харчовай прадукцыі «Прадэкспа-2022». Яны былі адзінымі прадстаўнікамі Магілёўшчыны, а іх пляцёнка “Смачная” уразіла вельмі патрабавальнае журы. 

Начальнік вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Святлана Васільева адзначыла, што пляцёнку “Смачную” выпякаюць ужо на працягу некалькіх гадоў. Штомесяц яе робяць больш за 7 тон. Не толькі кіраўчане, але і пакупнікі Бабруйска і Бабруйскага раёна, а таксама Гомельскай вобласці,  ацанілі па заслугах смакавыя якасці гэтага вырабу.  

Кіраўск ужо стаў сталіцай беларускай смажанкі, пра што пісалі Магілёў.media.

Магчыма, з часам пляцёнка будзе не менш вядомай і стане канкурэнтам знакамітых кіраўскіх смажанак.  

Фота: газета “Кіравец”