На мяжы Беларусі і ЕС утварыліся чэргі на 30 кіламетраў

Чэргі з грузавых і легкавых аўтамабіляў фіксуюцца на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі ЕС – піша “Віртуальны Брэст” са спасылкай на звесткі Дзяржпагранкамітэта.

Найменшай колькасцю машын у пунктах пропуску на мяжы з Беларуссю можа пахваліцца толькі латвійскі напрамак.

Паводле даных на 25 сакавіка на мяжы чакаюць магчымасці ўехаць на тэрыторыю ЕС больш як 1870 фур і іх колькасць толькі павялічваецца.

Больш за ўсё фур зараз знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы – больш за 1000 машын. Чарга з іх расцягнулася на 30 кіламетраў.

На мяжы Беларусі і Літвы сітуацыя ненашмат лепшая: больш за 390 вялікагрузаў знаходзяцца ў пункце пропуску “Каменны Лог”, больш за 330 машын у “Беняконях”, больш за 90 – у пункце “Прывалка” і больш чым па 20 вялікагрузаў чакаюць у чарзе на мяжы з Літвой у пунктах “Катлоўка” і “Відзы”.

На беларуска-латвійскай мяжы таксама ўтварылася невялікая чарга – больш за 20 фур знаходзяцца ў пункце “Урбаны”.

Чарга з легкавушак назіраецца як на мяжы з Польшчай, так і з Літвой. Паводле апошніх звестак Дзяржпагранкамітэта, у пункце пропуску “Брэст” на граніцы з Польшчай знаходзіцца больш як 130 легкавушак.

На літоўскім напрамку ў чарзе 200 машын, з іх больш за 50 чакаюць магчымасці выехаць з Беларусі ў Літву праз “Каменны Лог”, больш за 30 – праз “Прывалку” і па 40  у іншых пунктах. 

Нагадаем, што польскія ўлады ў аднабаковым парадку 10 лютага закрылі пункт пропуску “Баброўнікі”. У выніку на беларуска-польскай мяжы застаўся толькі адзін пункт пропуску для грузавога транспарту (“Кукурыкі” – “Казловічы”) і адзін для легкавога (“Цярэспаль” – “Брэст”).

Прэм’ер-міністр Р. Галоўчанка 17 лютага падпісаў пастанову, паводле якой польскім грузавікам можна ўязджаць на тэрыторыю рэспублікі толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Шлях праз Літву і Латвію ім зачынены.

Паралельна з гэтым Літва адмовілася далей выконваць дамоўленасці з Беларуссю аб бесперабойным пропуску аўтатранспарту. Таксама быў закрыты адзін пункт пропуску для грузавых цягнікоў на беларуска-літоўскай мяжы.

Літоўскія вайскоўцы адведзены ад беларускай мяжы

Літоўскія вайскоўцы перасталі ажыццяўляць сталую ахову мяжы з Беларуссю, хаця сітуацыя на беларуска-літоўскай мяжы яшчэ далёкая ад нармальнай. 

Як паведамляе канал Euronews, рашэнне аб адводзе вайскоўцаў ад мяжы было прынята ў сувязі з заключным этапам працы па пабудове памежнай агароджы і ўсталяваннем сістэм бяспекі. Гэты праект павінен быць цалкам рэалізаваны да канца года.

Тым не менш, літоўская пагранічная служба сцвярджае, што спробы перасякаць мяжу не спыняюцца. На днях літоўскі бок апублікаваў відэа, у якім гаворыцца, што беларускія памежныя ахоўнікі дапамагаюць нелегальным імігрантам пранікаць у Літву. Таму з вайскоўцаў створаны групы хуткага рэагавання для падтрымкі дзяржаўнай пагранічнай службы ў выпадку неабходнасці.

Рымантас Петраскас, намеснік кіраўніка літоўскай дзяржаўнай пагранічнай службы: 

– У гэтым годзе мы зафіксавалі каля 350 выпадкаў пашкоджанняў плота. Нядаўна мы заўважылі, што гэта адбываецца там, дзе няма сістэм відэаназірання. Часам так правяраецца рэакцыя нашых афіцэраў. Толькі ў адзінкавых выпадках бар’ер пашкоджаны там, дзе ёсць камеры назірання.

Нацыянальная гвардыя Літвы дапамагала памежным ахоўнікам патруляваць мяжу з Беларуссю пасля пачатку міграцыйнага крызісу мінулым летам. Са жніўня больш за 19 тысяч мігрантаў не пусцілі ў Літву. Але больш за 4000 чалавек у 2022 годзе незаконна прыбылі з Беларусі ў Літву. Літоўскі ўрад называе прыток мігрантаў гібрыднай атакай беларускага рэжыму.

Адвод літоўскіх вайскоўцаў ад мяжы сведчыць пра тое, што пабудова агароджы ў пэўным сэнсе стабілізавала сітуацыю з прытокам незаконных мігрантаў з Беларусі. Цяпер у большасці выпадкаў літоўскія памежнікі самі здольныя выконваць функцыю аховы мяжы. 

Літва не прапусціла ў Беларусь вагоны з расійскай ваеннай сімволікай

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы заявіла, што праваахоўнікі спынілі цягнікі, якія рухаліся з Калінінградскай вобласці праз Беларусь у Расію. Памежнікі выявілі, што на некаторых вагонах знаходзіцца сімволіка паветрана-дэсантных войскаў Расіі.

«У адным цягніку было тры вагоны, у іншым – два. Пустыя вагоны мусілі рухацца праз Літву транзітам у Беларусь. Памежнікі не дазволілі гэтага зрабіць» – гаворыцца ў паведамленні.

Літва распарадзілася адчапіць пяць вагонаў з вайсковай сімволікай і адправіць іх назад у Калінінградскую вобласць. Пасля гэтага цягнікі прапусцяць транзітам.

 

Недалёкае замежжа. Латвійскія пагранічнікі выявілі 38000 пачак кантрабандных цыгарэт з Беларусі

20 скрынак цыгарэт былі схавалі ў чатырох вагонах з чыгунам. Адшукалі не дэклараваны тавар з дапамогаю службовага сабакі.

i.imgur.com

«Кінолаг са службовым сабакам знайшоў у грузе чыгуну схаваныя тытунёвыя вырабы – 380 000 цыгарэт «Прэм’ер», NZ, «Мінск» і Queen з акцызнымі маркамі Рэспублікі Беларусь», – піша выданне «Наш горад».

Сума нявыплачаных дзяржаве падаткаў за канфіскаваныя цыгарэты складае каля 134.000 еўра. Матэрыялы, распачатай справы, перададзены ва Упраўленне падатковай і мытнай паліцыі службы дзяржаўных даходаў для прыняцця рашэнняў аб пачатку крымінальных працэсаў.

фота: gorod.lv

Сітуацыя на мяжы з Беларуссю абвастраецца. Літоўскае войска і паліцыю просяць умяшацца

На Літоўска-Беларускай мяжы фіксуецца вялікі наплыў нелегальных мігрантаў. 

Па словах кіраўніка Службы аховы дзяржграніцы Рустама Любаева, рост колькасці нелегалаў назіраецца ўжо некалькі тыдняў.

«Ужо быў устаноўлены рэкорд гэтага года – за дзень не ўпусцілі больш за 100 чалавек. Даўно такога не было. Цяпер фіксуем каля 60-70 спробаў незаконнага перасячэння мяжы», даводзіць Любаеў.

Пасля таго, як нелегалаў паболела служба аховы дзяржграніцы звярнулася па дапамогу да арміі і паліцыі, піша інфармацыйнае агенцтва «Delfi».

Рустам Любаев кажа, што ўсё больш выпадкаў нелегальнага пранікнення там, дзе адсутнічае загарода і сістэма абароны мяжы. Фіксуюцца выпадкі пашкоджання фізічнага бар’ера – гэта, паводле службоўцы, робяць мігранты і беларускія пагранічнікі.

«З пачатку гэтага года зафіксавана каля 100 выпадкаў пашкоджання фізічнага барʼеру, адзначае ён. У 70 працэнтах загароду ламаюць там, дзе няма сістэм відэаназірання.

фота з рэсурсу: delfi.lt