Жыхары Трылесіна ў Дрыбінскім раёне месяц без чыстай вады, і перспектывы туманныя

Прамыўка і прачыстка вадаправодных сетак не дапамагаюць, акрамя таго пачаліся яшчэ і разрывы ў сістэме водазабеспячэння. Праблему пітной вады ў аграгарадку  абмяркоўвалі на сустрэчы адміністрацыі раёна і прадстаўнікоў камунальных служб з жыхарамі Трылесіна, паведамляе dribin.by. 

Падчас размовы выявілася, што праблема з чыстай вадаправоднай вадой у аграгарадку пачалася яшчэ месяц таму, калі мясцовыя жыхары заўважылі значнае пагаршэнне яе якасці. Камунальнымі службамі былі прынятыя меры па прачыстцы водаправодных сетак, было праведзена іх прамыванне, але ўсё гэта аказалася не дзейсным. Вада сваю якасць не палепшыла, як паказалі лабараторныя даследаванні, якія на пастаяннай аснове ў аграгарадку праводзяць спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Акрамя гэтага, падчас прамывання труб пад ціскам на некаторых участках адбыліся парывы.

Камунальнікі вырашылі, што каб прыбраць праблему, звязаную з дрэннай якасцю вады, сістэму водазабеспячэння трэба закальцаваць. Работы над гэтым будуць весціся да пачатку лістапада. Начальнік Дрыбінскага ўчастка водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі філіяла «Магілёўскі водаканал» Сяргей Лукуцін выказаў меркаванне, што пасля гэтых работ якасць вады павінна палепшыцца, паколькі будзе забяспечаны добры рух вады ў вадаправоднай сетцы.

На час рамонтных работ у аграгарадку філіялам “Магілёўскага водаканала” арганізаваны падвоз пітной вады па шасці адрасах у розных кропках Трылесіна з 11:00 да 12:30 кожны дзень.