«Польскія» класы закрываюць згодна заканадаўству. У Магілёве іх таксама не будзе

Права пазабавіцца «польскіх» класаў даў уладам зменены Кодэкс аб адукацыі.

Міністэрства адукацыі не ўгледзела парушэння канстытуцыі ў закрыцці класаў, дзе школьнікі паглыблена вывучалі польскую мову. Яна ў Беларусі лічыцца моваю нацыянальнай меншасці, а атрыманне на ёй ведаў – канстытуцыйнае права грамадзяніна.

У 50 яе артыкуле гаворыцца, што дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

У петыцыі, якая была адрасаваная Міністэрству адукацыі 19 мая, яе аўтары звяртаюць увагу чыноўнікаў, што заняткі па-польску збіраюцца абмежаваць вывучэннем мовы і літаратуры адным урокам на тыдзень. Астатнія дысцыпліны будуць выкладацца па-расійску.

У петыцыі, якую падпісалі 106 чалавек, адзначаецца: новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі ўшчамляе правы нацыянальных меншасцяў на атрыманне адукацыі на роднай мове.

На падпраўлены Кодэкс аб адукацыі, спасылаецца начальнік упраўлення агульнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Марыя Кіндзірэнка. Яе подпіс стаіць пад адказам на петыцыю. Паводле службоўкі ў 82 артыкуле Кодэксу вызначаныя мовы навучання ў Беларусі, а таксама прадугледжаныя магчымасці вывучэння мовы і літаратуры нацыянальных меншасцяў ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі.

«Такім чынам, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вывучэнне мовы нацыянальнага меншасці, рэгламентавана», – настойваюць у Міністэрстве адукацыі.

«Польскія» класы закрываюць у Магілёве, Брэсце, Гродно і Ваўкавыску.

 

Праваслаўнае духавенства возьмецца вучыць студэнтаў сельгасакадэміі патрыятызму

Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія наладзіла супрацоўніцтва з Магілёўскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Дамова аб тым падпісаныя 2 чэрвеня.

Бакі, гаворыцца ў ёй, будуць выкарыстоўваць патэнцыял традыцыяў і каштоўнасцяў беларускага народу дзеля духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання моладзі, гаворыцца на партале Беларускай праваслаўнай царквы.

Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва праваслаўнага духавенства і адміністрацыя навучальнай установы лічаць выхаванне, культурную і творчую дзейнасць, а таксама захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны ды сацыяльную працу.

У 1985 годзе акадэмію ў Горках скончыў Аляксандр Лукашэнка. Вучыўся ён на эканамічным факультэце.

На сайце навучальнай установы яго біяграфія размешчаная ў раздзеле выбітныя выпускнікі.

У акадэміі вучацца больш за 10 тысяч студэнтаў. На сайце навучальнай установы гаворыцца, што яе навучэнцамі з’яўляюцца грамадзяне з 20 краінаў. Сярод іх пераважаюць краіны Афрыкі. Згадваецца Ізраіль, Расія, Украіна ды Грузія. Усяго ў акадэміі 425 студэнтаў з-за мяжы.

фота: baa.by