Аператыўнікі наркакантролю затрымалі 18-гадовага жыхара Круглянскага раёна, які набыў і захоўваў альфа-PVP – паведамляе прэс-служба МУС.
Праз пару дзён быў затрыманы яго “калега” – 16-гадовы жыхар Магілёўскага раёна. У 10-класніка знойдзена і канфіскавана амаль 100 г асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС.
Хлопцы менш за месяц прапрацавалі закладчыкамі на адзін і той жа віртуальны наркашоп, распаўсюджваючы “тавар” на тэрыторыі Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Да моманту затрымання частку псіхатропаў яны паспелі раскласці па тайніках.
Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.
Магілёўская пракуратура перадала ў суд справу трох жыхароў Гомеля, якія працавалі карнікамі наркамаркета, што распаўсюджваў псіхатропы ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Тры жыхары Гомеля ўваходзілі ў арганізаваную групоўку з 14 чалавек, якая працавала на наркамаркет. “Спорцікі” павінны былі збіваць і палохаць закладчыкаў, якія правініліся – забралі сабе псіхатропы, якія павінны былі пакінуць у тайніках.
Пацярпелым ад іх рук у канцы сакавіка 2022 года стаў 18-гадовы бабруйчанін. Хлопец прысвоіў партыю забароненага рэчыва, якое прызначалася для збыту. Яго падпільнавалі ў бязлюдным месцы, збілі і абражалі, патрабуючы выбачэнняў за правіну. Усё гэта здымалі на відэа для распаўсюджвання і запалохвання іншых работнікаў наркамаркета.
Разам з іншымі 11 членамі групоўкі “спорцікаў”, у адносінах да трох жыхароў Гомеля разглядаюцца іншыя іх злачынствы, здзейсненыя ў Гомельскай вобласці – паведамляе БелТА.
У Мінску былі затрыманыя двое мужчын 27 і 38 гадоў, якія працавалі на наркамаркет, караючы кур’ераў, што правініліся.
Устаноўлена, што яны збівалі закладчыкаў рукамі, нагамі, бітамі, дубінкамі і іншымі сродкамі, а таксама распылялі ім пярцовы газ у твар і ўжывалі электрашокер. Запалохваючы траўматычным пісталетам, прымушалі кур’ераў, якія правініліся, стоячы на каленях пад запіс на тэлефон прасіць прабачэння перад кіраўніком інтэрнэт-крамы.
Гэтыя запісы потым выкарыстоўваліся кіраўніцтвам наркамаркета для падтрымання дысцыпліны ў групоўцы. Сярод пакаранняў, якія на замову кіраўніцтва выканалі “спорцікі” – адрэзаны палец адной дзяўчыне-закладчыцы.
Як гэта адбылося – распавялі ў Следчым камітэце. Увечары 22 чэрвеня мінулага года паступіла паведамленне аб збіцці 25-гадовага хлопца і 29-гадовай дзяўчыны. Пацярпелыя растлумачылі ў міліцыі, што ў даркнэце яны набылі псіхатропнае рэчыва альфа-PVP і, атрымаўшы каардынаты, накіраваліся забіраць тавар. Прыбыўшы на месца пары выявіла пустую схованку. Праз некалькі хвілін да іх падышлі двое невядомыя са зброяй. Нападнікі жорстка збілі мінчан нагамі і металічнай бітай, а пасля адрэзалі дзяўчыне фалангу пальца рукі.
Як высветлілася, пацярпелая жанчына працавала закладчыцай на буйную інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў. Размяшчаючы закладкі, дзяўчына не выканала пастаўленыя куратарам задачы, за што ён вырашыў яе пакараць. У той дзень мінчанка накіроўвалася за чарговай партыяй наркотыкаў, а свайго хлопца папрасіла яе падвезці. У выніку ў пастцы “калектараў” апынуліся адразу абодва.
Карнікамі наркамаркета выступілі тыя самыя 27-мі і 38-мі гадовыя мужчыны. Як правіла, куратар інтэрнэт-крамы паведамляў ім дадзеныя кур’ераў, іх каардынаты і агаворваў пажаданы спосаб расправы. «Спорцікі» чакалі сваіх ахвяр у зацішных месцах, каб на крыкі аб дапамозе ніхто не прыйшоў.
Свае здзекі яны здымалі на камеры мабільных тэлефонаў і ў якасці справаздачы адпраўлялі кіраўніцтву маркета, за што атрымлівалі ганарар па ўсталяваным прайсе. Напрыклад, за адрэзаны палец дзяўчыны ім належала 700 долараў ЗША.
Усяго на рахунку фігурантаў 4 падобныя «замовы». Пацярпелымі па крымінальнай справе прызнана 4 грамадзян ва ўзросце ад 25 да 30 гадоў. Нярэдка пасля расправы агрэсары выкрадалі мабільныя тэлефоны, ключы ад аўтамабіляў і іншую маёмасць.
Малодшы са “спорцікаў” быў раней судзімы за хуліганства, крадзяжы і ўхіленне ад адбывання пакарання, а старэйшы – за збыт наркотыкаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі і неаднаразовую язду без права кіравання. Жылі яны за кошт выпадковых заробкаў на розных будаўнічых аб’ектах.
Зараз абодвум прад’яўлена абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса.
У Магілёўскім раёне затрыманы 28-гадовы магілёвец і 38-гадовы жыхар Мінскага раёна, якія на працягу месяца супрацоўнічалі з наркамаркетам – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама. Буйныя закладкі мужчыны пакідалі ў тайніках для кур’ераў.
Супрацоўнікамі наркакантролю Магілёўскай і Віцебскай абласцей у лясным масіве недалёка ад Магілёва былі знойдзены і канфіскаваны пакеты з парашком агульнай вагой 5 126 грам.
Па выніках экспертызы, дадзенае рэчыва з’яўляецца асабліва небяспечным псіхатропам альфа-PVP.
Падазроныя затрыманы. У дачыненні да іх следчымі распачаты дзве крымінальныя справы.