Дзіцячы трэнер і тыктокерша з Магілёва з нікам olchik4713 паказала відэа з сельскагаспадарчага поля ў вёсцы Александрыя Шклоўскага раёна. Тут маладыя хлопцы і дзяўчаты збіралі цыбулю і натыкнуліся на мінамётную міну, верагодна, часоў Другой Сусветнай вайны. Ролік са знаходкай набраў ужо больш за 342 тысячы праглядаў і працягвае вірусіцца пад дасціпныя каментарыі карыстальнікаў соцсеткі.
Аўтар відэа – трэнер дзіцячай спартыўнай школы, родам з Магілёва. У Шклове яна праходзіць абавязковае размеркаванне. Чаму яна апынулася на полі і збірае цыбулю, дзяўчына адказала проста: “Няма каму збіраць”. Відавочна, што разам з іншымі маладымі трэнерамі яе прыцягнулі да ўборкі ўраджаю на полі мясцовага сельгаспрадпрыемства.
Каментатары роліка адзначылі стрыманасць хлопцаў на відэа – “І ўсім так усё роўна, далей збіраюць”. “Міна без узрывальніка, бяспечна” – каментуе іншы.
Мінамётная міна дыяметрам 88 міліметраў з часоў Другой Сусветнай вайны была знойдзена гаспадаром аднаго з дамоў па вуліцы Заслонава ў Бялынічах. На працягу некалькіх гадзін сапёрна-піратэхнічная група з ваеннай часткі №6713 абясшкодзілі боепрыпас – піша “Зара над Друццю”.
На вучэбнай пляцоўцы палігона “Асіповіцкі” з 20 сакавіка па 31 снежня 2023 г., у тым ліку ў начны час у выхадныя і святочныя дні, будуць праводзіцца баявыя стрэльбы падраздзяленняў узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, што ўсхвалявала мясцовых жыхароў.
Стрэльбы на палігоне праводзяцца як днём, так і ўначы. Пасля стрэльбаў заўжды застаюцца неспрацаваўшыя выбуховыя прадметы. Да таго ж, часам ракеты і снарады мяняюць траекторыю або ў выніку памылак вылятаюць за межы палігона. Таму, несанкцыянаванае пранікненне на тэрыторыю палігона ў гэты перыяд можа стаць смяротным, папярэджвае сайт газеты “Асіповіцкі край”.
Тэрыторыя трэніровачнай пляцоўкі Асіповіцкага палігона – гэта небяспечная зона. На ёй могуць знаходзіцца выбуховыя элементы ракет і боепрыпасаў. Наведванне палігона для збору грыбоў, ягад, лекавых раслін, металалому ці ў іншых мэтах можа ператварыцца ў трагедыю.
Пры знаходцы падазроных аб’ектаў забаронена дакранацца да выяўленых выбуховых прадметаў: снарадаў, мін, гранат, бомбаў, дэтанатараў і іншых прадметаў. У выпадку выяўлення любога аб’екта, нават знешне падобнага на выбуховы, трэба абгарадзіць месца яго знаходжання і ўсталяваць прыкметныя знакі з адпаведнымі надпісамі, якія папярэджваюць пра небяспеку: напрыклад, “Небяспечна, міна!” альбо “Не дакранацца, гэта небяспечна!” Затым трэба неадкладна паведаміць пра знаходку выбуховага аб’екту ў вайсковую частку 12147 альбо супрацоўнікам Міністэрства ўнутраных спраў.
Улады нагадваюць, што артыкул 295 Крымінальнага кодэкса краіны за незаконныя дзеянні з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі прадугледжвае адказнасць – ад папраўчых прац да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле падлікаў гарадскіх улад, страты Мікалаева ад расійскай агрэсіі складаюць 852 мільёны еўра. Спадарожнікавыя здымкі пацвярджаюць шкоду на 220 мільёнаў, але ёсць пэўная колькасць аб’ектаў, якія немагчыма ацаніць па спадарожнікавых здымках. Найбольшую шкоду панёс жыллёвы фонд – пашкоджана 360 000 квадратных метраў жылля на агульную суму амаль 400 мільёнаў еўра (амаль палова ўсіх страт).
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці.
Але фінальныя лічбы страт будуць ясныя толькі пасля падрыхтоўкі праекта аднаўлення горада.
У Мікалаеве ідэнтыфікаваны 43% пашкоджаных збудаванняў, зафіксаваны пашкоджанні больш за 87 000 аб’ектаў. Для гэтага выкарыстоўваліся і паведамленні мясцовых улад, і спадарожнікавыя здымкі, і іншыя тэхналогіі, каб верыфікаваць пашкоджанні. Мэр Аляксандр Сянкевіч дадаў, што ў ідэнтыфікацыі пашкоджанняў, месцаў траплення расійскіх ракет вельмі дапамаглі відэакамеры, устаноўленыя ў рамках праекта “Бяспечны горад”.
На тэрыторыі вобласці праводзяцца падлікі страт. Можна канстатаваць, што ёсць асобныя населеныя пункты, якія поўнасцю знішчыны расійскімі акупантамі. Да такіх адносіцца, напрыклад, сяло Партызанскае (на фотаздымку).
16 снежня працягнуліся ракетныя абстрэлы рускімі акупантамі, у выніку чаго ў Мікалаеве часткова перасталі працаваць тралейбусы, трамваі, прыпынілі працу кацельні «Мікалаеваблэплаэнерга» – паведамляюць у “Мікалаеўэлектратранс” і энергетыкі.
Нагадаем, што тэмпература паветра ў гэтыя дні тут ад 0 да +8С, месцамі па вобласці ляжыць снег.
У дэакупаванай Снігіроўцы пад Мікалаевым працягваюць знаходзіць небяспечныя прадметы, пакінутыя расейскімі акупантамі, паведамляюць выратавальнікі. “У заплечніку знойдзена супрацьпяхотная міна ПМН-2 у баявым стане. “Невядома, колькі б гэта прынесла гора, калі б не нашы адважныя выбухоўцы, якія знішчылі яго на месцы» – распавялі яны.
Тым часам, у складскім памяшканні побач са Снігіроўкай супрацоўнікі контрвыведкі СБУ выявілі чарговы склад расійскіх боепрыпасаў, паведамляе «Сніг».
З пачаткам 2023 года ў Мікалаеве будзе прынята рашэнне па аднаўленню навучання ў школах. «Пасля Новага года абмяркуем» – кажа кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.
У сувязі з тым, што лінія фронту была адсунутая і Херсон быў вызвалены, у Мікалаеў і вобласць пачалі вяртацца людзі, у тым ліку і дзеці. Таму ўжо ставіцца пытанне аб аднаўленні афлайн-навучання.
У Мікалаеўскай вобласці сталі вядомы тэрміны зімовыя школьных канікул. Плануецца іх пачаць 24-25 снежня і завяршыць 8 студзеня. Аднак у некаторых населеных пунктах канікулы пачнуцца 29-31 снежня, таму скончацца пазней. Таксама адпачынак можна падоўжыць, калі будуць перабоі з электрычнасцю і інтэрнэтам.
У Тэлеграм з’явіліся фота з коштамі на штучныя елкі у гандлёвых кропках Мікалаева: ад 7300 да 16 900 грывен. Каментатары сцвярджаюць: дорага! На сёння курс 1 беларускі рубель – 13,29 грыўны, што азначае, што елкі прапаноўвацца па 549-1270 беларускіх рублёў.
Для параўнання ў сетцы беларускіх крам “ОМА” штучныя елкі можна набыць ад 14 да 454 рублёў, а на елачных кірмашах жывую елку за 7,8 – 212,7 беларускіх рублёў.
Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.
31 мая 2022 году мэр украінскага гораду заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай.
Магілёў. media працягвае сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян.
Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».