БРУ плануе дапамагаць Расіі весці вайну супраць Украіны

Магілёўскі Беларуска-Расійскі ўніверсітэт (БРУ) падпісаў мемарандум аб супрацоўніцтве з расійскай кампаніяй, якая пастаўляе абсталяванне для падрыхтоўкі вайскоўцаў.

Гаворка ідзе пра ТАА «Віртуальныя трэнажорныя сістэмы ЭРА» з Таганрога, якое ўваходзіць у групу ПСБ — ключавога банка, што абслугоўвае дзяржаўны абаронны заказ Расіі, піша Mayday.

Расійская фірма спецыялізуецца на вытворчасці трэнажораў для навучання салдат кіраванню беспілотнікамі. Такія віртуальныя комплексы дазваляюць рыхтаваць аператараў без выкарыстання дарагога абсталявання і вялікіх палігонаў. Як падкрэслівае кампанія, трэнажоры можна ўсталёўваць проста ў казармах.

Акрамя падрыхтоўкі аператараў дронаў, фірма распрацоўвае 3D-трэнажоры для навучання рамонту і абслугоўванню бранятэхнікі — па заказу Галоўнага аўтабранятанкавага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ. Паводле слоў ІТ-дырэктара кампаніі Вячаслава Цімашова, такія трэнажоры ўжо выкарыстоўваюцца ў вучэбных падраздзяленнях Паветрана-дэсантных войскаў, ваенных акадэміях і на акупаваных тэрыторыях, у тым ліку ў Данецку, для падрыхтоўкі байцоў да так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Цяпер «ЭРА» і БРУ плануюць разам рыхтаваць спецыялістаў па беспілотных лятальных апаратах, абменьвацца вопытам у распрацоўцы вайсковых сімулятараў, а таксама запускаць сумесныя навукова-тэхнічныя праекты. У дамове асобна прадугледжана стварэнне сумесных лабараторый і стажыроўкі студэнтаў БРУ на базе расійскага прадпрыемства.

Такое супрацоўніцтва фактычна ўцягвае магілёўскую ВНУ ў інфраструктуру расійскай ваеннай машыны і падрыхтоўку кадраў, якія могуць выкарыстоўвацца для вайны супраць Украіны. Пакуль адміністрацыя БРУ афіцыйна не каментавала новы мемарандум.

Фота: bru.by