Старшыня рады дырэктараў «ЛУКОЙЛа» выпаў з акна маскоўскай лякарні і ад траўмаў памёр. Дапускаецца самагубства

67-гадовы Равіль Маганаў лячыўся на шостым паверсе Цэнтральнай клінічнай больніцы ў Маскве. Цела бізнэсоўца было знойдзена на тэрыторыі лякарні. Што стала прычынай падзення – высвятляюць следчыя.

Інфармацыйнае агенцтва «РИО «Новости», спасылаючыся на крыніцы ў праваахоўных органах піша, што бізнесовец, хутчэй за ўсё, скончыў жыццё самагубствам.

Загадкавая смерць Равіля Маганава папоўніла чараду падобных здарэнняў з буйнымі расійскімі менеджарамі.

Равіль Маганаў пачаў працу ў структурах «Лукойла» у 1993 годзе. Тады ён заняў пасаду віцэ-прэзідэнта кампаніі па нафтаздабычы. З чэрвеня 2020 года ўзначальваў раду дырэктараў.

«Лукойл» – адна з найбуйнейшых расійскіх нафтавых кампаній, другая па аб’ёмах нафтаздабычы ў Расіі.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну на афіцыйным сайце «Лукойла», галоўным акцыянерам якога зʼяўляецца расійскі алігарх Вагіт Алекпераў, быў апублікаваны прэс-рэліз, у якім савет дырэктараў заклікаў да «як мага хутчэйшага спыненьня ўзброенага канфлікту» ва Украіне. Кіраўніцтва кампаніі выступала за вырашэнне сітуацыі шляхам перамоў.

«Лукойл» знаходзіцца пад сектаральнымі санкцыямі ЗША са студзеня. Гэтая расійская кампанія таксама ў санкцыйных спісах Рады нацыянальнай бяспекі Украіны.

фота: ria.ru