Новая атака на Крымскі мост – што вядома

17 ліпеня каля трэцяй гадзіны ночы адбыўся новы выбух на Крымскім мосце. За тыдзень да гэтага расійскае Міністэрства абароны абвяшчала, што армія Украіны спрабавала атакаваць мост ракетамі С-200. Спікер Галоўнага упраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў адмовіўся каментаваць падзеі, што адбыліся на мосце, абмежаваўшыся напамінам, што “Крымскі мост – гэта канструкцыя залішняя”.  

Украінскія СМІ са спасылкай на свае крыніцы ў ваенных ведамствах заявілі, што атака была здзейснена Службай бяспекі Украіны сумесна з Ваенна-марскімі сіламі. 

У выніку выбуху адзін пашкоджаны пралёт Крымскага моста асеў на 50 см (у бок Керчы), іншы пралёт (у бок Тамані) разбураны. Таксама ад выбуху пацярпела сям’я з Белгарадскай вобласці – маці і бацька загінулі на месцы, раненні атрымала іх 14-гадовая дачка. Загінуўшыя – сямейная пара Кулік з Новага Аскола: 40-гадовы Аляксей і 36-гадовая Наталля.

Паводле асноўнай версіі, якую агучваюць расійскія СІМ, Крымскі мост атрымаў пашкоджанні з-за атакі украінскіх надводных беспілотнікаў. На падставе фота- і відэаматэрыялаў, заяўляецца, што выбух сапраўды адбыўся пад мастом, з-за чаго канструкцыю падкінула на апоры.

Некаторыя расійскія блогеры сцвярджаюць, што атака надводнымі беспілотнікамі ажыццяўлялася з боку Азоўскага мора.

Фота: Unian

“Крымский мост на біс!” – украінская пошта імгненна адрэагавала на выбухі на Крымскім мосце і пачала падпіску на новую марку

Украінская дзяржаўная кампанія “Укрпошта” вырашыла выпусціць новую марку, на якой будзе намаляваны Керчанскі мост.  Нагодай сталі выбух і пажар на мосце 8 кастрычніка, калі два пралёты аўтамабільнага моста абрынуліся ў ваду. Ужо аб’вешчана пра адкрыццё папярэдніх замоваў на паштовы выпуск.

Аказваецца, рыхтаваў марку мастак Юры Шапавалаў даўно. На марцы ёсць і пральная машынка, і варожая тэхніка, і кайданкі, якія Крым раздзірае з Расіяй. Чакалі толькі зручнага выпадку, каб абвясціць пра выпуск маркі. Выбух на мосце паскорыў падрыхтоўку да выпуску маркі. Кошт маркі складзе 18 грыўняў за штуку. Планавы наклад – 7 мільёнаў, паведамляюць украінскія рэсурсы. 

На марцы намаляваны:

  • недакурак у руках у гераіні, які намякае на тое, што ў апошні час акупанты пакутуюць ад курэння ў забароненых месцах;
  • аўтамабіль акупантаў, які ляціць у бездань, губляючы нарабаванае;
  • Bayraktar, які “неспадзявана” пралятае над мостам;
  • разбіты варожы танк.

Падрыхтавалі таксама паштоўку, на якой намаляваны “бавоўна” і разарваныя кайданкі на месцы Крымскага маста, якія раней прыкоўвалі Крым да Расіі.

Нагадаем, што культавай і самай папулярнай у свеце стала марка “Укрпошты” «Русскій воєнний корабль, іді …!», якую выпусцілі ўвесну гэтага года. 

Таксама украінскі банк monobank выпусціць новыя карткі ў кашальках Apple/Google Paу з выявай узарванага маста. Фота выставіў на сваёй старонцы ў Facebook сузаснавальнік банка Алег Гарахоўскі.

Горкі гумар і сарказм дапамагае ўкраінцаў перажыць цяжкія месяцы выпрабаванняў. 

Крымскі мост узарваны, рух па ім цалкам спынены

Быў падарваны грузавы аўтамабіль. Першапачаткова афіцыйныя крыніцы заяўлялі пра пажар чыгуначных цыстэрн.

“Крымская чыгунка” заявіла, што 8 кастрычніка ў 06:05 на Крымскім мосце ў Керчанскім праліве адбыўся пажар. 

– Адбылося ўзгаранне паліўнай цыстэрны ў хвасце грузавога цягніка. Лакаматыў з часткай вагонаў выведзены на станцыю Керч. – паведаміў тэлеканал Крым24. 

Іншыя крыніцы, у тым ліку расійскія інфармацыйныя Тэлеграм-каналы і крымскі інфармацыйны партал kerch.fm паведамляюць пра выбух на мосце – са словаў відавочцаў. 

На фота, размешчаных у тым ліку на афіцыйным акаўнце “Крымскай чыгункі” ў соцстцы ВКонтакце бачна, што значная частка пралётаў аўтамабільнага адгалінавання маста абрынутыя. 

“Рух па Крымскім мосце цалкам закрыты, рыхтуецца запуск паромнай пераправы праз праліў” – гаворыцца ў паведамленні “Крымскай чыгункі”.

Украінскі бок афіцыйна яшчэ ніяк не каментаваў падзею. Папярэдне, пацярпелых у выніку інцыдэнта няма – гаворыцца ў паведамленнях крымскіх інфармацыйных агенцтваў.

“РИА-новости” паведамляе, што паводле заявы Нацыянальнага антытэрарыстычнага камітэта на Крымскім мосце быў падарваны грузавы аўтамабіль. У выніку выбуху былі часткова абрушаны два аўтамабільныя пралёты пераправы. Верагодна, у выніку падрыва аўтамабіля адбыўся пажар на чыгуначным адгалінаванні маста, па якім адначасова праяжджаў цягнік з паліўнымі цыстэрнамі.

Таксама з’явілася відэа, на якім бачны падрыў грузавіка падчас руху па Крымскім мосце.