Слаўгарадцы ў роспачы, абласныя дажынкі пераносяць ужо другі раз

Гэта звязваюць з прызначэннем новага старшыні райвыканкама

Па раёну паўзуць самыя неверагоднія чуткі з прычыны невызначанасці даты абласных дажынак. Жыхары раёна павінны былі ў гэтыя выхадныя прыйсці на доўгачаканае свята, але яго чамусьці перанеслі на наступныя выхадныя. Калі свята яшчэ раз перанеслі на нявызначаную дату ўсім стала не да жартаў. 

“Не, ну сапраўды – дзеляцца сваімі перажываннямі з Магілёў.media мясцовыя – асфальт і плітка дзе трэба і не трэба пакладзеныя. Бальніца адрамантавана. Сцэнар гатовы і даўно адрэпетаваны. Што робіцца? Чаму свята пераносяць?” 

Гэтыя пераносы нарадзілі шматлікія і самыя неверагоднія чуткі. 

Напачатку грашылі на дажджы і чаканне добрага надвор’я. Потым сталі казаць, што хтосьці не па рангу скраў на будаўнічых работах. Затым здагадаліся, што “павінен прыехаць адзін чэл з Мінску, але ніяк не збярэцца”.

І тут з учорашняга дня ў раёне прызначалі новага главу вертыкалі – Андрэя Кажамякіна.

Змена кіраўніцтва раёна толькі падліла масла ў агонь чутак. Цяпер усе ўпэўнены, што “былое кіраўніцтва штосьці намуціла пры падрыхтоўцы да дажынак”. Большасць разважанняў зноў далей думак пра карупцыю не ідзе.  

Трэба супакоіць слаўгарадцаў. Спецыяльнай задачы выкаранення карупцыі на Слаўгарадчыне новы старшыня не атрымаў. Перад ім пастаўлена задача ажыццяўлення аднаго праекта ў год. Цяпер кожны раён Беларусі павінен стварыць адно “новае перспектыўнае добрае прадпрыемства і да 100 працоўных месцаў”, прадукцыю якога можна прадаць на знешніх і на ўнутраным рынках.