У Магілёве царкоўнае свята Стрэчання дзеці святкавалі з аўтаматамі

У Магілёве праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб “Перасвет” правёў ваенізаваныя “Гонкі патрулёў” на рэлігійнае свята Стрэчання Гасподняга.

Гонкі на лыжах з аўтаматамі прайшлі 15 лютага 2026 года і на іх былі запрошаны дзеці ва ўзросце ад 11 да 17 гадоў. 

Тры агнявыя рубяжы на лыжах – стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, страйкбольнага аўтамата, пнеўматычнага пісталета – каманды праходзілі ў касках, разгрузачных камізэльках і з муляжамі аўтамата Калашнікава. А сачыў за імі кіраўнік “Перасвета” протаіерэй Сяргей Лабада, які вальяжна ездзіў на снегаходзе. 

Заадно ён для ідэалагічнай правільнасці адначасова прысвяціў спаборніцтвы гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана і Дню абаронцы Айчыны, змяшаўшы рэлігійныя, ваенныя і свецкія даты.

Як сведчыць Mayday, Праваслаўны клуб “Перасвет” даўно ператварыўся ў інструмент ваеншчыны з прарасейскай дактрынай і ўжо не мае практычна ніякай сувязі з рэлігіяй.

Фотаздымак: Mayday